• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кансультанта «Радыё Свабода» Ігара Лосіка этапіравалі ў Гомель

    Дата пачатку суду ў ягонай справе па-ранейшаму невядомая. За кратамі Ігар Лосік ужо 329 дзён.

    20 траўня стала вядома, што кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка этапавалі са сьледчай турмы № 8 Жодзіна ў СІЗА № 3 Гомля. Пра гэта Свабодзе расказала жонка палітвязьня Дар’я Лосік.

    «Прыехала зь перадачай Ігару, і мне сказалі, што ён этапаваны, — гаворыць Дар’я Лосік. — Усе прыехалі ў Жодзіна і, як высьветлілася, дарэмна. Калі яго вывезьлі, я ня ведаю. Нам не сказалі».

    Зараз Дар’я яшчэ разважае над тым, што ёй рабіць далей. Сёньня ў Ігара дзень народзінаў, яму спаўняецца 29 гадоў. Дар’я падрыхтавала для мужа адмысловую перадачу, але яе не прынялі.

    «У Гомель я дабяруся неяк, даеду, справа ня ў гэтым, — кажа Дар’я Лосік. — Далёка, але што рабіць. У Ігара дзень народзінаў, я зьвязваю этапаваньне акурат з гэтым. Вырашылі так „прыгожанька“ ўсё зрабіць, мая асабістая думка такая. Я сабрала Ігару сьвяточную перадачу, а тут такая нечаканасьць непрыемная. Цукеркі любімыя Ігара, мясныя прадукты падбірала, яго любімае печыва. Шмат чаго. Канвэрты прасіў яму перадаць. Нятанна гэта каштавала, шчыра прызнаюся. А цяпер вось так».

     

    Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

    На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

    Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

    Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

    15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

    11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

    Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

    Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці