Як журналісту трапіць на міжнародныя кінафестывалі
Дзе і як шукаць грошы на паездкі і акрэдытацыю, калі ты пішаш пра кіно? Press Club Belarus запытаўся ў кінажурналіста (і крытыка) Тараса Тарналіцкага – адразу як ён вярнуўся з Венецыянскага кінафэстываля. Чытайце досвед калегі, а таксама інсайты пра сістэму акрэдытацыі ў Венецыі.
А бонусам – тры новыя кінастужкі, якія варта паглядзець. Ну і думкі пра набалелае аб беларускай кінаіндустрыі.
Парада 1. Знайсці грошы на паездку
– За апошні год я быў на цырымоніі ўзнагароджання Еўрапейскай кінаакадэміі, на Берлінскім кінафестывалі і на Венецыянскім кінафестывалі.
На цырымонію ўзнагароджання Еўрапейскай кінаакадэміі было запрашэнне ад арганізатараў, і ўсё аплочваў прымаючы бок. На Берлінскі кінафестываль трапіў таму, што быў сярод арганізатараў прэміі «Чырвоны Верас», і Гётэ Інстытут прапанаваў правесці цырымонію ўзнагароджання «Чырвонага Вераса» на Берлінале. Тады частку грошай мы атрымалі ад гранту мабільнасці інстытута Гёте, а частку плаціў я сваімі наяўнымі. І я шукаў як трапіць на Венецыянскі кінафестываль, але каб паехаць не за свае грошы. Не таму, што я такі сквапны чалавек.
Я проста лічу, што гэта не вельмі прафесійна, гэта такое трохі аматарства, калі едзеш за свае.
А калі табе далі грошы, каб ты прыехаў – ужо адчуваеш сябе як прафесіянал, бо прыехаў працаваць, гэта ўздымае прэстыж. Каб паехаць на Венецыянскі кінафестываль, я знайшоў грант. Зрабіў заяву, напісаў, што хачу на кінафэстываль ад выдання «Будзьма!», што хачу даведацца пра практыкі арганізацыі фестывалю і зрабіць нейкія матэрыялы адтуль.
Былі два варыянты гранту мабільнасці: альбо плачу я, а потым мне кампенсуюць, альбо нейкую частку грошай мне пералічваюць адразу, а потым, калі я раблю справаздачу – вяртаюць астатняе. Я вырашыў, што мне прасцей, каб гэта быў адзін транш.
Парада 2. Не губляць час на прэс-канферэнцыях
– Ты можаш прыехаць і глядзець фільмы, можаш хадзіць толькі на прэс-канферэнцыі ці лавіць зорак на чырвонай дарожцы. Сам выбіраеш, што мусіш рабіць, у залежнасці ад таго, як ты дамаўляўся са сваім выданнем ці з грантадаўцамі.
Я прыехаў – і адразу пайшоў глядзець кіно, у мяне было запісана некалькі фільмаў, на якія павінен быў трапіць. Не хадзіў нават на прэс-канферэнцыі, таму што мне гэта не цікава. Канешне, на прэс-канферэнцыях раскрываецца дадатковы сэнс праектаў, але пра гэта можна даведацца самастойна праз інтэрнэт. Дык навошта губляць час?
Ніякага асаблівага стаўляння да зорак у мяне няма, яны звычайныя людзі, якія таксама робяць тую ж працу, што і ўсе ў кінаіндустрыі. Журналісты, якія пішуць пра кіно – яны таксама ўдзельнікі гэтага працэсу. Калі б гэтага не было, не прадаваліся б квіткі, не было б кантакту з аўдыторыяй. Таму пільнаваннем зорак я не займаўся, мне нецікава. Ты пабачыш чалавека, якога ты не вельмі добра ведаеш – у чым сэнс?
Ну, окей, можна правесці размову з зоркай. Але ёсць праблема, што маленькім выданням і блогерам не атрымаецца наўпрост размаўляць і сустракацца з імі.
Карацей, класна, калі ты атрымліваеш нейкі кантэнт, але проста, каб пабачыць зорак — гэта не.
Парада 3. Рэгіструешся на паказ – не прапускай. Як працуе сістэма акрэдытацыі
– У Венецыі ўсё вельмі дэмакратычна: у прыгожых сукенках і строях на Венецыянскім фестывалі ходзяць толькі зоркі на чырвонай дарожцы. Журналісты і ўдзельнікі ходзяць у чым хто хоча. Я сем дзён прахадзіў у шортах, таму што было вельмі спякотна і была высокая вільгаць. Там увогуле немагчыма знаходзіцца не ў цені, можна было ўратавацца толькі ў кіназале.
Гэта працуе так: ты запісваешся на розныя мерапрыемствы, і атрымліваеш квіток, каб трапіць на пэўную падзею. Гэта тычыцца не толькі паказаў, але і афіцыйных мерапрыемстваў.
Там вельмі класная і цікавая сістэма акрэдытацыі: ёсць зялёныя, сінія, чырвоныя, жоўтыя ўзроўні. Яны ўсе з розным доступам.
Хтосьці можа па акрэдытацыі трапіць на паказ, а хтосьці не. Напрыклад, чырвоныя і сінія – для стваральнікаў кантэнту і СМІ. Гэта вельмі цікавае і прадуманае мерапрыемства: ёсць таймінг, рэгламент, арганізацыя працэсу, і трэба яго прытрымлівацца, каб цябе не выкінулі.
Існуе сістэма квіткоў, ты можаш запісацца на некалькі падзей. Напрыклад, раніцай шэсць паказаў, шэсць розных фільмаў. Ты павінен выбраць, на што пойдзеш. Ты не можаш запісацца адначасова на некалькі падзей, абіраеш толькі адну. І сістэма блакуе дадатковыя магчымасці. Але ты можаш не прыйсці на гэты івэнт – і табе будзе папярэджанне. Потым яшчэ адно папярэджанне. А потым цябе блакуюць у сістэме і для цябе паказ фестывалю ўжо згублены. То бок там усё вельмі сур’ёзна.
Парада 4. Што паглядзець з Венецыянскага кінафестывалю-2024
– За сем дзён я паглядзеў 22 фільмы. Недзе па тры-пяць фільмаў ў дзень. І палова з іх была відавочна шлаку.
Але вельмі раю фільм The Order Джасціна Курзэля, дзе галоўную ролю іграе Джуд Лоў. Амерыканскі фильм, зняты аўстралійским рэжысёрам. Пра тое, як недзе ў ЗША ў 80‑я гады група ўльтранацыяналістаў хацела звергнуць свой урад і зрабіць сваю рэспубліку. Гэта прыкладна тое ж, што адбываецца цяпер у Амерыцы – такі грамадскі раскол паміж умоўнымі правымі і ўмоўнымі левымі. Гэта рэтра кіно, але вельмі моцна зробленае, псіхалагічна дакладнае, я яго глядзеў з захапленнем.
Таксама вельмі раю Queer Лукі Гуаданіньо – гэта вельмі пладавіты італьянскі рэжысёр, ён зняў гэтую драму па Вільяму Бароўзу. Фільм пра мужчыну-гамасэксуала, які шукае сябе і хварэе на нарказалежнасць. Галоўную ролю грае Дэніел Крэйг, такая сэкс-зорка гэтэрасэксуальных стасункаў, а гэта вельмі класная яго роля. Фільм пра пошук сябе, пошук уласнай ідэнтыфікацыі. І пры гэтым там ёсць элементы сюррэалізму – карацей, вельмі класна зроблены.
І зараз выходзіць новы Beetlejuice Ціма Бёртана. Мне не вельмі спадабаўся, бо не адкрывае нічога новага адносна першага фільму. Але галоўную ролю грае Майкл Кітан – знакаміты актор. І фільм добры, цікавы і смешны, гэта якаснае забаўляльнае кіно, на якое не шкада часу.
Думкі пра беларускую кінаіндустрыю
– Ёсць аднабаковае ўспрыманне: вось у Беларусі дыктатура і там скончылася жыццё. Але гэта – дурасць. Жыццё не прыпынялася, і калі там былі пратэсты, і калі там не было пратэстаў. Нешта заўсёды адбывалася – больш афіцыйна, меньш афіцыйна. Ствараліся праекты, пра якія ніхто не ведае, пакуль што, а можа і не даведаюцца ніколі.
Беларусам можа не хапаць грошай, можа не хапаць прафесіяналізму. Але калі ёсць жаданне і імкненне зрабіць нешта – гэта варта рабіць.
«Зараз я ўжо трошкі выдыхнула!»: Мара Тамковіч — пра прэм’еру фільма «Пад шэрым небам» на нью-ёркскім Tribeca і першыя водгукі
Не трэба чакаць лепшых часоў, таму што іх, напэўна, не будзе. Варта памятаць, што твой час існавання – ён таксама скарочаны, і ты не можаш сказаць, што ты пражывеш добрае і доўгае жыццё.
Так, у нас дзіўныя ўмовы, хтосьці іранізуе, што кінаіндустрыі ў нас няма, але кіно здымаецца.
І значыць, нейкая кінаіндустрыя, можа кволая, можа хаатычная, але – ёсць. І казаць, што нічога не існуе, што не варта нічога рабіць – гэта не мой прынцып.
Калі нешта здымаюць – пра гэта варта пісаць. І мне гэта цікава, нават калі гэта не дазваляе шмат зарабляць. Я лічу, што трэба рабіць тое, што падабаецца, бо калі не мы – то хто? Я не бачу ў гэтым будучыні, але мне падабаецца працэс. Ты як самурай – у цябе няма мэты, ёсць толькі шлях.