«Зараз я ўжо трошкі выдыхнула!»: Мара Тамковіч — пра прэм’еру фільма «Пад шэрым небам» на нью-ёркскім Tribeca і першыя водгукі
8 з 10 зорак ад Film.interia.pl, 3,5 з 4 — ад Filmuforia.com, станоўчая рэцэнзія ад Journeyintocinema.com… Гэта адзнакі ў польскай і замежнай кінапрэсе, якія атрымала стужка «Пад шэрым небам» беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч пасля прэм’еры на нью-ёркскім кінафестывалі Tribeca.
Фільм, натхнёны постацямі і гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, працягвае свой фестывальны шлях — 10 чэрвеня яшчэ адзін паказ для гледачоў, а гэтаксама паказ для прэсы і фільммейкераў; магчымасць паглядзець стужку глядач мае ў нью-ёркскім Village East by Angelika і ў суботу — 15 чэрвеня.
Як прымаюць поўнаметражную ігравую карціну «Пад шэрым небам» і яго аўтарку — беларуску Мару Тамковіч — на фестывалі, заснаваным Робертам Дэ Ніра, Джэйн Розэнталь і Крэйгам Хаткофам? Reform.news звязаўся з рэжысёркай, каб распытаць пра першыя ўражанні ад нью-ёркскага фэсту.
— Мара, 7 чэрвеня адбылася прэм’ера тваёй карціны на Tribeca Film Festival. Ці ўсё прайшло добра?
— Па маім адчуванні ўсё прайшло класна. На «Трайбекa» фокус увагі, вядома, на амерыканскіх фільмах з зоркамі, селебрыці, і я вельмі хвалявалася напярэдадні, ці не застанемся мы ў ценю. Але на паказ у кінатэатр Village East by Angelika прыйшло дастаткова шмат людзей. Вельмі ўразіла тое, што літаральна ўсе гледачы пасля сеансу засталіся на размову — абапіраючыся на мой фестывальны досвед, магу зазначыць, што гэта адбываецца нячаста. І мне такая цікавасць была вельмі прыемнай.
— Хто прадстаўляў тваю карціну?
— Мастацкі дырэктар фестывалю Фрэдэрык Бойе, што вельмі пачэсна. Ён таксама быў і мадэратарам нашай размовы з гледачамі. З таго, як ён вёў дыскусію, якія пытанні задаваў, адчувалася, што ў яго сапраўды ёсць асобнае месца ў сэрцы для нашага фільма. Гэта было вялікай падтрымкай. Было шмат пытанняў ад публікі, мы нават не паспелі ўсім гледачам даць шанец гэтыя пытанні задаць — сеанс скончыўся.
— Цікава, як успрымала амерыканская публіка гісторыю, якую ты распавядаеш у фільме — гісторыю дваіх беларускіх журналістаў, якія на сабе адчуваюць прэсінг рэжыму Лукашэнкі. Наколькі гісторыя закранула гледача? Увогуле ці ведае аўдыторыя фестывалю пра падзеі 2020 года ў Беларусі?
— Наконт аўдыторыі — ці ведае яна пра 2020 год… Тут, канешне, варта апісаць гэту аўдыторыю. Вядома, на паказ прыйшлі беларусы, беларуская супольнасць у Нью-Ёрку, але на прэм’еры прысутнічаў і польскі глядач.
Нагадаю, што карціна была прафінансавана Польскім інстытутам кіно — і падтрымаць фільм прыйшлі прадстаўнікі Польскага інстытута ў Нью-Ёрку, Польскага кінафонду, польскі консул у Нью-Ёрку, што было прыемна. Аднак большасць усё ж было англамоўнай публікі — і яна рэагавала менавіта на чалавечую гісторыю.
Мяркую, што менавіта па ацэнках кінажурналістаў, крытыкаў, якія далей будуць пісаць пра карціну, і будзе зразумела, ці ўспрымаецца наш кантэкст. Магу толькі дадаць, што ў англамоўных рэцэнзіях, якія ўжо выйшлі, адзначаюць стыль фільма. Я хвалявалася наконт пэўных эпізодаў — да прыкладу, ці будзе гледачу зразумела, чаму гераіня ў пэўны момант робіць тое, што яна робіць, але прачытаўшы свежую рэцэнзію, супакоілася. Каментар у тэксце зняў усе сумневы — яе аўтар усё зразумеў. То-бок, мы можам недаацэньваць тое, наколькі людзі праз чалавечую гісторыю ў стане ўсё ж такі ўвайсці ў наш кантэкст.
— Якое пытанне падчас Q&A табе запоўнілася больш за ўсё?
— Шчыра кажучы, не было пытання, якое мяне збянтэжыла б. Пыталіся пра нюансы працы з акторамі, пра моўны выбар у фільме — чаму так. І відавочна пытанне пра мову было ад чалавека, які адрознівае беларускую ад расійскай мовы.
Карціна, нагадаю, здымалася ў Польшчы. І для большасці публікі не было відавочна, што мы здымалі не ў Беларусі. Але адзін глядач спытаў, чаму мы ўсё ж не вялі здымкі ў краіне. На яго думку, гэта можа было б ажыццявіць падпольна. То-бок, пытанне было ад асобы, якая не настолькі знаходзіцца ў кантэксце — відавочна, што рабіць падобную карціну ў Беларусі сёння проста нерэальна. Але паўтаруся, што пытанняў было шмат, і гэта была цікавасць, якая вельмі натхняе.
— Ці можаш апісаць адметнасць Tribeca ад іншых кінафорумаў?
— Гэта не такі фестываль, як у Еўропе, сапраўды. Тут кожны з фільмаў моцна працуе на прэсу. У мяне зараз ідзе дастаткова інтэнсіўны рэжым кантактаў з прэсай з розных краін і гарадоў, а гэта яшчэ не было прэс-паказу. Тут мне пакуль складана зарыентавацца па індустрыйных рэчах, але, мяркую, што ўсё будзе больш зразумела пасля заўтрашніх паказаў. Таксама заўтра стужку будзе глядзець журы.
Дарэчы, сёлета вельмі класны склад журы на фестывалі. Сярод яго сяброў, у прыватнасці — іранскі рэжысёр Асгар Фархадзі, якога я вельмі паважаю за творчасць, і для мяне вельмі пачэсна, што такі творца паглядзіць мой фільм. Таксама ў складзе журы фестывалю: Дэвід Оўнел Расэл, Сельма Блэр, Кім Кэтрал, Франчэска Скарцэзе, Чынанье Чукву і іншыя вядомыя асобы ў кінасвеце. Менавіта ў журы нашага конкурсу акрамя Асгара Фархадзі, англійскі прадзюсар Даніэль Батсэк, ірландская актрыса Фіона Шоу. Канешне, іх увага цешыць.
— Асгар Фархадзі ў журы, Дэмі Мур у кулуарах, Роберт дэ Ніра як заснавальнік і патранат фэсту… Мара, ты адчуваеш, што ты на іншай кінаарбіце?
— У мяне хутчэй адчуванне, што я да канца гэта яшчэ не ўсвядоміла (усміхаецца). Мы з камандай чакалі з нецярплівасцю, што зараз пачнецца Tribeca, вось яна зараз будзе, і нарэшце яна пачалася, але не пакідае адчуванне, што ўсё трошкі неўзапраўду. Можа, усведамленне прыйдзе праз нейкі час — фестываль толькі на сярэдзіне. Але, канешне, для мяне відавочна, што праз наш фільм прыцягваецца ўвага да беларускай павесткі, і з другога боку — да беларускага і польскага кіно. На твой фільм звяртае ўвагу ўжо сусветная прэса. На мае папярэднія стужкі выходзілі рэцэнзіі, але, прызнацца, ніколі такога не было, каб я з хваляваннем на наступны дзень пасля прэм’еры заглядвала ў тэлефон. Бо праз первыя рэцэнзіі твае кіно выходзіць ужо ў вялікі свет. Зараз я ўжо маю некалькі станоўчых водгукаў — і трошкі выдыхнула!