У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарм ўключыў Instagram-акаўнт экс-палітзняволенай журналісткі Дар’і Чульцовай
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвечары 13 кастрычніка чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго ўнеслі акаўнт Daria ў сацсетцы Instagram (з імем карыстальніка dariashulc, як напісана на сайце ведамства). Гэты акаўнт належыць Дар’і Чульцовай, былой палітзняволенай відэааператарцы тэлеканала «Белсат».

Дарья Чульцова. Скриншот с канала «ЧестнОК-Live», 2025 год
Рашэнне пра гэта прыняў 9 кастрычніка 2026 года суд Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Інтэрнэт-рэсурс мае амаль тысячу падпісчыкаў. «Калі ласка, усе, хто знаходзіцца ў Беларусі і падпісаны на мяне, адпішыцеся!», — звярнулася да іх Дар’я Чульцова, даведаўшыся, што яе старонка ў Instagram прызнана «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
Журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года ў шматпавярховіку на вядомай «Плошчы Перамен» у Мінску, калі ў жывым эфіры асвятлялі вулічную акцыю памяці забітага Рамана Бандарэнкі.
Спачатку на Андрэеву і Чульцову склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 КаАП — журналістак звінавацілі ў тым, што яны нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Мінска пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 суткамі адміністрацыйнага арышту.
«Ніколі не пытайся ў зняволенага: «Як ты?..» Вялікая размова з Дар’яй Чульцовай – на 38‑ы дзень пасля турмы
Тым часам супраць журналістак распачалі крымінальную справу за той самы стрым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Следства сцвярджала, што стрым Кацярыны і Дар’і нібыта пацягнуў за сабой прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наогул не маюць дачынення да «Плошчы Перамен»). Шкода «Мінсктрансу» была ацэненая следствам на 11 562 рублі і 14 капеек.
Паводле прысуду Дар’я Чульцова правяла за кратамі два гады.
@bajmedia