• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алесю Бяляцкаму ў ЗША ўручылі медаль за служэнне дэмакратыі

    У Вашынгтоне старшыню ПЦ «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і былога палітвязня Алеся Бяляцкага адзначылі медалём Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі (NED) за шматгадовую працу дзеля свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Узнагарода стала асабліва сімвалічнай на фоне новай крымінальнай справы супраць яго ў Беларусі.

    Алесю Бяляцкаму ў ЗША ўручылі медаль за служэнне дэмакратыі

    Алесь Бяляцкі на цырымоніі Democ­ra­cy Awards, 11 верасня 2026 года. Фота: Вясна

    Цырымонія ўзнагароджання адбылася 10 верасня ў Вашынгтоне. Медаль за служэнне дэмакратыі (Democ­ra­cy Ser­vice Medal) праваабаронцу ўручыў Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі — амерыканская недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, якая падтрымлівае развіццё дэмакратычных інстытутаў, правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці ў розных краінах свету.

    NED паведаміў, што гэтым разам узнагародзіў нобелеўскага лаўрэата за ягоны ўнёсак у служэнне дэмакратыі і асобна адзначыў, што Алесь Бяляцкі перажыў зняволенне і пераслед за супраціў аўтарытарызму, дакументаванне злоўжыванняў беларускага рэжыму і абарону людзей, чые асноўныя правы былі парушаныя.

    “Яшчэ дзевяць месяцаў таму я сядзеў у турме ў жорсткіх умовах і не мог сабе ўявіць, што калі-небудзь выйду на волю… Аніводнай хвіліны пасля вызвалення я не забываю, што ў лукашэнкаўскіх турмах знаходзяцца яшчэ больш за 900 зняволеных”, — кажа праваабаронца.

    Медаль за служэнне дэмакратыі NED заснаваў у 1999 годзе. Ім узнагароджваюць людзей, якія дзякуючы асабістай адданасці зрабілі значны ўнёсак у развіццё свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі. Сярод папярэдніх атрымальнікаў — польскі палітык і адзін з лідараў “Салідарнасці” Лех Валенса, чэшскі прэзідэнт Вацлаў ГавэлДалай-лама, а таксама іншыя вядомыя дзеячы дэмакратычнага руху.

    “Для мяне гонар быць узнагароджаным мэдалём за служэнне дэмакратыі поруч з выбітнымі людзьмі, якія змагаліся за свабоду і супраць таталітарызму, такімі як Вацлаў Гавэл і Асвальда Пая́… Два гады таму вы ўшанавалі гэтым медалём беларускую дэмакратычную лідэрку Святлану Ціханоўскую, а цяпер тут я — гэта прызнанне свабодалюбнага памкнення беларускага народу, які хоча жыць у незалежнай і дэмакратычнай краіне…” — каментуе ўзнагароджанне Алесь Бяляцкі.

    Алесь Бяляцкі на цырымоніі Democ­ra­cy Awards, 11 верасня 2026 года. Фота: Вясна

    Разам з нобелеўскім лаўрэатам сёлета адзначылі антываеннае аб’яднанне духавенства Friede Allen — Peace Upon All, журналістаў эфіопскага выдання Addis Stan­dard, арганізатараў дэмакратычнага руху “Вясенняя рэвалюцыя” ў М’янме, кубінскіх актывістаў Луіса Мануэля Атэра Алькантару, Майкеля Кастыльё Перэса і Фелікса Навара, а таксама сірыйскі цэнтр, які працуе ў сферы медыя і свабоды выказвання меркаванняў.

    Узнагароджанне адбылося на фоне новага пераследу праваабаронцы ў Беларусі. 5 жніўня яго абвясцілі ў вышук. Яго картка з’явілася ў базе МУС. Падставай для вышуку пазначаная “крымінальная справа”, без удакладнення артыкула Крымінальнага кодэкса.

    Узбуджэнне новай крымінальнай справы не стала для яго нечаканасцю. Паводле праваабаронцы, непасрэднай пагрозы ягонай асабістай бяспецы цяпер няма, аднак яму даводзіцца больш уважліва выбіраць краіны для паездак і пазбягаць дзяржаў, якія могуць выдаць яго беларускім уладам. Пры гэтым праваабаронца заявіў, што не збіраецца спыняць сваю працу:

    “Гэты рэжым павінен панесці юрыдычную адказнасьць і за ўдзел у расійскай вайне супраць Украіны, і за катастрофу з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выкараняе беларускую мову і ідэнтычнасць, ён давёў Беларусь да поўнай залежнасці ад пуцінскай Расіі, стаўшы ў яе руках гібрыднай зброяй супраць Украіны і Еўропы”.

    Алесь Бяляцкі на цырымоніі Democ­ra­cy Awards, 11 верасня 2026 года. Фота: Вясна

    Узнагарода ў Вашынгтоне стала не толькі прызнаннем шматгадовай праваабарончай дзейнасці Алеся Бяляцкага, але і публічным сігналам падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху ў момант, калі сам нобелеўскі лаўрэат зноў стаў фігурантам крымінальнага пераследу з боку беларускіх уладаў.

    “Дзякуючы санкцыям і амерыканскай дыпламатыі ўлады ў Менску былі вымушаныя выпусціць з турмаў некалькі соцень палітычных зняволеных. Праўда, на іх месца ўжо набралі новых палітвязняў. Гэтыя рэпрэсіі павінны скончыцца назаўсёды і для ўсіх”, —нагадвае праваабаронца.

    У сваім выступе Алесь падкрэсліў, што пэрспектыва вяртання міру, свабоды і справядлівасьці ў наш рэгіён залежыць ад моцы украінскага духу, ад адзінства свабоднага свету і ад далейшага лёсу Беларусі.

    “Дэмакратыі павінны не заіграваць з дыктатурамі, а захоўваць сваё адзінства, у тым ліку ў трансатлантычным і глабальным маштабе. Нагадаю думку Імануэля Канта пра тое, што толькі ў свеце дэмакратыяў магчымы стабільны мір”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.