Бабруйскі журналіст Дзяніс Носаў выйшаў на волю пасля «сутак»
Як стала вядома БАЖ, пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю журналіст рэгіянальнага выдання «Вечерний Бобруйск» Дзяніс Носаў.

Дзяніс Носаў. Фота: сацсеткі
Журналіста прыватнага бабруйскага выдання Дзяніса Носава затрымалі 8 красавіка. У праўладным тэлеграм-канале пазней з’явілася прымусова-пакаяльнае відэа з ім: журналіст распавядаў, што з 2020 года адпраўляў у Telegram сваім знаёмым «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне падпісаўся на «экстрэмісцкія каналы», каб быць у курсе падзей. Дзяніс таксама казаў, што за свае дзеянні «будзе адпраўлены ў ІЧУ».
15 красавіка з’явілася інфармацыя, што суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска прызначыў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту, прызнаўшы вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (паводле арт. 19.11 КаАП РБ). 23 красавіка стала вядома, што журналіст выйшаў на волю пасля адбыцця пакарання.
Дзяніса Носава затрымлівалі і арыштоўвалі на «суткі» ў 2020 і 2022 гадах.
