• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 3 (84) 2026

    Красавік – чэрвень 2026 года. Aгляд. Спампаваць PDF.

    У красавіку – чэрвені 2026 года працягваліся рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў незалежных медыя і жорсткія абмежаванні доступу да інфармацыі ў Беларусі. 

    Станоўчай падзеяй стала вызваленне журналіста Анджэя Пачобута пасля 5 гадоў за кратамі. Гэта адбылося 28 красавіка.

    Тым не менш, у Беларусі заставаліся ў зняволенні 21 медыясупрацоўнік і працягвалася вынясенне новых прысудаў па крымінальных справах.

    Пашыраўся транснацыянальны пераслед беларускіх журналістаў-эмігрантаў (у тым ліку вызваленых у выніку дамоўленасцяў з амерыканскімі дыпламатамі) у розных формах: завочны крымінальны пераслед, ціск на сваякоў, ануляванне беларускіх пашпартоў і пазбаўленне маёмасці ў Беларусі, цкаванне ў прапагандысцкіх СМІ.

    Усеабдымная цэнзура, як і раней, базавалася на антыэкстрымісцкім заканадаўстве. Але ўлады не абмяжоўваліся толькі блакаваннем доступу да незалежных медыя з Беларусі і выкарыстоўвалі рэгулярныя DDoS-атакі, у выніку якіх чытачам былі часова недаступныя сайты шасці навінавых анлайн-выданняў, а таксама сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Непажаданую ўвагу беларускіх уладаў сталі прыцягваць сацыяльныя сеткі Threads і Tik­Tok, якія апошнім часам набіраюць папулярнасць.

    Агрэсіўная прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі адбывалася ў ранейшым напрамку, але сутыкнулася з перашкодамі на міжнародным узроўні — відэахостынг YouTube выдаліў каналы трох дзяржаўных СМІ і Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

    Крымінальны пераслед. Затрыманні ў Беларусі

    У Беларусі працягваліся рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў, уключаючы крымінальны пераслед і розныя формы ціску.

    26 чэрвеня Мінскі гарадскі суд вынес прысуды журналісту Кірылу Пазняку і ягонай дачцэ Яніне Пазняк. Кірыла Пазняка пазбавілі волі на тры з паловай гады, тэрмін, прызначаны ягонай дачцэ, пакуль невядомы. Яны былі абвінавачаныя ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкулы 361–1 і 369–1 Крымінальнага кодэкса РБ). YouTube-канал «Платформа 375», які стварыў Кірыл Пазняк, быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем ў верасні 2025 года. Уся віна Яніны палягае ў тым, што яна зарэгістравала гэты канал у сацсетцы Tik­Tok.

    Стала вядома пра паўторнае асуджэнне журналіста Аляксандра (Алеся) Любянчука, першы раз ён быў асуджаны ў 2022 годзе і выйшаў на волю ў студзені 2025 года, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання. У сакавіку 2026 года яго судзілі ў межах новай крымінальнай справы, журналіста звінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ), а таксама ў распальванні варожасці (артыкул 130 КК РБ) за негатыўныя каментары на адрас уладаў. Суд прызначыў Любянчуку 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, але з улікам адбытага папярэдняга пакарання (паводле часткі 5 артыкула 72 КК РБ — «Прызначэнне пакарання па сукупнасці злачынстваў») і часу ўтрымання пад вартай у следчым ізалятары журналіст быў вызвалены 12 мая 2026 года.

    У красавіку 2026 года ў нацыянальным аэрапорце Мінск быў затрыманы фатограф Аляксандр Шышко, які апошнія гады жыў у эміграцыі. З 2023 года на яго была заведзеная крымінальная справа ў сувязі з удзелам у святкаванні за мяжой Дня Волі, у яго кватэры правялі ператрус. Вядома, што Шышко абвінавачваюць паводле артыкула 361–3 Крымінальнага кодэкса РБ (удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы).

    ТРАНСНАЦЫЯНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД

    У Беларусі працягваўся ціск на сваякоў тых журналістаў, што працуюць у эміграцыі. У прыватнасці, рэдакцыя гомельскага анлайн-медыя «Флагшток» (яно асвятляе рэгіянальную праблематыку, а таксама адсочвае вайсковую актыўнасць на беларуска-украінскай мяжы) паведаміла, што 19 мая сілавікі правялі ператрусы ў бацькоў двух чалавек, якія маюць дачыненне да выдання. Пры гэтым ім было заяўлена, што «падобныя дзеянні будуць працягвацца да той пары, пакуль на рэсурсе будуць выходзіць новыя публікацыі».

    Таксама паведамлялася пра ціск на сем’і журналістаў беларускай рэдакцыі Deutsche Welle: многіх з іх наведвалі прадстаўнікі розных сілавых ведамстваў. 

    У прапагандысцкай праграме, якая выйшла на тэлеканале «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ) 2 красавіка, паведамлялася пра завочны крымінальны пераслед кіраўніка Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) Станіслава Івашкевіча, а таксама яшчэ 16 яго калег. У якасці абвінавачаных паводле артыкулаў 361 (заклікі да санкцый) і 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса тады ж былі названыя супрацоўнікі яшчэ аднаго беларускага расследавальніцкага медыяпраекта «Бюро Медыя»: Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Ратмірава (Альхіменка), Ксенія Вязнікоўцава, Аляксей Карпека. У якасці «саўдзельнікаў» — расійскія грамадзяне журналісты Аляксандр Вастроў, Кацярына Мітрохіна, Марына Дульнева і грамадзянін Украіны Максім Саўчук. Таксама была агучаная пагроза крымінальным пераследам усім, хто пісаў у чат-бот БРЦ.

    Негалоснае ануляванне пашпартоў беларускіх грамадзян, што былі вызваленыя і вывезеныя з Беларусі ў выніку дыпламатычных намаганняў ЗША, стала яшчэ адной формай транснацыянальнага пераследу. З гэтым, у прыватнасці, сутыкнуўся журналіст Ігар Карней.

    Завочна асуджаны за «экстрэмізм» да 5 гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу гродзенец Уладзімір Хільмановіч стаў першым журналістам, якога пазбавілі нерухомай маёмасці ў Беларусі: у чэрвені ўлады прадалі з аўкцыёну яго кватэру і лецішча.

    ЦЭНЗУРА

    Так званыя «экстрэмісцкія» злачынствы заставаліся галоўнай фармальнай падставай для пераследу прадстаўнікоў незалежнага медыясектара і цэнзурных абмежаванняў.

    За разгляданы перыяд у пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў», што вядзецца Міністэрствам унутраных спраў Беларусі, унеслі 5 незалежных медыяпраектаў: «Новы Час», Беларускі расследавальніцкі цэнтр, YouTube-канал «Часики тикают», Reform.news, а таксама партал Proin­fo.nеws (апошні пазначаны ў пераліку на сайце МУС як «Беларуская асацыяцыя журналістаў», хаця не мае да яе дачынення).

    У пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», патрапілі 5 медыясупрацоўнікаў, асуджаных да пазбаўлення волі: журналістка Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч, радыёвядоўца і музыка Алег Хаменка, дырэктар Intex-Press Уладзімір Янукевіч і ягоны намеснік Андрэй Пакаленка.

    Двойчы асуджаны журналіст Аляксандр (Алесь) Любянчук быў прызнаны «асобай, якая мае дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Працягвалася папаўненне велізарнага спісу на сайце Міністэрства інфармацыі новымі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — публікацыямі беларускіх і замежных незалежных крыніц інфармацыі, доступ да якіх мае быць заблакаваны і за распаўсюд якіх прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У прыватнасці, у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» унеслі сайты «Голасу Амерыкі» і расійскага анлайн-выдання «Медиазона». 27 мая «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» быў прызнаны Threads-акаўнт Беларускай асацыяцыі журналістаў baj.media.by.

    Адзначаюцца выпадкі паўторнага ўключэння ў гэты спіс адных і тых жа медыярэсурсаў. Так, сайт выдання «Першы Рэгіён» трапіў у яго ажно ў чацвёрты раз (упершыню яго змест быў прызнаны «экстрэмісцкім» яшчэ напрыканцы 2021 года).

    7 мая расійскае кантрольнае ведамства Раскамнагляд заблакавала доступ да сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў на тэрыторыі Расіі — хутчэй за ўсё, занепакоенасць ведамства выклікала папулярнасць сярод расіян публікацый на сайце БАЖ, у якіх расказваецца пра метады абыходу цэнзуры і блакіровак у інтэрнэце.

    Шэсць беларускіх медыя ў выгнанні («Зеркало», Reform.news, «Наша Ніва», «Позірк», «Медиазона. Беларусь», «Еўрарадыё»), а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў сталі мішэннямі для рэгулярных DDoS-атак — такія кібернапады перагружаюць сайты велізарнай колькасцю інтэрнэт-запытаў і робяць іх недаступнымі для сапраўдных наведнікаў.

    Непажаданую ўвагу беларускіх уладаў сталі прыцягваць набіраючыя папулярнасць сацыяльныя сеткі. Так, вядомы прапагандыст Ігар Тур у эфіры «Гродно Плюс» назваў сацыяльную сетку Threads «заведама варожай» і заявіў, што ўлады разглядаюць яе як магчымую пляцоўку «раскачкі» беларусаў. Пры гэтым прапагандыст прызнаўся, што выкарыстоўвае правакацыйныя метады зносін і вядзе таемную актыўнасць у Інтэрнэце з выкарыстаннем фэйкавых акаўнтаў.

    У чэрвені Следчы камітэт распаўсюдзіў паведамленне для грамадскасці пра тое, што «ва ўмовах росту колькасці выпадкаў распаўсюду дэструктыўнай інфармацыі следчыя ўзмацняюць маніторынг і аператыўнае рэагаванне на публікацыі і каментары, асабліва ў Threads і Tik­Tok, з наступнай прававой ацэнкай дзеянняў аўтара». Прынамсі, асаблівая ўвага будзе надавацца матэрыялам, якія змяшчаюць «дэзінфармацыю насельніцтва; распальванне сацыяльнай варожасці; заведама ілжывыя паведамленні пра небяспеку; рэабілітацыю нацызму».

    ПРАПАГАНДА Ў ДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ

    Прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі адбывалася ў ранейшым напрамку, але сутыкалася з пэўнымі перашкодамі на міжнародным узроўні.

    З 1 красавіка ў Беларусі з’явіўся новы прапагандысцкі тэлеканал «Союзный», ён узнік у выніку рэфармавання так званых саюзных СМІ Беларусі і Расіі і ўваходзіць у структуру «Медыякампаніі Саюзнай дзяржавы». «Союзный» замяніў сабой прапагандысцкі тэлеканал «БелРос» з амаль дваццацігадовай гісторыяй.

    Увечары 3 красавіка беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што відэахостынг YouTube выдаліў іх каналы, а менавіта — Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БелТА), тэлеканалаў «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ) і «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ). Праз некалькі дзён СТБ запусціў новы YouTube-канал, які таксама быў выдалены.

    У адказ праўладныя СМІ ў сваіх абураных каментарах пагражалі відэаплатформе YouTube наданнем «экстрэмісцкага» статусу і поўным блакаваннем у Беларусі. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заявіла, што ацэньвае гэтыя блакіроўкі як «несяброўскі і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцце неабходных мер рэагавання».

    Новы кіраўнік міністэрства інфармацыі Дзмітрый Жук, прызначаны 9 красавіка, стрымана выказаўся ў адказ на пытанне, ці будуць блакаваць YouTube у Беларусі: «Трэба шукаць іншыя механізмы ўзаемаадносін з гэтымі буйнымі гульцамі сусветнай медыяпрасторы». Аднак блакаванне YouTube-каналаў БелТА, СТБ і АНТ ён назваў «інфармацыйнай вайной без правіл».

    14 мая стала вядома, што YouTube заблакаваў яшчэ адзін беларускі прапагандысцкі канал, гэтым разам дзяржаўнай радыёстанцыі «Радыё Беларусь», што вядзе вяшчанне для замежнай аўдыторыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.