2211

Газету “Вечерний Могилёв” будуць судзіць за экстрэмізм

01.07.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Прадстаўнікі газеты напісалі ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, што ім 28 чэрвеня прыйшоў ліст з суда Ленінскага раёна Магілёва, у якім гаворыцца, што часова выконваючы абавязкі начальніка Ленінскага РАУС Яўген Любінін папрасіў прызнаць два матэрыялы газеты “Вечерний Могилёв” экстрэмісцкімі.

Допіс суправаджаецца ілюстрацыяй у стылі выдання.

Раней, 25 чэрвеня 2019 года, рэдакцыя газеты атрымала экспертнае заключэнне камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму (ад 5 красавіка 2019 года №174).

Паводле дадзенага заключэння за подпісам першага намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Паўла Лёгкага, два артыкулы, апублікаваныя ў газеце “Вечерний Могилёв” і на сайце ў 2015–2016 гадах пад назвай “У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў?” і “Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны” прызнаныя экстрэмісцкімі.

Рэдакцыя выдання лічыць, што стала ахвярай барацьбы з "ідэалогіяй садаміі":

"Цягам шэрагу апошніх гадоў рэдакцыя газеты "Вечерний Могилёв" адстойвала хрысціянскія каштоўнасці, аказваючы інфармацыйнае супрацьдзеянне ідэалогіі садаміі, якая абрынулася на беларускую зямлю. На жаль, барацьба апынулася няроўнай. У прыхільнікаў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі апынуліся магутныя заступнікі ва ўладных структурах".

Рэдакцыя “Вечернего Могилёва” просіць сваіх чытачоў аказаць ёй дапамогу для аплаты штрафу:

“Разумеючы бесперспектыўнасць судовых разглядаў ва ўмовах палітычнай замовы, якая паступіла з боку “блакітнага лобі”, мы просім усіх тых, каму неабыякавы лёс газеты "Вечерний Могилёв", якая разам з праваслаўнай царквой, вернікамі іншых канфесій, ды і проста маральна здаровымі грамадзянамі нашай краіны спрабуе не дапусціць ператварэнне Беларусі ў Садому і Гамору, аказаць спонсарскую дапамогу для выплаты адміністрацыйнага штрафу, які будзе накладзены на нашае выданне па арт. 17.11 КаАП”, – гаворыцца ў заяве рэдакцыі.

Паводле “Магілёўскай вясны”, разгляд справы аб экстрэмісцкіх матэрыялах у газеце "Вечерний Могилёв" прызначаны на 8 ліпеня ў 15:30. Весці працэс будзе суддзя Аляксандр Бушкевіч.

Газета "Вячэрні Магілёў" неаднаразова трапляла ў скандалы ў сувязі са сваімі публікацыямі, скіраванымі супраць прадстаўнікоў ЛГБТ.

"Вечерний Могилёв" выдаецца з 1992 года, газета выходзіць два разы на тыдзень. Галоўны рэдактар выдання — Надзея Леўчанка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!