• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сярод абвінавачаных за «здраду дзяржаве» — шасцёра журналістаў і блогераў. Хто яны?

    На сёння ў Беларусі як мінімум 55 чалавек з'яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве», падлічыла «Вясна». Гэта і асуджаныя, і тыя, хто ўтрымліваецца пад вартай у чаканні суда ці ўжо пад судом. Сярод іх журналісты Кацярына Бахвалава (Андрэева), Дзяніс Івашын, Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна, а таксама блогеры Павел Белавус і Андрэй Паротнікаў.

    Андрэй Паротнікаў

    Апошняга ў гэтым пераліку — блогера, палітолага, спецыяліста па праблемах бяспекі, кіраўніка аналітычнага цэнтра Belarus Secu­ri­ty Blog, сябра Рады арганізацыі «Правы альянс» Андрэя Паротнікава — яшчэ не асудзілі. На гэты момант вядома, што яму прад’яўлена абвінавачанне ў «здрадзе дзяржаве» паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса РБ.

    Затрыманы знаходзіцца ў СІЗА КДБ. З афіцыйных заяў вынікае, што Андрэю Паротнікаву інкрымінуюць супрацу з польскай выведкай пад дыпламатычным прыкрыццём — нібыта перадаваў звесткі, атрыманыя ад недзяржаўных журналістаў, работнікаў міністэрстваў і дыпламатычных службаў.

    Адрас для лістоў:

    СІЗА КДБ. 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8

    Андрэй Яўгенавіч Паротнікаў.

    Павел Белавус

    Для Паўла Белавуса — блогера, культурніцкага менеджара, заснавальніка і былога дырэктара пляцоўкі «Арт Сядзіба», абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе не адзінае. Белавуса асудзілі адразу паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён адбывае пакаранне ў шклоўскай ПК № 17

    Бок абвінавачання даводзіў, што Павел Белавус «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». У прыватнасці, «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі».

    Адрас для лістоў:
    ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1‑я Заводская, 8
    Белавус Павел Мікалаевіч.
     

    Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна

    Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яго жонка Ірына Злобіна, з якой яны ўзялі шлюб ужо ў зняволенні, мае адбыць у калоніі 9 гадоў паводле двух крымінальных артыкулаў.

    У «здрадзе дзяржаве» суд прызнаў вінаватымі абодвух сужонцаў.  

    Іх затрымалі разам 12 студзеня 2021 года. Праз некалькі дзён у афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя «па падазрэнні ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці». Паводле слоў сілавіка, са жніўня 2020 года яны займаліся фінансаваннем асобаў, што бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсавання сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ.

    Абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт.ыкула 356 Крымінальнага кодэкса) было агучанае следствам праз паўгоды пасля затрымання, але ў чым канкрэтна іх прызналі вінаватымі — невядома дагэтуль: судовы працэс у Мінскім абласным судзе праходзіў у закрытым рэжыме. Вырак Андрэю Аляксандраву, Ірыне Злобінай і іншым фігурантам так званай «справы БелаПАН» быў вынесены 6 кастрычніка 2022 года. Спробы аспрэчыць прысуды ў Вярхоўным судзе поспеху не мелі.

    20 студзеня 2023 года МУС дадала Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Праз некалькі дзён медыяменеджара этапавалі ў наваполацкую ПК № 1. За кратамі Андрэй Аляксандраў схуднеў на 40 кілаграмаў, але не губляе канструктыўнага настрою — чытае кнігі, піша вершы, цікавіцца спартовымі навінамі.

    Адрас для лістоў:
     ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8
    Аляксандраў Андрэй Валер’евіч.

    Ірына Злобіна адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі.

    Адрас для лістоў:
    ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
    Злобіна Ірына Віктараўна. 

    Кацярына Бахвалава (Андрэева)

    Яшчэ адна зняволеная гомельскай жаночай калоніі, якую звінавацілі ў здрадзе дзяржаве — журналістка тэлеканала «Белсат» Кацярына Бахвалава (Андрэева). Яе затрымалі наўпрост падчас выканання прафесійных абавязкаў. Разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года на «Плошчы Перамен» у Мінску Кацярына вяла прамую трансляцыю з месца вулічнай акцыі на знак памяці забітага пратэстоўцы Рамана Бандарэнкі і наступнага жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў.

    Абедзьве журналісткі сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). 18 лютага 2021 года былі асуджаныя да двух гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму.

    Аднак 10 лютага 2022 года Кацярыну Андрэеву перавялі з папраўчай калоніі № 4 у гомельскі СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяннямі». 7 красавіка 2022 года стала вядома, што у дачыненні да яе распачатая новая крымінальная справа за «здраду дзяржаве». Журналістку вінавацілі «ў выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь».

    13 ліпеня  2022 года суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка у закрытым судовым працэсе асудзіў жанчыну да 8 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гомельскай жаночай калоніі Кацярына Бахвалава (Андрэева) трапіла на ўлік як «схільная да экстрэмізму».  

    Адрас для лістоў:
    ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
    Бахвалава Кацярына Андрэеўна.

    Дзяніс Івашын

    Да 13 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму асуджаны Дзяніс Івашын — карэспандэнт «Новага Часу» і аўтар шматлікіх журналісцкіх расследаванняў, таксама абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве».

    12 сакавіка 2021 года яго затрымалі супрацоўнікі КДБ, у сярэдзіне сакавіка 2022 года праваабаронцам стала вядома, што КДБ прад’яўляе Івашыну супрацоўніцтва з украінскай выведкай. 

    14 верасня 2022 года суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і паводле арт. 179 КК (незаконны збор альбо распаўсюд звестак пра асабістае жыццё), хаця затрымлівалі Дзяніса аператыўнікі КДБ паводле арт. 365 КК (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Гэты ж артыкул быў выкарыстаны для санкцыянавання ператрусаў у Івашына і яго сваякоў.

    Яшчэ ўвесну 2021 года адміністрацыя гродзенскай турмы, дзе журналіста трымалі пад вартай да суда, паставіла Дзяніса на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Ад сваякоў журналіста вядома, што яго каралі змяшчэннем у штрафны ізалятар і ў магілёўскай калоніі № 15, дзе ён пачынаў адбываць пакаранне, і ў  жодзінскай турме № 8, куды яго перавялі пазней. Там ва ўмовах строгага рэжыму Дзяніса Івашына ўтрымліваюць і зараз.

    Адрас для лістоў: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Івашын Дзяніс Яўгенавіч.

    Усе шасцёра журналістаў і блогераў, асуджаныя за «здраду дзяржаве» альбо абвінавачаныя за гэта, прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі.

    Чытайце яшчэ:

    «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі

    Анджэя Пачобута змясцілі ў штрафны ізалятар, за 8 месяцаў яму не дазволілі ніводнага спаткання і ніводнай перадачы

    Пасля арышту выйшаў на волю журналіст Сяргей Гардзіевіч

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці