• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомель: Трэці за гэты год штраф Ларысе Шчыраковай

    Суд Рэчыцкага раёна (суддзя Святлана Пырх) прызнала гомельскую фрыланс-журналістку, сябру ГА “БАЖ” Ларысу Шчыракову вінаватай у “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” і на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП  пастанавіла аштрафаваць яе на 25 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў).

    Паводле пастановы суда, 6 лютага ў Рэчыцы на рынку “Славянскі” Шчыракова, “не з’яўляючыся журналістам сродку масавай інфармацыі, не маючы на тое права, правяла інтэрв’юіраванне грамадзян, падрыхтавала відэасюжэт пад назвай “Адміністрацыя рынку ў Рэчыцы рабуе гандляроў”, які ў той жа дзень размясціла на сайце тэлеканала “Белсат”, тым самым ажыццявіла незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

    Такое ж “парушэнне”, паводле судовай пастановы, Ларыса Шчыракова ўчыніла і 12 лютага, падрыхтаваўшы відэасюжэт “Нялюдскія ўмовы на Рэчыцкім рынку” – і таксама нібыта размясціла на сайце тэлеканала “Белсат”.

    Справу разглядалі яшчэ ў канцы сакавіка і без удзелу журналісткі – яна была за межамі Беларусі і пакідала суду адпаведную заяву.

    “Выглядае, што суддзі жывуць у нейкім віртуальным свеце, думаючы, што журналіст пры дапамозе чароўнай палачкі  размяшчае ўсё  і ўсюды, што толькі  і дзе захоча – на “Белсаце”, CNN, у Wash­ing­ton Post.  Як я магу дзе што-небудзь размясціць, калі я нават не маю доступу да таго ж сайту “Белсата”? Я як грамадзянка і фрылансер маю права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю – па Канстытуцыі. А мне суд прыпісвае функцыі юрыдычнай асобы, у дадзеным выпадку тэлеканала “Белсат”, які сапраўды вырабляе прадукцыю СМІ і распаўсюджвае яе”, – каментуе штраф службе маніторынгу ГА “ БАЖ” Ларыса Шчыракова.

    “Дапамагаюць зачышчаць медыйнае поля перад прэзыдэнцкімі выбарамі, – лічыць яна. – Эканоміка краіны “прасела”,  сацыяльны кантракт не выконваецца, таму і  б’юць рублём, прымушаюць маўчаць”.

    Гэта сёлета ўжо трэцяе пакаранне Ларысе Шчыраковай. У студзені яна здымала пікет адзіночкі-інваліда ў Светлагорску, пасля чаго яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі штрафам. 12 сакавіка суддзя Цэнтральнага суда Гомеля Віктар Казачок аштрафаваў Шчыракову на 20 базавых велічыняў – за  выраб  без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў  “прадукцыі СМІ” для тэлеканалу “Белсат”.

    Агулам сума штрафаў журналістцы склала 8 мільёнаў рублёў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці