• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітзняволеную тэлежурналістку Ксенію Луцкіну абвясцілі “экстрэмісткай”

    Асуджаную на працяглы тэрмін зняволення экс-карэспандэнтку Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну ў дадатак да ўсяго ўключылі яшчэ і ў спіс “экстрэмістаў”, які складаюць сілавікі.

    13 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў абнавіла ведамасны спіс грамадзян Беларусі і замежных краін, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. Туды дадалі адразу 30 прозвішчаў, агулам там ужо 2311 “ворагаў” дзеючага рэжыму.

    У пераліку трох дзясяткаў чалавек, абвінавачаных у “супрацьдзяржаўнай актыўнасці”, фігуруе журналістка Ксенія Луцкіна. У якасці аргумента ў зводнай табліцы насупраць яе — прычына “надзвычайнага” інтарэсу: “Вступивший в законную силу приговор Минского городского суда в связи с совершением преступления, предусмотренного частью 1 статьи 357 Уголовного кодекса Республики Беларусь”.

    Былую супрацоўніцу Белтэлерадыёкампаніі, лаўрэатку шматлікіх журналісцкіх конкурсаў Ксенію Луцкіну, якая заняла прынцыповую пазіцыю падчас пратэстных акцый 2020-га, выкліканых фальсіфікацыяй вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

    Яе затрымалі 22 снежня 2020 года, у адзін дзень з шэрагам супрацоўнікаў  “Прэс-клуба”. Спачатку ўсіх абвінавацілі ў нясплаце падаткаў, а калі справу прэсклубаўцаў закрылі пасля пагашэння “магчымых страт”, Ксеніі Луцкінай адзінай выставілі новы крымінальны артыкул — “змова альбо іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады” (ч. 1 арт. 357 КК).  

    Паводле версіі, агучанай Генпракуратурай, яна “асэнсавана” ўвайшла ў склад Каардынацыйнай рады, дзе ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ, а таксама займалася стварэннем грамадскага інтэрактыўнага тэлебачання.

    Летась 28 верасня суддзя Мінскага гарадскога суда Таццяна Фалькоўская прысудзіла журналістцы 8 гадоў зняволення, нягледзячы на тое, што дома ў яе застаўся малы сын. У канцы снежня Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на жорсткі прысуд і, як гэта ўжо стала завядзёнкай у палітычных працэсах, пакінуў першапачатковы вердыкт без задавальнення. 

    Праваабарончая супольнасць прызнала тэлежурналістку палітычнай зняволенай. Варта адзначыць, што Ксенія Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

    Паводле сваякоў, за час знаходжання за кратамі ў жанчыны істотна пагоршыўся стан здароўя: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе ёй зрабілі аперацыю і выдалілі два ўтварэнні ў галаве.

    Аднак і без таго жорсткага пакарання ўладам аказалася недастаткова — напярэдадні яе прозвішча з’явілася ў “Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

    Згодна з маніторынгам праваабаронцаў, туды ўключаюцца як беларусы, так і іншаземцы, асуджаныя па палітычных крымінальных справах пасля 2020 года. Перадусім гаворка пра такія артыкулы Крымінальнага кодэкса як 293 (“удзел у масавых беспарадках”), 342 (“актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”), 369 (“абраза прадстаўніка ўлады”), 130 (“распальванне іншай сацыяльнай варожасці”), 361–1 (“удзел у экстрэмісцкім фармаванні”), 341 (“апаганьванне маёмасці”), ч. 1 арт. 357 (“змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”) ды іншыя.

    Прычым Міністэрства ўнутраных спраў уключае ў “чорны спіс” як  тых, хто адбывае пакаранне ў месцах зняволення, так і людзей, якія ўжо выйшлі на волю і нават пагасілі судзімасць.

    Так, згодна часткамі 3 і 4 артыкула 18 закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” грамадзянам, у дачыненні да якіх прысуд уступіў у законную сілу, на працягу 5 гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці забараняецца:

    • займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў

    • педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм)

    • выдавецкай дзейнасцю

    • займаць дзяржаўныя пасады

    • праходзіць вайсковую службу.

    Ксенія Луцкіна патрапіла на Беларускае тэлебачанне праз конкурсны адбор і ў 2008‑м, маючы ўсяго 24 гады, стала шэф-рэдактаркай студыі дакументальнага кіно.

    У межах аўтарскай праграмы Ter­ra incog­ni­ta (“Невядомая Беларусь”)  зняла блізу паўтары сотні праграм і некалькі дзясяткаў тэматычных стужак. За цыкл матэрыялаў яе каманда атрымала дзве нацыянальныя прэміі “Тэлевяршыня” — у намінацыях “Найлепшая тэматычная распрацоўка” і “Найлепшы дызайн”. Аднак былыя заслугі ў момант забыліся, калі Ксенія Луцкіна выказала сваю грамадзянскую пазіцыю.

    Чытайце яшчэ:

    Президент “Радио Свобода” Джейми Флай: “Мы вернемся в Минск и снова откроем там бюро. Это вопрос времени”

    Паулюс Лилейкис: “Мои фотографии теперь в учебниках по всей Литве, я горжусь этим до слёз”

    Разгляд апеляцыі Сергея Сацука прызначаны на пачатак лютага. За кратамі журналіст мае праблемы са здароўем

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці