• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Падзяліўся з рэдактаркай сваім меркаваннем — атрымаў восем месяцаў калоніі

    16 чэрвеня набыў юрыдычную моц прысуд Навабеліцкага раённага суда Гомеля ў дачыненні колішняга вясковага настаўніка, сталага аўтара газеты "Народная воля" Мікалая Віцікава. Пенсіянера пакаралі 8 месяцамі зняволення за ліст у газету.

    Погляд з ускраіны

    16 чэрвеня набыў юрыдычную моц прысуд Навабеліцкага раённага суда Гомеля ў дачыненні колішняга вясковага настаўніка, сталага аўтара газеты «Народная воля» Мікалая Віцікава. 68-гадовага педагога з вёскі Церуха абвінавацілі ў замаху на «распаўсюд дыскрэдытуючых Рэспубліку Беларусь і яе органы ўлады заведама непраўдзівых звестак у публічных выступах, накіраваных на нанясенне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам» (арт. 14 і 369–1 КК).

    Суддзя Аляксандр Зінчук, які разглядаў крымінальную справу, пакараў былога настаўніка і дэпутата сельскага Савета васьмю месяцамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

    На пенсіянера-настаўніка заявіла ў міліцыю галоўная рэдактарка гомельскай раённай газеты «Маяк» Ірына Канавалава.

    Сёлета 5 студзеня, амаль за два месяцы да рэферэндуму, неабыякавы вясковец узяў Канстытуцыю, выразаў з мясцовай газеты надрукаваныя папраўкі і дапаўненні ў Асноўны Закон, прапанаваныя ўладай на ўсенароднае абмеркаванне, і накіраваўся спачатку да дэпутата Гомельскага абласнога Савета Ігара Дзягцярыка, а пасля — да рэдактаркі раёнкі.

    Меў з сабой Мікалай Герасімавіч таксама падрыхтаваны ліст з асабістым меркаваннем. Гэткі «погляд з ускраіны», як ён называў: наконт сітуацыі ў краіне, гвалту сілавікоў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ды прапанаванага на плебісцыт новага органа — Усебеларускага народнага сходу. Поглядаў сваіх вясковец не хаваў, прапаноўваў зладзіць у Церусе дыялогавую пляцоўку, каб і сельскія жыхары маглі абмяркоўваць змены ў Канстытуцыю. Лічыў, што падзея лёсавызначальная, і ўлада мусіць раіцца з людзьмі.

    У рэдакцыю газеты «Маяк» зайшоў таму, што на той час рэдактарка Канавалава была яшчэ і кіраўніцай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», адказнай за збор прапаноў і заўваг грамадзян па Канстытуцыі.

    Ліст настаўніка-пенсіянера з яго «поглядам з ускраіны», дасланы з рэдакцыі ў міліцыю, фігураваў у матэрыялах справы.

    Хто і як «хайпануў»

    Дома ў Віцікава оперупаўнаважаныя і эксперты правялі ператрус, шукалі «экстрэмісцкія» матэрыялы і нацыянальную сімволіку, а 14 студзеня 2021 года вяскоўца арыштавалі на падставе арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці). 

    Услед за гэтым у «Маяку» з’явілася публікацыя «Минута славы» любой ценой». 

    Аўтарка, якая схавалася пад псеўданімам Лідзія Нікіфарава, здзекліва распавядала пра «правінцыйнага інтэлігента пенсійнага ўзросту», што «чарпануў натхненне» для свайго “опуса” ў праекце Канстытуцыі, згледзеўшы ў ім «лінгвістычную» пагрозу канстытуцыйнаму ладу і беларускаму народу.

    Пенсіянер, маўляў, і «правакатар», і хайпануць захацеў, і «бліскануць падабенствам розуму» — процьма ўсялякіх ярлыкоў на адрас вяскоўца. Дзяржаўны лад ён называе «лукашызмам», прыхільнікаў улады — «ябацькамі», дзеянні праваахоўных органаў — «зверствамі», Усебеларускі народны сход — «шабашам». У кожным радку, піша Нікіфарава, гэткі «іудзін пацалунак», і вясковец свае «пасквілі разносіць не горш сапраўднага сектанта па ўсім раёне».

    На судзе дэпутат Ігар Дзягцярык і рэдактарка дзяржаўнай раёнкі Ірына Канавалава выступалі сведкамі.

    У іх і запытаўся Мікалай Віцікаў, ці прасіў ён распаўсюджваць свой «погляд з ускраіны».

    Аказваецца, даваў для асабістага азнаямлення.

    Урэшце і следчыя перакваліфікавалі справу настаўніка-пенсіянера з «распальвання варожасці» на «дыскрэдытацыю Беларусі» з адсылкай да арт. 14 КК — «Замах на злачынства».

    Падсудны настаўнік, седзячы ў «клетцы» толькі дзіву даваўся: як наогул маленкі аркуш паперы, напісаны шарыкавай ручкай, няхай сабе і пераведзены праз прынтар на фармат А4, можа нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам? У жаданні жыць па-справядлівасці Віцікаў кіраваўся прынцыпам філосафа Вальтэра, пра што і казаў у судзе: «Я не адабраю тое, што вы кажаце, але я буду абараняць да смерці ваша права сказаць гэта».

    Высвятляў суд у вяскоўца, ці прызнае ён сябе вінаватым. Адказваючы на гэта, педагог спаслаўся на біблейскі запавет: не судзіце, ды судзімыя не будзеце. І зазначыў, што з гледзішча хрысціянскіх паводзінаў ён вінаваты, паколькі дазваляў сабе асуджэнне — міліцыі і ўлады.

    У сваім апошнім слове настаўнік нават прыводзіў урыўкі з Евангелля, дзе гаворыцца, што трэба бласлаўляць нават ганіцеляў і маліцца за тых, хто цябе крыўдзіць, а яшчэ — любіць людзей, у тым ліку і ворагаў.

    Ведаў «праўдзівую інфармацыю»

    Абвінавачанне ў судзе супраць вясковага педагога падтрымліваў прадстаўнік раённай пракуратуры Кірыл Кадоўба. Прапаноўваў пакараць настаўніка годам калоніі.

    Пракурор сцвярджаў, што падсудны ведаў праўдзівую інфармацыю: маўляў, СК і МУС заяўлялі, што падчас пратэстных акцый у дачыненні мірных дэманстрантаў неабгрунтавана не ўжываўся гвалт, а Віцікаў у сваім рукапісе пісаў, што быў гвалт. Цэнтрвыбаркам заяўляў, што фальсіфікацый не было, а пенсіянер зноў-такі сцвярджаў, што былі. Чаму?

    «Я бачыў рэпартаж па дзяржаўным тэлебачанні, там паказвалі, як трое ці чацвёра міліцыянераў білі дубінкамі чалавека, што ляжаў на зямлі. Гэта і вымусіла мяне напісаць. Я бачыў кадры сваімі вачыма. Не магу ж я сабе хлусіць», — адказваў Мікалай Віцікаў.

    Наконт выбараў вясковец зазначыў, што прасіў на сваім участку ў вёсцы азнаёміць яго з выніковым пратаколам выбараў. Гэтага не зроблена і па сёння. Нават тройчы пісьмова звяртаўся да старшыні сельвыканкама Анатоля Цалкі — і нічога.  Адсюль і сумнеў пра вынікі выбараў.

    «Хочаш пазнаць акіян — даследуй яго кроплю», — лічыць вясковы педагог.

    Вырак не аспрэчвалі

    У вёсцы Церуха Мікалай Віцікаў жыве 42 гады. Вяскоўцы ведаюць яго, кажуць, што станоўчы чалавек і настаўнік: інтэлігентны, добразычлівы і спагадлівы. З яго ініцыятывы як настаўніка і дэпутата парадкаваліся і школа, і вёска. Блізкія і знаёмыя наогул шакаваныя абвінавачаннямі і тымі фармулёўкамі, з якімі абрынулася на вясковага педагога дзяржаўная газета.

    Дваццать два жыхары вёскі Церуха даслалі ў Навабеліцкі раённы суд хадайніцтва, заступіліся за аўтарытэтнага аднавяскоўца, прасілі не караць яго пазбаўленнем волі.

    Суд жа вызначыў Мікалаю Віцікаву восем месяцаў няволі.

    «Мы не аспрэчвалі вырак, — кажа жонка Мікалая Вера Віцікава, таксама педагог на заслужаным адпачынку. — Сілаў не хапае, і так ужо нацярпеліся. Калі пасля чатырох месяцаў у СІЗА мне далі спатканне з мужам, я даведалася, што ён восем сутак правёў у карцары».

    Да цяперашняга арышту Мікалай Герасімавіч даглядаў сваю гаспадарку: разводзіў пчол, займаўся садам і гародам. У няволі ён ужо шэсць месяцаў.

    З улікам таго, што адзін дзень пазбаўлення волі ў СІЗА да суда лічыцца як паўтара дня адсідкі ў калоніі, Віцікаву пасля вынясення прысуду засталося адбыць два тыдні пакарання. Напрыканцы чэрвеня настаўнік-пенсіянер мае выйсці на волю.

    Чытайце яшчэ:

    «Агучвала Ангелу Меркель»: асабісты досвед стажіроўкі ў Deutsche Welle

    Колькі беларусаў глядзяць палітычны YouTube? Паглядзіце вынікі даследавання

    Разгромлена яшчэ адно СМІ: затрымалі рэдактараў вядучага аўтамабільнага партала

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці