• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ірландскія нататкі: 28 з’езд Міжнароднай федэрацыі журналістаў у Дубліне

    Першае ўражанне ад Дубліна стракатае. Натоўпы мясцовых і студэнтаў у цэнтры горада ў будні дзень, процьма помнікаў, бадай, кожнаму больш-менш вядомаму ірландцу, старажытныя замкі ўперамешку з будынінамі, расфарбаванымі ў карпаратыўныя колеры… Велізарная металічная стэла “Святла” ў самым цэнтры Дубліна ў гонар немаведама чаго… Ірландыя не паспявала здзіўляць і натхняць…

    Адмысловыя разеткі, левабаковы рух, але зона ЕЎРА!

    Ірландская ў заняпадзе. Шыльды пераважна двухмоўныя. Аднак у вуснай гаворцы мясцовую мову пачуеш нячаста.

    …..

    Першы дзень з’езду МФЖ уразіў багаццем талентаў сябраў мясцовага Брытанска-ірландскага саюза журналістаў, якія зладзілі сапраўднае свята гендэрнай роўнасці і трэйдюніянізму з тэматычнымі спевамі пад акампанемент банджа.

    Другі дзень у кампаніі з калегамі з міжнароднай журналісцкай супольнасці пачаўся суха і па-дзелавому з канферэнцыі “За прыстойную працу! Супраць зацягвання пасаў!”

    Еўрапейскія калегі нагадалі пра наступствы крызісу 2008 года і панаракалі на адсутнасць гатовых рашэнняў і па сённяшні дзень. Скарачэнні штатаў СМІ, сутыкненні фрылансераў і штатнікаў, закрыццё буйных выданняў, гублянне прафесійных стандартаў журналісцкай дзейнасці праз далучэнне да цэху фрылансераў і ан-лайн журналістаў…

    Аргументы на карысць пільнай неабходнасці захавання прафесіі гучалі важка і безапелятыўна…

    Кіраўнік Пакістанскага федэральнага саюзу журналістаў Пэрваіз Шаўкат усчыніў крык з высокай трыбуны: “Забіваюць! Ратуйце!” Сумнавядомы Талібан “падпісаў” і яго, і ягоную сям’ю… Што рабіць? Прэзідэнт МФЖ Джым Бумэла цяжка ўздыхнуў: “МФЖ ніколі не хапала рэсурсаў на праявы салідарнасці…”

    Калега з Нямецкага саюзу журналістаў Вольфганг Грэбенхоў быў нешматслоўны, але сыпаў “забойнымі” лічбамі:

    1)   Звыш 5000 журналістаў сышлі з прафесіі ў Нямеччыне толькі за 2012 год;

    2)   Сярэдні ганарар журналіста-фрылансера ў Еўропе за гатовы артыкул складае ад 2 да 20 еўра… Італьянскі рэпарцёр павесіўся ад такога “вясёлага” жыцця;

    3)   Каля 4000 журналістаў у Нямеччыне шукаюць іншую працу.

    Менш журналістаў – менш разнастайнасці – менш расследаванняў – менш грамадскага кантролю, падкрэсліваў нямецкі калега. У рэшце рэшт, трэнд вядзе да дэфіцыту дэмакратыі… У Еўропе! У 21 стагоддзі!

     Якасць журналісцкіх матэрыялаў скочваецца ў нікуды, заўважалі адзін за адным еўрапейскія калегі па пяру. Да журналістаў адцяпер залічваюцца піяршчыкі, блогеры і іншыя прыбышы.

    У выніку прафесія журналіста робіцца непрывабнай для маладога пакалення… Што вядзе да становішча, калі прэса робіцца вольнай… ад журналістаў.

    “Фрылансеры мусяць карыстацца сваімі правамі,” – падкрэсліваў калега з Італьянскага саюза журналістаў Франка Сіддзі. – “Яны з’яўляюцца гарантамі грамадзянскіх правоў на вольную інфармацыю.”

    Прэзідэнт МФЖ Джым Бумэла чарговы раз падкрэсліў у сваім выступе важкасць праяваў салідарнасці МФЖ з арганізацыямі-сябрамі і панаракаў на адсутнасць рэсурсаў у МФЖ на падобную дзейнасць. Таксама падкрэслівалася важкасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

    Вечар другога дня завершыўся урачыстым прыёмам дэлегатаў Кангрэсу МФЖ паэтам і Прэзідэнтам Ірландыі сп. Майклам Д. Хігінсам, а таксама спевамі Дублінскага хору геяў і лесбіек у гістарычным будынку Каралеўскага шпіталя Кілмайнхэм (відэа глядзіце ТУТ).

    ПРАЦЯГ БУДЗЕ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці