БАЖ запрашае на літоўска-беларускі журналісцкі форум. У новым фармаце і з актуальнымі тэмамі. Рэгістрацыя
Асноўная дыскусія традыцыйнага для снежня літоўска-беларускага «Форуму журналістаў Балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў» сёлета будзе прысвечаная рэгіянальным выклікам бяспекі і сацыяльнай ролі медыя ў іх вырашэнні.

Форум журналістаў з краін Балтыі і Беларусі. Снежань, 2023 год. Фота: БАЖ
Літоўскія і беларускія калегі падзеляцца досведам сумесных трансмежных расследаванняў, якія дапамагаюць сумесна выкрываць незаконныя схемы абыходу санкцый, а таксама будуць разам гутарыць пра найноўшыя выклікі бяспекі — трансмежныя рэпрэсіі, сітуацыю з кантрабандысцкімі зондамі і іншае.
Форум пройдзе ў чацвер, 18 снежня, з 12:30 да 17:00.
Працоўныя мовы: беларуская і літоўская.
Таксама ў межах форуму прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў раскажуць пра пераслед журналістаў і медыя ў 2025 годзе.
Сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала хвалю пагроз для журналістаў, якія працуюць у выгнанні — ад крымінальных спраў на радзіме, да вытанчаных узломаў, фішынгу і захопаў. У сваю чаргу, калегі з краін Балтыі таксама адзначаюць шэраг выклікаў, накіраваных супраць бяспекі журналістаў у рэгіёне.
Арганізатары сёлетняга форуму: Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз журналістаў Літвы, Сейм Літвы і Служба інспектара па журналісцкай этыцы Літвы.
Для ўдзелу ў форуме неабходна ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА.
Звесткі ў форме рэгістрацыі збіраюцца выключна для арганізацыі доступу ўдзельнікаў і ўдзельніц у будынак Сейма. Зарэгістраваныя ўдзельнікі атрымаюць падрабязную інфармацыю праз электронную пошту.
@bajmedia