• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Фінансаванне беларускіх медыяў пагаршаецца. Усё больш адчуваецца канкурэнцыя з боку расійскіх СМІ». Што рабіць?

    Трывожны кейс з сайтам KYKY — гэта не выпадковасць. Хутчэй за ўсё праблемы з фінансаваннем у бліжэйшы час адчуюць многія незалежныя медыя. Пасля трох гадоў працы ў выгнанні для беларускіх СМІ надышоў чарговы перыяд турбулентнасці, і ўжо відавочна, што не ўсе мінуць яго паспяхова. Але ці ёсць выйсце?

    Чаму праблемы ўзніклі цяпер?

    Насамрэч пра неабходнасць устолівых мадэляў фінансавання шмат гаворыцца на закрытых (і не толькі) сустрэчах. Але назваць такой сістэму грантаў складана. Па-першае, у адрозненні ад рэкламнай мадэлі, грантавыя магчымасці моцна дыверсіфікаваныя. Прасцей кажучы, у мінулым годзе конкурс быў, а сёлета — няма, і медыям часта прыходзіцца шукаць новыя праграмы. Па-другое, толькі ўрадавыя праграмы часцей за ўсё маюць публічны заклік на падачу заявак.

    Цяпер кажуць пра фармальнасці, напрыклад, недахопы ў афармленні грантавых заявак. Але ж раней тыя ж самыя праекты існавалі на працягу гадоў, напэўна, у менеджэраў маецца неабходны вопыт, і яны здолелі б падрыхтаваць дакументы як мае быць. Што ж змянілася?

    — У першы час пасля рэлакацыі ў свеце быў сур’ёзны фокус увагі да Беларусі. Былі як каротка‑, так і доўгатэрміновыя праграмы па падтрымцы. Нейкі люфт да выжывання заставаўся, — нагадвае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

    Аднак пасля пачатку шырокамаштабнай вайны ва Украіне сітуацыя карэнным чынам змянілася.

    «Некаторыя донары разглядаюць Беларусь у адным пакеце з расійскімі ліберальнымі медыямі»

    Ёсць яшчэ адзін важны фактар, які трэба ўлічваць. Усё часцей беларускія медыяменеджэры звяртаюць увагу на канкурэнцыю з боку СМІ з суседняй краіны, якія таксама прэтэндуюць на рэсурсы па падтрымцы незалежнай журналістыкі.

    — Апошнія падзеі паказваюць, што колькасць сродкаў для беларускіх медыяў змяншаецца, і гэта звязана ў тым ліку з тым, што некаторыя донары разглядаюць Беларусь у адным пакеце з расійскімі ліберальнымі медыямі, — падкрэслівае Барыс Гарэцкі. — Атрымліваецца конкурс з высокімі патрабаваннямі, але без уліку лакальнай сітуацыі.

    Напрыклад, была ўмова, каб ахоп у СМІ быў не меней 1 мільёна чалавек. Але адна гаворка пра краіну, дзе, па афіцыйных звестках, насельніцтва складае 9,3 млн чалавек, а другая — пра дзяржаву з 143-ма мільёнамі. Розніца — у 15 разоў!

    У такім выпадку лагічна ўлічваць не колькасныя паказчыкі, а ахопы аўдыторыі ў працэнтах. Інакш атрымліваецца як у старым анекдоце, дзе удзельнічалі два лёгкаатлеты: амерыканец прыйшоў перадапошнім, паведамляла радыё СССР, а савецкі бягун крыху адстаў ад лідэра.

    Нагадаем, што, згодна з дадзенымі Беларускай аналітычнай майстэрні,57% грамадства давярае незалежным медыям. Ва ўмовах крыміналізацыі журналістыкі, лічаць сацыёлагі, беларусы застаюцца адкрытыя да альтэрнатыўных крыніц. Тытанічныя намаганні рэжыму па насаджэнні інфармацыйнай гігіены вельмі складана назваць паспяховымі.

    Рытарычнае пытанне: ці могуць расійскія ліберальныя медыя аб’ектыўна і поўна асвятляць падзеі ў Беларусі?

    Фармальны падыход падсвечвае прыкры і небяспечны факт: нашыя незалежныя медыя далёка не ўсе ўспрымаюць як суб’ект, не хочуць бачыць розніцу паміж беларусамі і расіянамі, нягледзячы на шматлікія просьбы і намаганні дэмакратычных палітыкаў.

    Менавіта пра гэта казаў нядаўна галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў:

    — У еўрапейскіх бюрактараў пачынае панаваць падыход, што ёсць «медыя ў выгнанні», і не мае значэння, з якой краіны гэтыя медыя — Беларусь, Расія і г.д. Нас аб’ядноўваюць і грошы выдзяляюцца на ўсіх. Ацэньваюць па ахопах. Але мільён падпісчыкаў на YouTube для расійскіх медыя і мільён падпісчыкаў для беларускіх СМІ параўноўваць нельга.

    Да таго ж, расійскія медыя кажуць, што ў нас частка падпісчыкаў з Беларусі і мы можам пісаць і для іх. Еўрапейскіх палітыкаў гэта задавальняе: праблема вырашана.

    Але ж ці могуць расійскія ліберальныя медыя аб’ектыўна і поўна асвятляць падзеі ў Беларусі? Ці ёсць у іх крыніцы, разуменне і, галоўнае, жаданне? Відавочна, што не.

    Дастаткова паглядзець, як падавалася імі апошняя навіна пра праблемы песімізацыі незалежных беларускіх рэсурсаў у Google, на што звярнуў увагу Media IQ. Расійскія СМІ перадрукавалі навіну Finan­cial Times і змясцілі акцэнт, сказіўшы інфармацыю. Нібыта гаворка ішла пра РФ з Беларуссю, хаця гэта не так. У арыгінале Расія ўвогуле не згадвалася.

    «У некаторых незалежных медыяў засталіся сродкі на месяц-два працы»

    Каб аб’ектыўна ацэньваць працэсы, то можна ўзгадаць, колькі расійскіх медыяпраектаў з’явілася пасля пачатку вайны: Astra, «Вёрстка», «Дрон», «Проект» і інш.

    А што назіраем у беларускай медыясферы? Зачыніліся першая прыватная радыёстанцыя BA, слуцкае раённае выданне «Інфа-кур’ер», тэлеканал «Ранак», літаратурны часопіс «Дзеяслоў». За апошні час пра праблемы з фінансаваннем абвесцілі Reform.by, Plan B, KYKY. Спіс можна працягваць…

    — У некаторых незалежных медыяў засталіся сродкі на месяц-два працы, — папярэджвае Барыс Гарэцкі.

    Агульнымі тэндэнцыямі сталі атамізацыя медыяў і журналістаў (многія распачынаюць свае уласныя праекты), сыход з прафесіі ў сумежную вобласць (праца ў НДА ці SMM) ці іншую сферу (некаторыя падаліся ў IT) альбо праца ў іншай юрысдыкцыі (журналісты ўладкоўваюцца ў СМІ краін знаходжання, ёсць таксама выпадак, калі беларускія журналісты адкрылі новае медыя з мясцовай тэматыкай у іншай дзяржаве — DigitalBusiness.kz).

    Канешне, усё гэта — дэматывуючыя працэсы, якія не ідуць на карысць незалежнай медыясферы. Тыя ж Telegram- і YouTube-каналы, якія фонды фінансуюць з большай ахвотай (бо каманда маленькая, грошаў патрэбна не так шмат, а лічбы праглядаў — спакуслівыя), не змогуць існаваць без класічных СМІ, адкуль яны ж самі часцяком бяруць правераную і аб’ектыўную інфармацыю.

    «Мы не перастанем казаць, што беларуская незалежная журналістыка вартая падтрымкі»

    Беларуская медыясфера сутыкнулася з беспрэцэдэнтным выклікам: незалежныя выданні працуюць у выгнанні, зарабляць самастойна не могуць. Ці ёсць выйсце?

    — Як выжываць медыям — складанае пытанне, — прызнае Барыс Гарэцкі. — Ніколі лёгкіх часоў не было, але раней незалежныя СМІ, калі знаходзіліся ў Беларусі, маглі зарабляць на рэкламе. Цяпер жа многія абвешчаныя «экстрэмісцкімі» выданнямі і пазбаўленыя гэтай магчымасці: ніводная кампанія з Беларусі не рызыкне сваім бізнэсам, бо любое ўзаемадзеянне з «экстрэмістамі» — крыміналізаванае.

    Так, на сайтах некаторых медыяў час ад часу з’яўляецца рэклама, але яна прыносіць мізэрны працэнт прыбыткаў. Выжываць за гэты кошт немагчыма.

    Тое ж самае тычыцца фінансавай падтрымкі з боку чытачоў. Гэтая хваля пасля 2020 года па зразумелых прычынах скарацілася. Усплёск данатаў дапаможа таму ж Reform.by і Plan B (пасля крыку «SOS») у кароткатэрміновай перспектыве, але ж на пажарных мерах доўгі час не працягнеш.

    Ёсць думка, што інтэграцыя медыяпраектаў можа дапамагчы ў складаны час, але паспяховых прыкладаў на дадзены момант не знаходзіцца. Толькі было анансавана з’яўленне сумеснага праекту пры ўдзельніцтве Malan­ka Media і «Еўрарадыё», але канкрэтыкі пакуль няма.

    Калі ж журналісты пачнуць зарабляць на іншых паслугах — напрыклад, адукацыйных — то гэта будзе значыць менш працы на медыя.

    — Не думаю, што гэта паспяховы шлях, — заўважае Барыс Гарэцкі. — Адбудзецца падмена базавай прафесійнай функцыі. Сёння СМІ — не бізнэс, а сацыяльная місія па данясенні свабоднай і важнай інфармацыі для беларускага грамадства.

    Канешне, ёсць досвед Літвы, чые журналісты выжывалі ў савецкі час за мяжой. Была створаная экасістэма з кампаній і арганізацый, заснаванымі дыяспарай у Амерыцы і іншых краінах. Але для гэтага патрэбен час, а беларускія рэлаканты яшчэ не паспелі адысці ад шоку пасля вымушанай эміграцыі — ім бы захаваць сваю справу.

    — Іншыя спосабы манетызацыі таксама не прыносяць шмат даходу — продаж мерчу і г. д. не дазваляе аплочваць штомесячную працу нават аднаго супрацоўніка, — дадае намеснік старшыні БАЖ.

    Такім чынам адзінае сур’ёзнае, на што можа разлічваць незалежнае медыя, — гэта донарская падтрымка. Калі ж партнёр па нейкай прычыне скарачае падтрымку альбо наогул сыходзіць з Беларусі, журналістам становіцца яшчэ складаней. Апошняя магчымасць — звярнуць увагу ў публічнай прасторы.

    — Тое, што беларускія медыя маюць значна большую гісторыю поспеху і больш эфектыўную працу, чым расійскія ліберальныя СМІ, БАЖ кажа на ўсіх магчымых пляцоўках — на афіцыйных сустрэчах з ЕС, сумесных сазвонах з буйнымі фондамі, размовах з прыватнымі донарамі, — падсумоўвае Барыс Гарэцкі. — Напрыклад, у снежні Андрэй Бастунец падчас пасяджэння дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю звяртаў увагу еўрадэпутатаў на праблемы медыяў. Мы не перастанем казаць, што беларуская незалежная журналістыка сапраўды вартая падтрымкі, і дзякуем кожнаму, хто працягвае нам руку дапамогі.

    Чытайце яшчэ:

    Аднойчы знікнуць усе газеты. І што далей?

    Хто тыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады дзякуюць за інфармпалітыку?

    Cайт kyky.org прыпыняе працу праз праблемы з фінансаваннем

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці