• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Каманда мары, ці як становяцца лідарамі БАЖ

    Як па-майстэрску аргументаваць уласную пазіцыю і эфектыўна прэзентаваць сябе і свае ідэі? Як натхняць і арганізоўваць іншых людзей, каб не заржавець самому і арганізацыі, як рабіць свет вакол сябе цікавейшым і лепшым? Гэтаму і многаму іншаму вучыліся ўдзельнікі лідарскага курса БАЖ, выпускны якога адбыўся ў мінулыя выходныя.

    На працягу года журналісты рэгіянальных суполак БАЖ вучыліся “фішкам” эфектыўнай камунікацыі, тайм-менеджменту, планаванню крок за крокам адукацыйных мерапрыемстваў і грамадскіх кампаній, а таксама выкрышталізавалі бачанне свайго ўласнага развіцця і развіцця арганізацыі. Прапануем падвесці вынікі разам. Але спачатку адкажам на галоўнае пытанне:

    Навошта такі курс быў увогуле патрэбны?

    Па словах намесніцы старшыні БАЖ Аліны Суравец, каб арганізацыя выконвала свае мэты і задачы, ёй патрэбныя актыўныя і крэатыўныя сябры, здольныя самастойна прымаць разумныя рашэнні, арганізоўваць жыццё арганізацыі, адказваць на ўнутранныя і знешнія выклікі і пагрозы.

    “Мэта гэтага лідарскага курсу — падрыхтаваць актывістаў рэгіянальных структураў ГА “БАЖ” да грамадскай працы, дапамагчы ім набыць кампетэнцыі  для асабістай актыўнасці, добрай каммунікацыі ўнутры філіяў і наладжвання актыўнага жыцця ў рэгіёнах.

    Менавіта праз лідарскія курсы мы выяўляем тых асобаў, якія з цягам часу становяцца лідарамі не толькі ў сваіх калектывах і суполках, але і ўваходзяць у кіруючыя органы БАЖ (Рада, Праўленне).

    Першапачатковая мэта дасягнута: ёсць 16 рэгіянальных актывістаў, якія ўжо сталі рухавіком дзеянняў у некаторых філіях, рэалізатарамі новых ідэяў і ініцыятываў. Пра доўгатэрміновы вынік, як кажуць, пажывем — пабачым”, — адзначыла Аліна Суравец.

    Па яе словах, ідэя распачаць такі курс добра кладзецца на рэалізацыю стратэгіі БАЖ. Адзін з прыярытэтаў якой — арганізацыйнае развіццё.

    “БАЖ –  жывы і дзеючы арганізм. І нам,  як любому арганізму, патрэбна фізічная і псіхалагічная актыўнасць. Час ад часу людзі стамляюцца, выгараюць прафесійна і эмацыйна, сыходзяць з прафесіі ці губляюць інтарэс да справы. Калі не ўзнаўляць гэты працэс новымі сіламі, больш маладымі і актыўнымі, арганізацыя можа сысьці ў нябыт. Вось чаму так важна акамуляваць унутранныя рэзервы і падпітваць “арганізм” новымі ідэямі, ініцыятывамі, актыўнасцямі.

    Гэта доўгі і складаны працэс, як кажуць, без гарантыяў. Але калі мы працуем цяпер на тое, каб каштоўнасьці і традыцыі арганізацыі (якой дарэчы ўжо больш за 22 гады) захоўваліся, клапоцімся пра тое, каб падрыхтаваць актывістаў, якія будуць трымаць арганізацыю ў тонусе, мы працуем на будучыню БАЖа.

    Дзякуючы лідарскаму курсу, кіраўнікі філіяў набылі сабе памочнікаў у будзёных справах, філіі — рэалізавалі свае новыя ідэі і ініцыятывы, арганізацыя атрымала 16  заангажаваных у справы актывістаў і больш актыўнасцяў у рэгіянальных структурах”, — патлумачыла  Аліна Суравец.

    Важнасць такіх курсаў падцвярджаюць і кіраўнікі філіяў.

    “Выхаванне лідараў у нашым журналісцкім асяроддзі вельмі важна і патрэба: павінны быць людзі, якія заменяць нас, старэйшае пакаленне, у будучыні. Нашы калегі вучацца самастойна нешта рабіць, быць галоўнымі, не чакаючы, што імі будзе хтосьці кіраваць. У кагосьці атрымліваецца лепш-горш, але яны маюць магчымасць паглядзець на іншых і браць прыклад”, — пракаментавала Алена Сцяпанава, кіраўніца віцебскай суполкі БАЖ.

    “Засталіся прыемная ўражанні ад навучання, таму што разумееш, колькі журналістаў сапраўды хочуць дзейнічаць і развіваюць незалежную прафесійную супольнасць. Я атрымаў карысныя веды, у першую чаргу звязаныя з працай у камандзе, планаваннем і арганізацыяй мерапрыемстваў, якія ўжо прымяняю на практыцы. І самае галоўнае — узаемадапамога паміж лідарамі па розных пытяннях. Калі такія курсы будуць працягвацца, то можна верыць, што будучыня ў БАЖ ёсць”, — адзначыў кіраўнік філіі ГА “БАЖ” у Брэсце Максім Хлябец.

    Максім Хлябец

    Што маем у сухім астатку?

    На выхадзе лідарскага курсу атрымаліся шмат цікавых праектаў, якія рэалізавалі сябры рэгіянальных суполак. Напрыклад, амбітная ініцыятыва “Эстафета добрых спраў”, якую курыраваў Ілля Дзянісаў. Сэнс такі: на працягу года рэгіянальныя філіі і суполкі БАЖ сваімі сіламі ладзілі дабрачынныя мерапрыемствы, тым самым  не толькі праяўлялі сваю актыўнасць і грамадзянскую пазіцыю, але і папулярызавалі арганізацыю і падвышалі яе аўтарытэт.

     Ілля Дзянісаў

    “Лідарскі курс быў важны асабіста для мяне тым, што з’явіліся новыя сувязі, знаёмствы, а таксама пэўны вопыт у планаванні і тайм-мэнэджмэнце. “Эстафета добрых спраў” паказала мне, што такое «планаванне і арганізацыйныя» моманты, і як цяжка атрымліваць зваротную сувязь. Нягледзячы на ўсё гэта, недзе ў падсвядомасці сябраў рэгіянальных структур адклалася, што ініцыятыва  існуе, і што рабіць нешта трэба. Магчыма, добрыя справы былі б рэалізаваны і без існавання “Эстафеты”, але яе сэнс быў перадусім у яднанні”, — адзначыў Ілля.

    У межах Эстафеты добрых справаў журналісты слуцкай газеты «Інфа-Кур’ер» разам з мотаклубам Iron Pride MC правялі дабрачынную акцыю для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Віцебскія журналісты арганізавалі дапамогу адзінокай шматдзетнай маці.

    Гродзенскія БАЖаўцы сабралі грошы ў падтрымку хворай на рак дзяўчынкі

    У Лунінцы журналісты дапамаглі сабраць грошы на лячэнне цяжка хворага дзіцяці. На выпускным яны распавялі пра тое, што дзіця стала здаровым.

    Крычаўскія бажаўцы падтрымалі пісьменніка-ветэрана.

    Сябры слонімскай суполкі БАЖ сабралі і перадалі навагоднія і калядныя падарункі землякам з няпростым лёсам. Таксама ў рэдакцыі “Газеты Слонімскай” адбыўся майстар-клас па вырабу кармушак для птушак.

    Маладзечанскія журналісты “Рэгіянальнай газеты” і партала “Край.by” зладзілі збор корму і іншых патрэбных рэчаў для пункту часовага ўтрымання жывёлаў “Хачу дадому!”

    Поўны спіс усіх добрых спраў, а таксама фотаздымкі і артыкулы можна паглядзець па спасылцы. Адзначым, што выпускнікі курса падтрымалі ідэю зрабіць “Эстафету добрых спраў” традыцыйнай.

    Удзельнікі курса адзначаюць, што важным для іх была магчымасць на практыцы рэалізаваць нейкія ідэі і “пракачаць” свае лідарскія кампетэнцыі.

    “На маю думку, самае лепшае — гэта тое, што пасля тэарытычнага навучання ў нас была рэальная магчымасць зрабіць свой праект. Мы правялі шэраг дэбатаў – галоўны для нас вынік навучання”, — расказаў Аляксандр Буракоў.

    Андрэй Бастунец і Аляксандр Буракоў

    За год навучэнцы курса сапраўды зладзілі шмат цікавых мерапрыемстваў і праектаў. Напрыклад, нефармальныя сустрэчы журналістаў (Антон Сурапін) ў Баранавічах і Гародні, Hrod­na­me­di­a­room (Вольга Корсун), вандроўка на радзіму Святланы Алексіевіч (Марына Драбышэўская),  прэс-тур Baj­Jam ў Лунінцы (Алена Насковіч), трэнінгі па прафесійным выгаранні ў Баранавічах (Вольга Шуманская) і пафесійным майстэрстве ў Полацку (Віктар Стукаў), дабрачынныя акцыі ў Слоніме (Таццяна Дзенісюк), прэс-клуб з ліквідарамі Чарнобыльскай АЭС і ў працяг яго здымкі фільма пра ліквідатарў (Алена Шабуня).

    “Гэта не ўсё, што было ці яшчэ будзе рэалізавана нашымі  ргіянальнымі актывістамі.  Задзел атрымаўся добры, цяпер важна не згубіць  гэты імпэт і тэмп”, — дадала Аліна Суравец.

    “Лідарскія курсы — гэта не пра зараблянне хлеба”

    Увесь год з журналістамі працаваў вядомы беларускі трэнер і медыяэсперт Вітаўт Руднік, які не першы год займаецца навучаннем лідараў грамадскіх арганізацый, у тым ліку ГА “БАЖ”.

    “Першае, што хачу адзначыць, я люблю такія курсы, бо яны даюць магчымасць сустрэцца з некаторай кулькасцю амбітных людзей, якія маюць ідэі, жаданне штосьці змяніць у сваім жыцці, жыцці арганізацыі, да якой адчуваюць прыналежнасць, а таксама адчуваюць сваю адказнасць за яе лёс, любяць планаваць і здзяйснць свае планы. Лідарскія курсы, у тым ліку і курс БАЖ, дае магчымасць  натхніцца іх працай. І калі ты бачыш, што ідэі, якія з’язляюцца на першых мерапрыемствах курса, потым увасабляюцца ў маштабныя праекты, гэта дае адчуванне, што ўсё было не дарма”, — сказаў Вітаўт Руднік.

    Вітаўт Руднік

    Па яго словах, сянняшнія лідарскія курсы адрозніваюцца ад папярэдніх, таму што умовы працы як саміх журналістаў, так і БАЖ, значна пагоршыліся. 

    “Першыя лідарскія курсы былі вельмі плённыя з пункту гледжання таго, што многія людзі рэалізавалі сябе ў прафесіі і сталі на сёння вядомымі актывістамі БАЖ. Гэта было звязана з тым, што прастора журналістыкі была трошкі іншая, больш шырокая, было больш магчымасцяў. Зараз мы маем не самы лепшы час для рэалізацыі нейкіх ідэй, умовы працы пагоршыліся. Людзям у такой сітуацыі складаней сябе рэалізаваць, ды не ўсе разумеюць, чаму важна інвеставаць у сябе, у развіццё сваіх лідарскіх якасцей, бо можа лепей развівацца прафесійсна і зарабляць гэтым сабе на хлеб.

    Лідарскія курсы накіраваны ў першую чаргу не на зараблянне хлеба, а на тое, каб потым чалавек інвеставаў у сваю арганізацыю.

    З гэтага пункту гледзішча я бачу змены: цяпер больш людзей знаходзяцца ў невызначаным стане і часам не адразу разумеюць, навошта ім гэта лідарства ўвогуле патрэбна. Але гэта нармальна, таму што ніколі ні на адным лідарскім курсе не бывала так, што ўсе 100 % застануцца і будуць працаваць. Застаюцца тыя, хто сапраўды адчувае адказнасць за іншых людзей і здольны матываваць іх на нейкія перамены.

    Самым жа запамінальным за гэты год сталі дзве рэчы: тое, што мы зрабілі “Эстафету добрых справаў” — гэта амбітная задума, якая была рэалізавана досыць добра ў нашых умовах, і праект Hrod­na­Me­di­a­Room, які, на маю думку, з’яўляецца лепшым праектам, рэалізаваным за ўсе гады ў межах лідарскага курса”, — адзначыў Вітаўт Руднік.

    Цягам 2017 года рэгіянальныя актвівісты БАЖ сапраўды “далі жыцця”. У 2018 годзе адбудзецца новы набор актывістаў, якія жывуць і працуюць у Мінску.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці