Лагатып «Радыё Свабода» трапіў у «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма
Міністэрства інфармацыі Беларусі 24 красавіка ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода, архіўнае фота
У гэты спіс асобна ўключылі лагатып «Радыё Свабода – Беларусь», апісаны як «выява паходні белага колеру на аранжавым фоне». Рашэнне пра гэта 15 красавіка 2026 года прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска.
Інтэрнэт-рэсурсы Беларускай службы «Радыё Свабода» прызнавалі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» на працягу апошніх гадоў. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі двойчы (у 2021 і 2023 гадах) абвяшчала «Радыё Свабода» «экстрэмісцкім фармаваннем».
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаная і старонка ў Facebook аднаго з аўтараў «Радыё Свабода» Вінцука Вячоркі, вядомага палітыка і мовазнаўцы. Змест старонкі Vincuk Viačorka (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/vincuk.viacorka) 22 красавіка 2026 года палічыў «экстрэмісцкім» суд Глускага раёна Магілёўскай вобласці.
У абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі Instagram-акаўнт «Второй регион Беларуси» ( ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/2thregionofbelarus?igsh=d24xajZoOXIrN25r). Гэта інтэрнэт-рэсурс навін Віцебскай вобласці, але яго кантэнт прызнаў «экстрэмісцкім» суд Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці ў сваім рашэнні ад 16 красавіка 2026 года.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаная суполка ў сацсетцы «ВКонтакте» з назвай NEXTA Live (ідэнтыфікатар https://vk.ru/nextalive_vk). Адпаведнае рашэнне 16 красавіка 2026 года прыняў суд Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. NEXTA Live — гэта вядомы медыйны праект, двойчы прызнаны МУС «экстрэмісцкім фармаваннем» (у 2021 і 2023 гадах).
«Экстрэмісцкім» прызнаны YouTube-канал беларускага блогера Змітра Грынкевіча з назвай «ЗУХ Źmicer» (ідэнтыфікатар www.youtube.com/@ZuchZmicier). Рашэнне пра гэта прыняў 16 красавіка 2026 года суд Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны і акаўнт з назвай daroha ў сацсетцы Threads (ідэнтыфікатар @daroha.by). Гэта акаўнт журналіста і блогера Валерыя Руселіка. Адпаведнае рашэнне прыняў 17 красавіка 2026 года суд Мінскага раёна Мінскай вобласці.
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва ад 16 красавіка 2026 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі інтэрнэт-сайт «ЕВРОПЕЙСКАЯ ПРАВДА» (ідэнтыфікатар https://www.eurointegration.com).
@bajmedia