1884

Вобшукі і затрыманні журналістаў у рэгіёнах Беларусі. Падрабязнасці

08.07.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У рэгіёнах 8 ліпеня сілавікі  затрымалі журналістаў незалежных медыя, а таксама правялі ператрусы ў офісах рэдакцый і жылых памяшканнях.

Віцебская вобласць

Зміцер Казакевіч, кіраўнік Віцебскай суполкі ГА "БАЖ", распавёў пра падзеі са слоў жонкі — яго самога дома на той момант не было:

— Ператрус у мяне рабілі супрацоўнікі Першамайскага РАУС на падставе крымінальнай справы поводле арт. 188 КК (паклёп). Справа заведзеная ў дачыненні невысветленай асобы, якая нібыта ўзвяла паклёп на лепельскага міліцыянта Міхно. І нібыта інфармацыя пра гэтую асобу магла быць у мяне. Вядома, такой інфармацыяй я не валодаю, а пра міліцыянта з такім прозвішчам нават не чуў.

Ператрус у Змітра Казакевіча доўжыўся тры гадзіны. Міліцыянты забралі ноўтбукі жонкі і дачкі, два старых "сістэмнікі", два фотаапараты, маленькі бел-чырвона-белы сцяжок.

Аргтэхніку ў Змітра Казакевіча міліцыянты забіраюць ужо не ўпершыню. Яго таксама неаднаразова затрымлівалі за асвятленне мірных пратэстаў у Віцебску, каралі "суткамі" за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і штрафамі за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”. 

Сёння ў Віцебску затрыманы незалежны журналіст Віталь Скрыль. Пра тое, што сілавікі затрымалі Віталя Скрыля праваабаронцам паведаміла ягоная жонка Аліна. Паводле яе слоў, Віталь Скрыль выйшаў з дому без тэлефона, а праз нейкі час патэлефанаваў ёй з незнаёмага нумару.

Размова была кароткай: Віталь паспеў паведаміць, што затрыманы і што падставай стала крымінальная справа, распачатая паводле арт. 369 УК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады). На дадзены момант журналіст мае статус падазраванага па гэтай справе. Яго дапыталі, і цяпер ён змешчаны на 72 гадзіны ў ізалятары часовага ўтрымання.

Глыбоцкага журналіста Змітра Лупача сілавікі забралі з санаторыя "Пліса", дзе наш калега адпачываў апошнімі днямі. Жонка журналіста паведаміла ў ГА "БАЖ", што сілавікі перад гэтым прыязджалі да Лупача дадому.

Ператрус прайшоў і ў незалежнага журналіста Вячаслава Лазарава ў Віцебску. Міліцыя шукала яго ў кватэры маці, дзе ён прапісаны. З Вячаславам міліцыянты не сустрэліся, але адабралі тэлефон у сталай жанчыны — сказалі, што на экспертызу, каб пашукаць інфармацыю пра злачынствы, да якіх нібыта можа мець дачыненне яе сын.

У Оршы быў затрыманы праваабаронца і рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмярчак.

Як стала вядома сваякам і сябрам Ігара Казмярчака, заснавальніка аршанскага незалежнага сайта orsha.eu дапыталі пра псаванне гарадскіх збудаванняў надпісамі палітычнага зместу. Міліцыянты распачалі крымінальную справу паводле арт. 341 КК РБ. Пра якія аб'екты гарадской інфраструктуры вядзецца гаворка ў гэтай справе, застаецца невядомым.

Ігар Казмярчак затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў Аршанскім ІЧУ.

Сёння ўранні ператрус адбыўся і ў фатографа сайта orsha.eu Дзяніса Дубкова. Хлопца таксама вазілі на допыт, але праз некалькі гадзін вызвалілі. Сутнасць гутарак у міліцыі ён не раскрывае, спасылаючыся на падпіску аб неразгалошванні таямніцы следства.

Магілёўская вобласць

Сілавікі зладзілі пературс дома ў журналісткі Алесі Лацінскай (Бабруйск), якая супрацоўнічае з мясцовым медыя bobr.by. Пасля вобшуку яе павезлі ў мясцовае КДБ.

Увечары Алесю Лацінскую адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні пасля размовы ў КДБ. Алеся нічога не кажа пра тое, ці ёсць нейкая крымінальная справа, ці мае яна нейкі працэсуальны статус.

Брэсцкая вобласць

Сёння сілавікі прыйшлі ў рэдакцыі трох недзяржаўных медыя ў Брэсцкай вобласці —  да «Брестской газеты», Intex-Press і «Медыя-Палесся».

"Паводле слоў відавочцаў, чатыры ці пяць чалавек грукалі ў дзверы рэдакцыі і пагражалі іх выламаць", — паведаміла рэдакцыя «Брестской газеты».

У рэдакцыі баранавічскага выдання Intex-Press прадстаўнікі КДБ правялі вобшук.

У рэдакцыі сайта Media-Polesye.by сёння таксама прайшоў ператрус.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!