• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Трэба дамовіцца на той мінімум, што прымае большасць»: якім будзе новы Кодэкс этыкі журналістаў?

    Беларускі медыясектар плануе стварыць новы орган самарэгулявання і піша новы Кодэкс этыкі журналістаў. Пра гэта гаварылася на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання», якая прайшла ў Вільні 10 верасня.

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Канферэнцыя «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    Як вядома, да 2021 года існавала Камісія па этыцы БАЖ, якая разглядала звароты аб парушэннях журналісцкай этыкі, прафесійных стандартаў. Аднак пасля прызнання БАЖ экстрэмісцкім фарміраваннем Камісія прыпыніла сваю дзейнасць.

    Зараз у беларускім медыясектары ствараецца новы орган самарэгулявання, які будзе часткова выконваць тыя ж функцыі, што і Камісія па этыцы БАЖ.

    Але мы часткова закладаем крыху іншы парадак стварэння органа, — падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

    Што такое самарэгуляванне медыясупольнасці? Навошта патрэбны новы орган самарэгулявання? Хто і для каго піша этычныя правілы? 

    «У Польшчы самарэгуляванне СМІ і кодэксы этыкі не працуюць»

    Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Arti­cle 19 Ёана Шыманьска расказала пра агульнапрынятыя стандарты самарэгулявання.

    Arti­cle 19 гэта праваабарончая арганізацыя, якая займаецца свабодай слова ў шырокім сэнсе. Арганізацыя ўжо 30 гадоў займаецца распрацоўкай стандартаў, якія тычацца свабоды слова.

    Сама спадарыня Ёана супрацоўнічала з камісіяй па этыцы БАЖ яшчэ да 2020 года.

    Не існуе адзінага падыхода да працэсу самарэгулявання, усё залежыць ад кантэксту і ўмоў працы ў канкрэтнай працы, — падкрэсліла праваабаронца.

    Яна вылучыла тры асноўныя падыходы па самарэгуляванні медыя:

    • Заканадаўчае рэгуляванне: парламент, урад прымаюць законы рэгулявання працы медыяў. Гэта азначае моцнае ўмяшанне дзяржавы, якая напрамую кантралюе ўстанаўленне і выкананне стандартаў медыя. Самым відавочным прыкладам з’яўляецца рэгуляванне тэлерадыёвяшчальных СМІ.
    • Сумеснае рэгуляванне, якое спалучае элементы самарэгулявання з заканадаўчым рэгуляваннем (існуюць законы і правілы, якія ствараюць базу для самарэгулявання).
    • Самарэгуляванне, заснаванае на дабраахвотным падыходзе: заканадаўства не іграе ніякай ролі ў забеспячэнні стандартаў. Галоўная мэта падсправаздачнасць грамадству.

    Arti­cle 19 лічыць, што самарэгуляванне мусіць разглядацца як асноўная мадэль для медыясектара. Разам з тым самарэгуляванне мусіць быць эфектыўным яно павінна не толькі забяспечваць абарону журналістам, але і прыцягваць іх да адказнасці перад прафесійнай супольнасцю. А таксама гарантаваць, што медыі падсправаздачныя грамадскасці.

    Арганізацыі, якія выбіраюць самарэгуляванне, робяць гэта не перад пагрозай юрыдычнага пераследу, а па аб’ектыўных прычынах: жаданне ўзмацняць рэпутацыю сваёй прафесіі і медысектара. Самарэгуляванне абапіраецца на разуменне каштоўнасцяў прафесійнай этыкі.

    Мы лічым, што самарэгуляванне можа быць паспяховым толькі пры наяўнасці прававой базы, якая забяспечвае гарантыі правоў на свабоду выказвання і свабоду інфармацыі, — адзначыла Ёана Шыманьска.

    Прадстаўніца Arti­cle 19 мяркуе, што лепш за ўсё, каб усе журналісцкія асацыяцыі прынялі адзіныя прафесійныя стандарты. Хаця міжнародны вопыт сведчыць, што дасягнуць падобнага адзінства вельмі няпроста. Пры гэтым буйныя рэдакцыі могуць мець уласны кодэкс этыкі і не гарэць жаданнем далучацца да агульнага працэсу. Аднак усё ж пажадана стварыць агульныя правілы гульні.

    А органы самарэгулявання павінны мець права выключна на маральныя санкцыі (выправіць памылку ці надрукаваць абвяржэнне), і не павінны мець права штрафаваць ці закрываць медыя альбо празбаўляць права на прафесію асобных журналістаў.

    Беларускія журналісты, нягледзячы на ўсе праблемы існавання, маюць вельмі эфектыўную сістэму самарэгулявання такой не было ў многіх іншых краінах, дзе, здавалася б, падобныя стандарты і механізмы распрацоўваць прасцей, — адзначыла прадстаўніца Arti­cle 19.

    Ёана Шыманьска, грамадзянка Польшчы, кажа, што беларускай медыясупольнасці не варта паўтараць польскі вопыт:

    У Польшчы няма адной асацыяцыі журналістаў, іх некалькі. Таксама няма адзінага кодэкса журналісцкай этыкі. Самая галоўная праблема ў тым, што палярызацыя СМІ, асабліва ва ўмовах палітычнай напружанасці, прывяла да таго, што самарэгуляванне СМІ і кодэксы этыкі не працуюць. Падзел медыяў на прыхільнікаў кіруючай партыі і апазіцыі аслабляе дзеянне гэтых органаў. СМІ часта інтэрпрэтуюць этычныя нормы ў залежнасці ад сваёй палітычнай і ідэалагічнай пазіцыі. І нават ігнаруюць крытыку з боку арганізацый, якія яны лічаць палітычна прадузятымі. Рашэнні па парушэннях прафесійнай этыкі насамрэч не маюць ніякай сілы.

    «Грамадству не кожны компас падыходзіць»

    Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус падзяліўся літоўскім вопытам стварэння сістэмы самарэгулявання медыясупольнасці.

    Любы кодэкс працуе, нават крымінальны, але забойствы працягваюцца, крадзяжы ўсё роўна адбываюцца. Калі глядзець з гэтага пункту гледжання, то заўсёды можна сказаць, што кодэксы не працуюць. Але вы прыкіньце: што пачалося б у медыясферы, калі б усе працавалі па адным стандарце? Сумна. Нецікава, — пажартаваў Дайнюс Радзявічус.

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Дайнюс Радзявічус на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    Старшыня СЖЛ кажа, што літоўскі шлях да самарэгулявання медыйнай супольнасці і стварэння этычных правілаў быў няпростым.  У Літве, акрамя Саюза журналістаў, існуюць яшчэ некалькі журналісцкіх аб’яднанняў, якія прытрымліваюцца «вельмі розных падыходаў да этыкі».

    Я прыхільнік спалучэння рэгулявання і самарэгулявання – у Літве такі падыход. У 1996 годзе адна з вядомых газет выступала за тое, што трэба жыць па ўнутраным компасе этыкі. Гэта як, пытаюся? Па правілах гэтай газеты. Але яе пастаянна прызнавалі парушальнікам этыкі, і цяпер такой штодзённай газеты больш няма. Як аказалася, грамадству не патрэбны такі компас, які прапаноўвала гэтая газета, — адзначыў Дайнюс Радзявічус.

    Працэс самарэгулявання медыйнай супольнасці пачынаўся ў сярэдзіне 1990‑х, і рухаўся наперад са скрыгатам.

    У свой час Саюз журналістаў Літвы замучала непрацоўная сістэма самарэгулявання. Самыя маленькія рэдакцыі казалі: я за паўтара чалавека працую, якая этыка? Хто дае грошы, пра таго і пішу: мне ж выжываць трэба. А пасля і этыка будзе. Вялікія рэдакцыі рабілі тое ж самае. І тады мы ў Саюзе журналістаў Літвы стварылі сваю камісію, і мы пачалі ўстанаўленне стандартаў з саміх сябе. Прывяду адзін прыклад. Па законе, выдаўцы атрымалі права вусна дамаўляцца з журналістамі наконт аўтарскіх правоў: плаціць ганарар па вуснай дамоўленасці. Але ж вы ведаеце, што бывае пры вусных дамоўленасцях: спачатку паабяцаў, а пасля забыў. У выніку мы ўнеслі ў Кодэкс этыкі палажэнне, што з журналістамі пажадана дамаўляцца пісьмова, а не вусна. А пазней гэтую норму нават запісалі ў законе, — распавёў эксперт.

    Старшыня СЖЛ кажа, што працэс самарэгулявання не такі і просты, як здаецца на першы погляд. Таму адкладваць яго ў доўгую скрыню няварта:

    Ведаеце, часам даводзіцца чуць: існуюць іншыя прыярытэты, з этычным кодэксам можна пачакаць. Трэба дамовіцца на той мінімум, які прымае большасць, — кажа Дайнюс Радзявічус. – Але самае галоўнае – рэгулярна сустракацца і размаўляць. Мы з калегамі імкнемся сустракацца часцей, абмяркоўваць канкрэтныя тэмы для лікбеза палітыкаў, аўдыторыі, саміх журналістаў.

    Кодэкс стане знакам прафесійнай якасці

    Пазіцыю рабочай групы, якая працуе над Кодэксам этыкі журналістаў, прысутным давяла спікерка Вольга Сямашка.

    БАЖ на сённяшні дзень жыве па двух дакументах: Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў і Кодэксе журналіскай этыкі. Зараз пачалася праца над новым Кодэксам журналісцкай этыкі.

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Вольга Сямашка на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    2006 год прынятая апошняя рэдакцыя Кодэкса этыкі журналістаў, 2020 год — змяніліся ўмовы працы беларускіх журналістаў. Паўстала іншая рэальнасць: вымушаная эміграцыя, крыміналізацыя, ананімнасць крыніц. Усе гэтыя праблемы, а таксама тэмы грамадскага інтарэсу і аўтарскіх правоў знойдуць адлюстраванне ў новай рэдакцыі. У ёй будуць улічаны і сённяшнія выклікі: сацыяльныя сеткі, новыя медыі, штучны інтэлект.

    Кодэкс этыкі журналістаў ствараецца для ўсёй медыясупольнасці, не толькі для сябраў БАЖ. Не выключана, што асобныя рэдакцыі выпрацуюць свае правілы.

    Задача Кодэкса не ствараць абмежаванні для працы медыяў, а прапанаваць журналістам алгартымы, падказкі, як працаваць у новых умовах, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. 

    Перад аўтарамі стаіць няпростая задача: не проста напісаць дэкларацыю, а зрабіць працоўны дакумент, падтрыманы большасцю журналісцкай супольнасці.

    Працоўная група да канца верасня распрацуе чарнавік Кодэкса, пасля чаго праект вынесуць на абмеркаванне журналісцкай супольнасці: пройдуць дыскусіі, круглыя сталы па асабліва адчувальных нормах. Пасля дапрацоўкі дакумента мяркуецца да вясны 2025 года падрыхтаваць канчатковы варыянт. І толькі тады рэдакцыям прапануюць далучыцца да Кодэкса этыкі журналістаў:

    Існуюць буйныя беларускія рэдакцыі, якія могуць самастойна наняць юрыста, прапісаць неабходныя нормы прафесійнай этыкі. Але ж ёсць і маленькія рэдакцыі, якія не могуць сабе дазволіць такой раскошы. Падпісанне Кодэкса этыкі журналістаў аўтаматычна будзе азначаць для кожнай рэдакцыі знак прафесійнай якасці, падкрэсліла Вольга Сямашка.

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    Другая працоўная група займаецца пытаннямі стварэння новага органа самарэгулявання і выпрацоўвае працэдуру, паводле якой гэты орган будзе разглядаць звароты пра парушэнні журналісцкіх стандартаў, адзначыў намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. Абедзве працоўныя групы напрыканцы верасня мусяць вынесці на грамадскае абмеркаванне чарнавікі дакументаў, яны будуць апублікаваныя.

    Я заклікаю ўсіх далучыцца да рэдагавання, прапаноў і да дыскусіі, — заключыў Алег Агееў. 

    Пасля выступаў разгарнулася бурная дыскусія. Ці варта, пры ўсіх праблемах беларускай журналістыкі, ускладваць сабе на плечы дадатковы цяжар у выглядзе Кодэкса па этыцы? Ці стане Кодэкс этыкі журналістаў законам для блогераў і прэс-служб НДА? Ці не ператворыцца новы орган самарэгулявання ў карную структуру?

    Пытанняў многа, але адказы на іх будзе шукаць медыясупольнасць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці