• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомельскаму журналісту і краязнаўцу Яўгену Меркісу прысудзілі 4 гады няволі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму

    30 мая Гомельскі абласны суд агучыў вырак журналісту, гісторыку і краязнаўцу Яўгену Меркісу —  4 гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызнаў Меркіса вінаватым на падставе ч. 1 і ч. 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама паводле ч. 3 артыкула 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).

    Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Агулам адбылося сем судовых пасяджэнняў. Закрытым быў і апошні выступ Яўгена Меркіса, які суд заслухаў сёння а 14:15. Невядома, ці прызнаў ён сваю віну. З адваката ўзята падпіска пра невыдаванне сутнасці справы. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне выраку. Яўген трымаўся бадзёра, вонкава выглядаў няблага.

    Паводле праваабаронцаў і сяброў журналіста, абвінавачанне звязаны хіба што з перадачай фотаінфармацыі інтэрнэт-рэсурсам, аднесеным да «экстрэмісцкіх», наконт знаходжання і перамяшчэння ў рэгіёне расійскай вайсковай тэхнікі.

    Паводле рашэння суда ў Яўгена Меркіса канфіскавалі на карысць дзяржавы фота‑, відэаапаратуру ды іншыя носьбіты інфармацыі.

    За кратамі ў следчым ізалятары Яўген Меркіс знаходзіцца ўжо дзявяты месяц. Адзін дзень у СІЗА судом залічаны як паўтара дня ў калоніі. Сілавікі затрымалі яго 13 верасня 2022 года. Тады па месцы жыхарства журналіста правялі ператрус з выняткам носьбітаў інфармацыі. Вобшукі адбыліся ў жыллі яго бацькі, а таксама ў сяброў.

    Праваабарончая супольнасць прызнала Яўгена Меркіса палітвязнем.

    Сёлета ў сакавіку пасля заканчэння следства Яўген меў кароткатэрміновую сустрэчу з роднымі. На здароўе не скардзіўся, хоць прастудных захворванняў не мінаваў. У снежні правёў чацьвёра сутак у карцары. Больш жорсткімі ўмовамі ўтрымання яго пакаралі за тое, што ён нібыта не пагаліўся.

    Яшчэ да арышту Яўген Меркіс пакінуў журналісцкую дзейнасць з прычыны таго, што шэраг незалежных СМІ, з якімі супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў».

    Па адукацыі Меркіс гісторык, скончыў гістфак Белдзяржуніверсітэта. Таму засяродзіўся на краязнаўстве, атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове. Добра валодае беларускай мовай. Засвоіў і ангельскую. У СІЗА спрабаваў вывучыць яшчэ і французскую, але, наколькі вядома, меў цяжкасці з атрыманнем падручнікаў.

    Папулярызаваць гісторыю, мову і культуру роднага краю ды этнаграфічныя вандроўкі Яўген пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. Пазней заснаваў сайт «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны», ачольваў гомельскае моладзевае грамадскае краязнаўчае аб‘яднанне «Талака», быў таксама рэгіянальным каардынатарам грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма!».

    Калі ў Гомелі ды іншых гарадах Беларусі ў 2017 годзе праходзілі пратэсты так званых «дармаедаў», Меркіс вёў стрымы з масавых акцый і стаў адным з самых пазнавальных рэгіянальных журналістаў-вядоўцаў.

    Да затрымання Яўген характарызаваў сябе гэтак: «Праваслаўны, прыхільнік заходніх каштоўнасцяў і патрыярхальнасці ў сям’і, люблю панк, рок і рэтра 1950‑х – 1970‑х, творчасць «трушных паэтаў» — Анатоля Сыса і Васіля Стуса. Люблю Гомель. У людзях цаню сапраўднасць. Але ідэя — галоўнае і першаснае. Дэпрэсіўны аптыміст. Выклікаюць захапленне персоны кшталту кіраўніка «Тэсла Мотарс» Ілана Маска, якія сягаюць сваімі ідэямі і дзейнасцю ў далячынь, змяняюць свет».

    Чытайце яшчэ:

    5 фактаў пра журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса, якога хутка будуць судзіць у Гомелі

    Манипулирование и другие фокусы: как пропаганда редактирует реальность

    Справу журналісткі Ларысы Шчыраковай перадалі ў суд

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці