• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Таццяна Мельнічук: “Нас спрабуюць звесці да ролі памагатых улады. Але мы такімі не будзем”

     

    5 лістапада ў Мінску “Беларускі калегіум” урачыста распачаў 19-ы акадэмічны год. Новая кіраўніца аддзялення журналістыкі “БК” Таццяна Мельнічук павітала будучых навучэнцаў.

    “Трывожная навіна: днямі кампанія “Яндэкс” запускае інфармагенцтва, навіны для якога будзе пісаць робат, – абвясціла сабраным карэспандэнтка «Бі-Бі-Cі» ў Беларусі. – Я да чаго? Да таго, што нам наступаюць на пяткі…”

    Каб застацца ў прафесіі, журналістам, нягледзячы на ўзрост, даводзіцца вучыцца і перавучвацца, – падкрэсліла Таццяна Мельнічук. Напісаць няхай сабе і шыкоўны тэкст – ужо замала. Часам трэба быць і фотакарэспандэнтам, і відэааператарам, і рэжысёрам, які здолее спалучыць гэта ўсё ў адзін прадукт.  

    “Вось усім гэтым страхам мы і будзем вучыць вас”, – абнадзеіла выкладчыца. Паабяцаўшы, што ў яе ўжо ёсць дамоўленасці з цэлым пулам беларускіх і замежных прафесіяналаў, якія пагадзіліся падзяліцца сваім досведам з навучэнцамі “БК”.  

    “На жаль, журналістыка сёння праходзіць жорсткае выпрабаванне, месцамі рызыкуючы скаціцца да прапаганды. Інфармацыйны фронт, на жаль, сапраўды ёсць, і мы павінныя ведаць, як на ім сябе паводзіць, – канстатавала Таццяна Мельнічук. – Шмат дзе нас спрабуюць звесці да ролі памагатых улады. Але мы такімі не будзем”.

    Нагадаем: 16 гадоў аддзяленне журналістыкі ў “Беларускім калегіуме” ўзначальваў Алесь Анціпенка. Два гады ім кіраваў Максім Жбанкоў, які абвесціў пра свой сыход з “БК” 1 кастрычніка 2015 года. У інтэрв’ю рэсурсу mediakritika.by эксперт патлумачыў гэта тым, што прыход на пасаду кіраўніка Ірыны Дубянецкай прывёў да ўтварэння “адміністратыўнай дыктатуры”. Спн. Дубянецкая запэўніла ў адказ, што праект не стаў бюракратычным, але выклікі часу вымагаюць больш папяровай працы.

    “Беларускі калегіум – гэта ўнікальная інстытуцыя беларускай прасторы, – падкрэсліла І. Дубянецкая на імпрэзе 5 лістапада. – Нічога падобнага не было, тым больш калі ўлічыць, у якіх умовах ён існаваў. Але не наша трывушчасць мае загалоўнае месца ў гэтай унікальнасці. А тое, што ад пачатку ён згуртаваў інтэлектуальную і творчую эліту Мінска, якая працавала па формах і сэнсах, па якіх ніхто тут больш не працаваў”…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці