«Для гісторыі». Фатограф-дакументаліст Аляксандр Васюковіч расказаў, як вынес з Валадаркі малюнкі Алеся Пушкіна
Беларускі фатограф-дакументаліст Аляксандр Васюковіч здолеў зрабіць у СІЗА на Валадарскага копіі малюнкаў мастака Алеся Пушкіна, якія той пакінуў на сцяне ў камеры. Пра гэта Васюковіч расказаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Копія малюнка Алеся Пушкіна, пакінутага на турэмнай сцяне. Фота: Аляксандр Васюковіч
«Гэта была першая камера, у якую я трапіў на Валадарцы, у так званым шанхаі. У ёй утрымліваліся 24 чалавекі. Да мяне там нехта і з Litesound сядзеў, і Алесь Пушкін таксама. Дык вось, мне паказалі малюнак — рысачкі, якія маляваў на сцяне Алесь Пушкін. Я папрасіў сваіх, каб мне пераслалі ў перадачы кальку, каб можна было яго скапіяваць. І я зрабіў гэта. І ў выніку вынес на свабоду», — распавёў Аляксандр Васюковіч.
«Вельмі балюча было гэта ўсё бачыць, таму што я быў да гэтага на пахаванні Алеся… І, блін, не ведаю, мне падалося, што ўсё, што я мог зрабіць, — гэта вынесці адтуль тую штуку. Для гісторыі», — дадаў фатограф.
Зараз СІЗА на Валадарскага расфармавалі, таму гэты артэфакт сапраўды з’яўляецца ўнікальным сведчаннем апошніх месяцаў жыцця таленавітага мастака.

Копія малюнка Алеся Пушкіна, пакінутага на турэмнай сцяне. Фота: Аляксандр Васюковіч
Нагадаем, Аляксандр Васюковіч быў асуджаны ў Мінску 18 студзеня 2024 года за ўдзел у пратэстах 2020-га, якія асвятляў як фотажурналіст. Яму прызначылі тры гады «хатняй хіміі». Пасля прысуду пры дапамозе фонду салідарнасці BYSOL Васюковіч выехаў з Беларусі.
Палітзняволены мастак Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі «пры нявысветленых абставінах». Мастака ў непрытомным стане даставілі ў гродзенскую бальніцу, выратаваць яго не змаглі.
