Журналісцкія байкі: «Я так і ведаў, што грошы засталіся толькі ў апазіцыі…»
Аднойчы ехаў у электрычцы з Маладэчна...
А там ёсць вельмі каларытны дзядзечка, які заўсёды прадае газеты. Ён заходзіць на канцавым прыпынку і цягам дзвюх станцый паспявае абысці ўсю электрычку. Ён выглядае так, нібыта выйшаў з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”…
У яго вельмі шырокі асартымент, — ад дзяржаўнай раёнкі маладзечанскай да “эрацічаскай” газеты “Адам і Ева”. І ён кожную газету ўмудраецца разрэкламаваць так, што хочацца купіць у яго ўсё, што ёсць.
Напрыклад: эрацічаская газета “Адам і Ева”, дзе можна пачытаць “новости половой и семейной жизни», даведацца, як прывабіць дзяўчыну, дзе з кім якія кур’ёзныя выпадкі адбыліся…
І вось, калі ён даходзіць на “Нашай Нівы”, то коратка гаворыць: “оппозиционная газета с новостями политики, парламента и Запада”.
Агласіўшы ўвесь спіс, ён пытаецца, каму што. Апроч мяне ніхто цікаўнасці не праявіў, а я вырашыў яго падтрымаць – набыць у яго эрацічаскую газету “Адам і Ева” і таксама “Нашу Ніву”.
Відаць, па апошнім фактары ён зрабіў для сябе вельмі чоткую выснову і на ўвесь вагон сказаў: “Я так і ведаў, што грошы засталіся толькі ў апазіцыі. Бо ў апазіцыі ёсць галава. А гэтыя лукашысты праклятыя ўсё ўжо даўно прафуфукалі” . І з гэтымі словамі ён прадаў мне газету “Наша Ніва”.
Самае цікавае, што пасля гэтага хлопец, які сядзеў непадалёк ад мяне, павярнуўся і кажа: “Э‑э, ну і мне таксама “Нашу Ніву” дайце.…”
Глеб Лабадзенка