• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як міжнародная супольнасць адрэагавала на прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем»: АБСЕ, «Рэпарцёры без межаў», ЕФЖ і іншыя

    28 лютага Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь прызнаў Беларускую асацыяцыю журналістаў экстрэмісцкім фармаваннем. БАЖ стаў першай беларускай праваабарончай арганізацыяй, якая “атрымала” такі статус. Міжнародная супольнасць абураная такім рашэннем беларускіх уладаў. 

    Чарговы напад на Беларускую асацыяцыю журналістаў асудзіла АБСЕ.

    «Выклікае глыбокае шкадаванне той факт, што беларускія ўлады працягваюць ствараць атмасферу пераследу і страху сярод прадстаўнікоў СМІ і ў дачыненні да іх, наўмысна пераследуючы і душачы свабодныя і незалежныя галасы», — зазначыла прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра.

    «Рашэнне ўладаў прызнаць БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем» накіраванае на далейшы падрыў важнай працы арганізацыі па абароне і адстойванні правоў журналістаў і з’яўляецца апошняй праявай прыгнечання ўладамі свабоды СМІ ў краіне».

    «Я таксама з вялікай заклапочанасцю адзначаю папярэднія рашэнні ўладаў аб уключэнні БелаПАН, «Нашай Нівы», «Еўрарадыё» і іншых незалежных СМІ ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», — дадала спадарыня Рыбейра.

    Камітэт па абароне журналістаў заклікаў улады Беларусі спыніць пераслед арганізацый і дазволіць ім працаваць свабодна:

    «Прызнаўшы Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкай», улады Беларусі не робяць нічога, акрамя як накідваюцца на арганізацыю, якая ўжо была выгнаная з краіны ў адплату за сваю барацьбу за правы журналістаў», — заявіла Гульноза Саід, каардынатар праграмы КАЖ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі, у Нью-Ёрку.

    «Улады павінны спыніцца перашкаджаць працы БАЖ і «Брестской газеты» і перастаць выкарыстоўваць заканадаўства аб экстрэмізме для таго, каб заглушыць незалежную журналістыку».

    Словы падтрымкі ў сваім Twit­ter выказала міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў»​.

    «Яшчэ адно жудаснае і абсурднае рашэнне ў Беларусі: КДБ абвясціў БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем». RSF падтрымлівае свайго партнёра, які пераследуецца за яго важную працу па зборы інфармацыі аб злоўжываннях у дачыненні да журналістаў, нягледзячы на ​​роспуск арганізацыі рэжымам».

    Абураны рашэннем беларускага рэжыму і Міжнародны інстытут прэсы (IPI). Установа лічыць гэта ўсвядомленай атакай на медыяасацыяцыю, якая была змушаная дзейнічаць у выгнанні пасля таго, як Вярхоўны суд Беларусі адвольна распусціў БАЖ у жніўні 2021 года.

    «Беларускія ўлады працягваюць свае сістэматычныя намаганні, каб прымусіць замаўчаць усе незалежныя галасы, якія яны яшчэ не кантралююць наўпрост», сказаў намеснік дырэктара IPI Скот Грыфэн.

    «Хоць рашэнне абвясціць БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем» з’яўляецца яшчэ адным у доўгай чарадзе такіх нападак на СМІ і грамадзянскую супольнасць, глабальная сетка IPI рашуча асуджае гэты абуральны акт рэпрэсій».

    «IPI і нашая глабальная сетка падтрымліваюць БАЖ і ўсіх незалежных журналістаў у Беларусі і за яе межамі. Экстрэмісты ў гэтай сітуацыі — не БАЖ, а аўтарытарны прэзідэнт і яго спецслужбы, якія адвольна крыміналізуюць і пераследуюць журналістаў», — дадаў спадар Грыфен. 

    Цалкам падтрымлівае асацыяцыю і яе сяброў Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ). Яна нагадвае, што БАЖ з’яўляецца лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЕСКА за свабоду друку, таму рашэнне беларускіх уладаў можна лічыць «відавочным актам перашкоды свабодзе друку».

    «Гэтая эскалацыя нападак на медыяасацыяцыю, а таксама яе ліквідацыя Вярхоўным судом у жніўні 2021 года — адна са шматлікіх нападаў на СМІ пасля масавых пратэстаў 2020 года супраць рашэння Лукашэнкі балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах і пасля пераабрання», — дадаюць у ЕФЖ і падкрэсліваюць: 

    БАЖ, адзіная незалежная прадстаўнічая арганізацыя журналістаў і працаўнікоў СМІ ў Беларусі, таксама стала першай беларускай праваабарончай арганізацыяй, прызнанай «экстрэмісцкай». Яна працягне сваю дзейнасць, усё яшчэ знаходзячыся ў выгнанні, паколькі ў краіне працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсы.

    «Беларускі дыктатар і ягоныя паплечнікі павінны будуць панесці адказнасць за неаднаразовыя парушэнні свабоды прэсы і правоў чалавека», — заявіў генеральны сакратар ЕФЖ Рыкарда Гуцьерэс.

    «Мы заклікаем міжурадавыя арганізацыі ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі і ўзмацніць падтрымку беларускіх дэмакратаў у выгнанні і, у прыватнасці, журналістаў, якія працягваюць інфармаваць свет аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі», — гаворыць ён. 

    Пра салідарнасць з БАЖ заявіла Article19 — міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая працуе над абаронай і прасоўваннем свабоды слова і свабоды інфармацыі ва ўсім свеце.

    «Article19 рашуча асуджае гэты абуральны напад на свабоду слова і асноўныя правы. Гэтае неабгрунтаванае рашэнне цягне за сабой цяжкія наступствы, у тым ліку крымінальныя, для асоб, звязаных з вядучай прэс-асацыяцыяй краіны, і яшчэ больш падрывае грамадзянскую супольнасць», — падкрэсліваюць праваабаронцы.

    «Лукашэнка неаднаразова дэманстраваў, што не мае намеру дапускаць дэмакратычны пераход у Беларусі. Ён і яго палітычны лагер не спыняцца ні перад чым у сваім імкненні цалкам разбурыць грамадзянскую супольнасць і здушыць свабоду слова. Як міжнародная супольнасць, мы абавязаныя падтрымліваць беларусаў і выступаць за выкананне іх асноўных правоў», — упэўненая Йаана Шыманска, старэйшы супрацоўнік праграмы ARTICLE 19.

    ARTICLE 19 «салідарны з мужнымі сябрамі БАЖ і вітае іх нястомную працу па абароне свабоды слова і якаснай, надзейнай журналістыкі».

    Чытайце яшчэ:

    Журналісты і праваабаронцы — не экстрэмісты. БАЖ лічыць абсурдным наданне “экстрэмісцкага” статусу арганізацыі. ЗАЯВА

    Прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем» мала што зменіць — палітолаг

    «Гэта акт запалохвання». БАЖ назвала чаканым статус «экстрэмісцкага фармавання»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці