Суд адправіў справу журналісткі Дар’і Чульцовай на дапрацоўку
Суд Бялыніцкага раёна вярнуў адміністрацыйную справу ў дачыненні магілёўскай журналісткі Дар’і Чульцовай назад у Бялыніцкі раённы аддзел унутраных спраў.
25 верасня Чульцовай патэлефанавалі з сакратарыяту суда Бялыніцкага раёна і паведамілі, што 26 верасня яе адміністрацыйная справа ў судзе разглядацца не будзе, бо дакументы вярнулі на дапрацоўку ў мясцовы РАУС.
Нагадаем, на мінулым тыдні бялыніцкія міліцыянты склалі ў дачыненні журналісткі пратакол аб правапарушэнні паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.Падставай для адміністрацыйнага пераследу стаўвідэасюжэт на тэлеканале “Белсат” пад назвай “Новы галоўны ідэолаг краіны Андрэй Кунцэвіч. “Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь”.
26 верасня адміністрацыйная справа Дар’і Чульцовай павінна была разглядацца ў судзе Бялыніцкага раёна. У якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс па гэтай жа справе, праходзіць таксама магілёўскі журналіст Міхась Аршынскі.