• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Экс-рэдактар Рамуальд Улан выйшаў на волю пасля чарговых «сутак». Зноў сядзеў за «экстрэмізм»

    Заснавальнік ліквідаванай уладамі «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан вызваліўся пасля тыднёвага адміністрацыйнага арышту. Падставай да затрымання сталі спасылкі ў сацсетках на медыярэсурсы, якія постфактум сталі «экстрэмісцкімі».  

    30 чэрвеня Рамуальда Улана выклікалі ў Смаргонскі РАУС для атрымання папярэджання за нібыта «парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду». У віну яму ставілася адміністрацыйнае пакаранне, калі прадпрымальніка затрымалі на трое сутак паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

    Нягледзячы на выходныя з прычыны афіцыйнага Дня незалежнасці, 3 ліпеня дзяжурная брыгада Смаргонскага раённага суда пакарала былога палітвязня 7 суткамі адміністрацыйнага арышту. Тады дакладны артыкул не агучваўся, а сёння прычыну раскрыў сам Рамуальд Улан. 

    «Я зноў на волі пасля 7 сутак ізалятара. Падставы тыя ж, што і раней — пасты, фотаздымкі за 2021 і 2020 год. На жаль, сацсеткі буду змушаны закрыць, каб зноў чаго не знайшлі — тады яшчэ дазволенага, а цяпер  забароненага. Вось яна, рэальная Беларусь», — адсправаздачыўся ў Face­book Рамуальд Улан, папрасіўшы прабачэння ў кліентаў сваёй фірмы за вымушаную адсутнасць.

    Як сумна паіранізаваў ён з гэтай нагоды, пры падобнай тэндэнцыі звышпільнай увагі з боку сілавікоў давядзецца шукаць працаўніка на падмену. 

    Рамуальд Улан толькі ў траўні вярнуўся дадому з папраўчай установы адкрытага тыпу ў Гомелі, дзе адбываў 2,5 гады абмежавання волі нібыта за «абразу супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Прыступіць да паўнавартаснай працы ў сваім друкарска-тэхнічным цэнтры атрымліваецца з цяжкасцю — пастаянна пра сябе нагадваюць «праваахоўнікі».

    Так, 16 чэрвеня яго запрасіў на гутарку інспектар, адказны за нагляд пасля «хіміі». Там ужо чакалі капітан міліцыі і начальнік крымінальнага вышуку з матэрыяламі «адміністрацыйкі» — нібыта знайшлі ў сацсетках спасылкі на медыя, якія сёлета прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У выніку затрымалі на 72 гадзіны, пасля чаго старшыня суда Смаргонскага раёна Дзмітрый Багдановіч пакараў былога палітвязня трыма суткамі арышту паводле арт. 19.11 КаАП.

    30 чэрвеня гісторыя паўтарылася практычна адзін да аднаго, толькі што тэрмін за «рэцыдыў» гэтым разам павялічыўся. 

    Заснавальніка «Новай газеты Смаргоні» затрымалі 26 верасня 2020 года на падставе калектыўнай позвы смаргонскіх міліцыянтаў паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. Той сфатаграфаваў расклееныя ў горадзе налепкі са звесткамі пра сілавікоў, якія ілжэсведчылі на судовых працэсах, і выклаў у гарадской суполцы «Чуткі Смаргоняў» сацсеткі «ВКонтакте». Гэтыя дзеянні ў далейшым прыраўнялі да «паклёпу».

    5 студзеня 2021-га суддзя Смаргонскага раённага суда Сяргей Боландзь агучыў вырак — 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, абвінавачаны мусіў сплаціць пацярпелым за «маральныя пакуты»: чатыром міліцыянерам па 300 рублёў, тром — па 500, а таксама 600 рублёў дзяржпошліны.

    Праваабарончая супольнасць прызнала былога медыяменеджара палітычным зняволеным.

    На пачатку гэтага траўня Рамуальд Улан паведаміў, што дачасна выйшаў на волю праз ужыванне «амністыі» — такім чынам, тэрмін на «хіміі» для яго скараціўся амаль на паўгода.    

    У сярэдзіне 1990‑х Рамуальд Улан быў сярод беларускіх першапраходцаў, якія пачалі развіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Заснаванае ім выданне хутка набрала папулярнасць і ўтрая абышло накладам дзяржаўную раёнку.

    Пасля таго, як медыйны праект задушылі эканамічна, ён арганізаваў друкарска-тэхнічны цэнтр: зараджаў картрыджы, раздрукоўваў фотаздымкі, наносіў прынты на майкі і посуд, рэалізоўваў канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай.

    Паказальна, што сталымі кліентамі былі ў тым ліку сілавікі, суддзі, пракурорскія работнікі — балазе, офіс месціцца ў крокавай даступнасці да ўсіх згаданых структур.  

    Чытайце яшчэ: 

    «Падпісчыца пісала ліст Лукашэнку». Як беларускія незалежныя выданні працуць з рассылкамі

    Прапагандысты прымусілі былога калегу Дзмітрыя Лукшу стаць «экскурсаводам» па зоне

    Забрать нельзя оставить. Как белорусская журналистка возвращала свой автомобиль из Украины

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці