Галоўны рэдактар iXBT.games атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту
Відэа з «прызнаннем» галоўнага рэдактара сайта iXBT.games і гульнявога стрымера Віталя Казунова апублікаваў 18 сакавіка праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавых структур.

Віталь Казуноў. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook
На відэа мужчына распавядае, што ў 2020 годзе ў сацыяльнай сетцы Facebook ён апублікаваў «фота з пратэстаў» і «забароненую бел-чырвона-белую сімволіку». Акрамя таго, Віталь Казуноў гаворыць, што ў 2017 размесціў выяву цемнаскурай дзяўчыны ў нацысцкай форме, якая «прызыўна глядзіць у камеру».
19 сакавіка суд прыгаварыў яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак невядома, па якіх артыкулах яго абвінавацілі.
Віталь Казуноў — гульнявы стрымер і галоўны рэдактар сайта з навінамі са свету мабільных і камп’ютарных гульняў, інтэрнэт-індустрыі і камп’ютарных камплектуючых.
