• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Канстанціна Залатых накіравалі ў наваполацкую калонію

    У наваполацкую папраўчую калонію № 1 з мінскага СІЗА былога дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых перавялі 21 ліпеня — праз два з паловай тыдні пасля разгляду апеляцыйнай скаргі палітвязня ў Вярхоўным судзе.

    Вярхоўны суд пакінуў скаргу без задавальнення, а рашэнне Мінскага гарадскога суда без зменаў — Канстанцін Залатых мае адбыць 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя Мінгарсуда Алена Шылько прызнала яго вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага Кодэкса: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), арт. 426 (Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў).

    Пасяджэнне ў Вярхоўным судзе прайшло 4 ліпеня ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці слуханняў невядомыя. З анонса на сайце Вярхоўнага суда вынікала толькі тое, што на працэс быў прызначаны суддзя Уладзімір Чаравач.

    На наступны дзень, 5 ліпеня, Канстанціну Залатых споўнілася 54 гады, дзень народзінаў ён сустрэў у следчым ізалятары. 

    Былога дырэктара газеты «Белорусы и рынок» разам з калегамі па рэдакцыі затрымалі 18 траўня 2022 года. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Пасля допыту галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно адпусцілі, а Канстанціна Залатых пакінулі пад вартай. Першапачаткова яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці, спалучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай), пазней следства знайшло падставы для абвінавачання яшчэ па некалькіх крымінальных артыкулах. Яму паставілі ў віну, у прыватнасці, выказванне «ўласнай тэндэнцыйнай пазіцыі» на падзеі ў краіне, што, сярод іншага, выявілася, паводле следчых, у абразлівых каментарах на адрас вышэйшых асобаў дзяржавы, якія знайшлі ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, ён нібыта «мэтанакіравана карыстаўся службовым становішчам» для вырашэння персанальных патрэбаў.

    Летась 8 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем.

    Праз паўтара месяцы пасля затрымання дырэктара выдання Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта «Белорусы и рынок» з матывіроўкай «з прычыны распаўсюду гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі». Але напрыканцы мінулага года ведамства нечакана скасавала ранейшае рашэнне і аднавіла доступ да інтэрнэт-старонкі. З таго часу кантэнт рэсурсу belmarket.by рэгулярна абнаўляецца.

    13 ліпеня 2023 года КДБ Беларусі дадаў Канстанціна Залатых у спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Гэта азначае, што яму забаронена атрымліваць у калоніі грашовыя пераводы. Наўздагон, 21 ліпеня, МУС унесла палітвязня ў спіс «экстрэмістаў».

    Чытайце яшчэ:

    Youtube заблакаваў як мінімум тры каналы незалежных беларускіх журналістаў

    О чем нужно помнить иностранным журналистам, рассказывающим о Беларуси

    «Ён мне нагадваў Маленькага прынца — вечнага вандроўніка, які шукаў схаваныя сэнсы рэчаў і ўласнага жыцця». Мікалаю Дзядку — 35

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці