• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Імпатэнцыя беларускага журналіста: яны хочуць, а я не магу

    Рэдкае здарэнне

    Звычайна на нашых людзей прыходзіцца “паляваць”, каб здабыць грамадскае меркаванне на камеру. А тут каля ГУМа яны падышлі самі — дзядзечка з рудавалосай жанчынай. Яны выглядалі стомленымі і “не местнымі”. На шляху з Вярхоўнага суда ў Генпракуратуру яны сустрэлі нас, журналістаў, і прынялі гэтую сустрэчу за шчаслівы шанец.

    Дзядзька заявіў, што ён гатовы расказаць “пра іх” усё — нават праўду. Гэта гісторыя пра яго дачку-падлетка. Дзяўчынка 2 гады жыве ў дзіцячым доме пры жывых маці і бацьку. Калісьці каханне скочылася, быў развод, на якім былая жонка адмовілася ад дачкі на карысць былога мужа. Потым перадумала, пайшла дзялёжка – і дзіця аказалася ў абдымках дзяржавы.

    “Суды на баку былой жонкі, бо яна мае сувязі і гуляе з сябрам старшыні райвыканкама”, — абураецца бацька. Кажа, што нідзе ён не можа дабіцца праўды і справядлівасці. Зараз ён са сваёй старой маці ездзіць на прыёмы да розных чыноўнікаў. Нават да прэзідэнта спрабавалі патрапіць, але іх завярнулі. Пісалі лісты на СТВ, БТ, у газеты. Паўсюль маўчанне і ніякай дапамогі.

    “Можа, вы чым дапаможаце? Мы ўсе дакументы аддадмо”, — і дзядзька дастае з пакету кілаграмовы стос аркушоў, працягвае з такім позіркам, ад якога хочацца загарнуць небараку ў коўдру ды даць цёплага малака. Але я нікога не гарну і нічога не даю, нават надзеі. Бо гэта па-даросламу і абараняе маё сэрца ад расчараванняў.

     

    Першы сіняк

    Раней я бралася за падобныя тэмы з імпэтам. Самая балючая для мяне — гісторыя хлопца Віці. Яго я бачыла толькі адзнойчы ў судзе. Ён разрэзаў сабе жывот, калі яму незаконна далі 6 гадоў турмы за тэлефоннае “замініраванне” Цэнтральнага рынку ў Гомелі. У справе фігуравалі дзеці супрацоўнікаў гарвыканкама, каторыя з падазраваных раптам сталі сведкамі. Увесь астатні час Віця быў за кратамі.

    Гады 2 трымала я гэтую тэму навідавоку: здымкі, артыкулы, падсоўванне яе калегам. Адзінае, чаго мы дамагліся, — пратэст Генпракуратуры і безвыніковы перагляд справы Вярхоўным судом.

    Надзея на хуткае вызваленне памерла не толькі ў сэрцы маці, але і ў маім. Мы так многа гаварылі, так многа працавалі, а нічога не атрымалася. Тады ўпершыню я пачала падазраваць у сабе імпатэнцыю.

     

    Прафесійная імпатэнцыя

    Самы гарачы адэпт магутнасці медыяў, на мой погляд, – маці Уладзіслава Кавалёва. Яна верыла ў журналістаў, калі яны самі перасталі ў сябе верыць. Колькі разоў у размовах з калегамі мы прадракалі: “Іх расстраляюць…”

    Журналісты асвятлялі суд, каторы ўсе называлі тэатрам (ён, і праўда, па чыёйсьці здзеклівай задуме, адбываўся на сцэне), журналісты бралі каментары, паказвалі чыстыя без прыўкрас эмоцыі, выбудоўвалі версіі. А хлопцаў усё адно расстралялі.

    У дзень расстрэлу побач з маці Кавалёва была мая калега Вольга Чарных. Я патэлефанавала Вользе, а тая не магла размаўляць, бо яе душылі слёзы. Яна хацела дапамагчы і не магла паверыць, што мы нічога не змаглі. 

    Расстрэл Кавалёва стаў дыягназам беларускай незалежнай журналістыцы — імпатэнцыя.

     

    Простыя рэчы

    У такіх выпадках я адчуваю раздражненне, расчарванне і амаль што адчай з нявер’ем у свае сілы. Я ніколі не імкнулася ўсталяваць “мір ва ўсім свеце”, але адчувала, што прафесія журналіста — прафесія ўплывовая. І чакала ад свайго прафесійнага жыцця менавіта гэтага.

    Калі ты паказваеш, што труба цячэ, – значыць, сантэхнік дрэнна зрабіў сваю справу. Значыць, трубу павінны адрамантаваць, а да сантэхніка прымяніць санкцыі. І менавіта так мусіць быць! А тут ты усё паказваеш-паказваеш, а трубы цякуць і цякуць, гадамі…

    Колькі год працуе адзінае незалежнае тэлебачанне Белсат? Колькі год вяшчае Радыё “Свабода”? Колькі год змагаецца “Хартыя”?

    Навошта тады паказваць дзіравыя трубы? Навошта займацца запатрабаванымі тэмамі? Ці мае сэнс журналісту ў Беларусі наогул рыпацца і адказваць артыкулам на адчайную просьбу чытача аб дапамозе? І што рабіць? Я не бачу простага адказу на гэтыя пытанні.

     

    Сістэма “Clean&Clear

    Самых апантаных сістэма выціскае, як падлетак пераспелыя вугры. У Кіеве зараз жыве і працуе Сяргей Дарафееў і выдатная журналістка з мінскай “КП” Вольга Шастакова. З Лацінскай Амерыкі шле допісы Яўген Валошын… Усіх не пералічыць.

    Ты можаш застацца тут, але скіравацца ў іншую тэматыку: культура, спорт альбо шоў-бізнэс (там нават добра зарабляюць). А можаш не ставіць высокіх планак і не прад’яўляць замнога патрабаванняў да прафесіі. Строчыш сабе навіны ды рэрайты.

    Мяркую, з-за адчування прафесінай імпатэнцыі ўсё актуальней робіцца праблема разнастайнасці. Наракаюць, што чытаць, глядзець і слухаць у беларускай медыясферы няма чаго. Паўсюль адно і тое ж — нецікавае.

     

    І што рабіць?

    Чаму на семінарах заходнія разумнікі не вучаць, што рабіць у такіх сітуацыях?! Я была б ім такая ўдзячная!

    Што рабіць, калі любімы занятак пераўтвараецца ў пержыванне ўласнай дэфектыўнасці? Што рабіць, калі ты не верыш, што ў цябе атрымаецца тое, чаго яны (людзі) так хочуць, чаго калісьці хацеў і ты сам?..

    Акрамя як скласці лапкі, існуе яшчэ адно выйсце. Не ведаю, як яно спрацуе ў журналістыцы, а ў сэксалогіі гэта лічаць дзейсным метадам. Раз ты вычарпаў унутраныя рэзервы веры ў сябе, можа дапамагчы вера і падтрымка твайго партнёра. А хто яшчэ ёсць адзіным і верным партнёрам беларускага журналіста, як не людзі?

    (Пафасна выйшла, але, праўда, я пакуль не гатовая да іншага шляху і паспрабую гэты).

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці