3175

Віншуем БАЖаўцаў Аляксандра Зянкова і Паўла Магіліна з поспехам на “Магніфікаце-2015”!

04.09.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

“За кінематаграфічнае адлюстраванне тэмы перамогі веры над варварствам” узнагародзілі аўтараў дакументальнага фільма “І цемра не агарнула яго” – барысаўскіх сябраў ГА “БАЖ” Аляксандра Зянкова і Паўла Магіліна.

Дыплом першай ступені і шкляную статуэтку мадонны журналісты атрымалі 3 верасня на ХІ Міжнародным каталіцкім фестывалі "Магніфікат-2015" у Глыбокім.

Аляксандр Зянкоў кажа, што яны ўжо другі год запар удзельнічаюць у фэсце і заўжды з задавальненнем наведваюць Глыбокае:

- Асабліва прыемна было атрымаць узнагароду. Цешыць, што журы адзначыла нашу працу. У фільме “І цемра не агарнула яго” распавядаецца пра аднаўленне храма ў вёсцы Зембін Барысаўскага раёна. Калісьці яго пашкодзілі пры здымках аднаго з савецкіх фільмаў, і толькі нядаўна аднавілі...

Па словах журналіста, фестываль заўсёды натхняе і дадае імпэту на будучыню – безумоўна, хочацца здабыць гран-пры і адвезці яго ў Барысаў.

Летась Аляксандр Зянкоў і Павел Магілін прэзентавалі гледачам дакументальную стужку "Устань і ідзі!", за якую таксама атрымалі спецыяльны прыз Міжнароднага каталіцкага фестывалю “Niepokalanów” (Польшча).

Сёлетні “Магніфікат” сабраў рэкордную колькасць работ – каля 50  дакументальных і мультыплікацыйных стужак. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі 16 краін свету, сярод якіх – Беларусь, Украіна, Чэхія, Францыя, ЗША ды іншыя. Гран-пры атрымала чэшская дакументальная стужка “Кірыла і Мяфодзій” рэжысёра Атакара Шмідта.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!