• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Варшаве затрымалі двух ІТ-спецыялістаў, якія раней абслугоўвалі «Белсат»

    1 верасня а 6‑й гадзіне раніцы супрацоўнікі CBA (Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро Польшчы) затрымалі двух ІТ-спецыялістаў, якія раней супрацоўнічалі з «Белсатам», паведаміла ў Face­book былая дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўска-Гузы.

    Агнешка Рамашэўска-Гузы

    Агнешка Рамашэўска-Гузы падчас прэзентацыі кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў». Скрын відэа

    Паводле яе допісу, аднаго з затрыманых завуць Шыман Пуач.

    Рамашэўска-Гузы нагадвае, што два гады таму ліквідатар кампаніі TVP (Польскае тэлебачанне), у складзе якой працаваў «Белсат», Даніэль Горгаш падаў заяву ў пракуратуру. Ён абвінаваціў кіраўніцтва тэлеканала ў фінансавых злоўжываннях. Як тлумачыць Рамашэўска-Гузы, гаворка ішла пра нібыта аказанне фіктыўных ІТ-паслуг на 5 мільёнаў злотых (каля 1 млн 400 тыс. долараў).

    Раней фігуравала сума ў амаль 7 мільёнаў злотых (каля 1 млн 770 тыс. долараў).

    20 лістапада 2024 года супрацоўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро прыходзілі з ператрусам у будынак Польскага грамадскага вяшчання (TVP), як паведамляла Gaze­ta Wybor­cza, следчыя дзеянні праводзіліся ў межах «расследавання злоўжыванняў» на тэлеканале «Белсат».

    Аўдытары сцвярджалі, што кіраўніцтва «Белсата» заключала дамовы на IT-паслугі ў абыход тэндарных працэдур і без аналізу рынку. Паводле іх слоў, кантракты атрымлівалі кампаніі, якія не мелі адпаведнага вопыту. На іх думку, таксама ёсць падазрэнні, што гэтыя кампаніі ствараліся адмыслова пад канкрэтныя замовы.

    Праверка нібыта таксама паказала, што было дубляванне паслуг. Напрыклад, паводле аўдытараў, знешняя кампанія атрымлівала грошы за архіваванне матэрыялаў, размешчаных на Youtube, у той час як архіваванне рэгулярна выконвалася на цвёрдых дысках TVP.

    Справаздачу ліквідатара TVP Даніэля Горгаша накіравалі ў акруговую пракуратуру ў Варшаве.

    У межах справы ўжо было апытана шмат людзей, у тым ліку і сама Рамашэўска-Гузы. Яна сцвярджае, што ІТ-спецыяліст Шыман Пуач быў увесь час даступны і сам хацеў даць паказанні, і падкрэслівае, што яго можна было знайсці і без затрымання дома а 6‑й гадзіне раніцы.

    Агнешка Рамашэўская-Гузы, сузаснавальніца і першая дырэктарка «Белсата», якая ўзначальвала канал да сакавіка 2024 года, абуралася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэнні ў злоўжыванні. Яна патрабавала спыніць паклёп і публікацыі пра меркаваныя злачынствы, якія без судовай праверкі вінавацяць яе ў раскраданні сродкаў «Белсата».

    Медыяменеджарка заяўляла, што кантракты і замовы былі аплачаныя «адпаведна працэдурам, якія ўжываюцца ў TVP, а рашэнні звычайна таксама перадаваліся праз іншыя падраздзяленні кампаніі», і што сродкі на IT-паслугі не ўтойваліся, а былі абвешчаныя ў бюджэце канала, зацверджаныя праз Бюро кантролю і рэструктурызацыі і пазначаныя ў гадавых справаздачах Міністэрству замежных справаў. Акрамя таго, Рамашэўская-Гузы нагадвала пра хакерскія атакі на IT-інфраструктуру «Белсата»: сістэмы і сайты тэлеканала кіберзлачынцам зламаць не ўдалося, збудаваныя для «Белсата» сістэмы аказаліся надзвычай трывалыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.