• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як незалежнаму журналісту падвысіць шанцы на атрыманне статусу ўцекача ў Польшчы? Распавядае юрыстка Вольга Дабравольская

    На працягу доўгага часу незалежныя беларускія журналісты, якія шукалі прытулку ў Польшчы, часцей атрымлівалі дадатковую абарону, а не статус уцекача. Цяпер сітуацыя змянілася — надоечы юрыстка Вольга Дабравольская абвесціла, што польскае Упраўленне ў справах замежнікаў прызнала журналістаў асобнай уразлівай групай.

    Як атрымалася гэтага дамагчыся і што рабіць беларускім журналістам, якія цяпер падаюцца на міжнародную абарону ў Польшчы, каб падвысіць свае шанцы на атрыманне статусу ўцекача, Вольга распавядае ў гутарцы з БАЖ.

    як журналісту атрымаць статус уцекача ў Польшчы
    Вольга Дабравольская. Фота: «Еўрарадыё»

    Не кандыдат у прэзідэнты? Не атрымаеш статус уцекача

    У Польшчы існуе два асноўныя віды міжнароднай абароны — дадатковая абарона і статус уцекача. Статус уцекача надаецца, калі ёсць індывідуальны пераслед з боку ўладаў краіны паходжання. Са слоў Вольгі, ёсць пяць прычын, па якіх іх могуць пераследаваць улады: рэлігія, нацыянальнасць, раса, палітычныя погляды, прыналежнасць да акрэсленай сацыяльнай групы. У выпадку даказанага пераследу па адной ці некалькіх з гэтых прыкмет, чалавек атрымлівае статус уцекача.

    На працягу доўгага часу польскае Упраўленне па справах замежнікаў лічыла, што статус уцекача можна даваць толькі і выключна публічным асобам, зазначае юрыстка:

    «Ва Упраўлення па справах замежнікаў была такая інтэрпрэтацыя: статус уцекача можна даваць кандыдатам на пасаду прэзідэнта, чальцам Каардынацыйнай Рады першага склікання, апазіцыянерам, якія вельмі доўга вядуць сваю працу, напрыклад, гадоў дваццаць, вядомым актывістам ці прафесійным палітыкам.

    У выніку многія беларусы, якія не былі шырока вядомыя, нават пры наяўнасці рызыкі пераследу атрымлівалі не статус уцекача, а толькі дадатковую абарону. Такая практыка закранала і прадстаўнікоў розных сацыяльных і прафесійных груп — незалежных прафсаюзных актывістаў, адвакатаў, праваабаронцаў.

    Практычна кожнае такое рашэнне нам даводзілася абскарджваць. У маёй практыцы ў 2022 годзе быў вельмі яскравы выпадак, калі чалавек і ягоная сям’я зазналі вельмі індывідуальны пераслед, аднак яны атрымалі дадатковую абарону, а Упраўленне растлумачыла, што гэта таму, што заяўнік не быў кандыдатам у прэзідэнты».

    Юрыстка зазначае, што разам з калегамі яна змагалася за змяненне гэтай сітуацыі і за прызнанне ўразлівымі пэўных сацыяльных груп, у тым ліку — журналістаў. І цяпер, пасля шасці гадоў працы, Упраўленне па справах замежнікаў у Польшчы нарэшце прыслухалася і змяніла сваю інтэрпрэтацыю незалежных журналістаў.

    Личный опыт: как получить международную защиту в Польше?

    Журналісты уразлівая сацыяльная група

    Крытэры, паводле якіх надаецца статус уцекача, спецыяльны аддзел па сітуацыі ў краінах паходжання Упраўлення па справах замежнікаў прапісвае ў даведцы аб агульнай сітуацыі ў краіне. На гэтую даведку арыентуецца інспектар пры наданні статусу.

    Таксама гэтыя крытэры прапісваюцца ў рашэннях аб наданні дадатковай абароны ў тлумачэнні, чаму адмовілі ў статусе ўцекача.

    У гэтых дакументах апошнім часам разам з ранейшым пералікам такіх крытэраў, як прыналежнасць да кандыдатаў у прэзідэнты, даўніх актывістаў, прафесійных палітыкаў з’явілася група «незалежныя журналісты», кажа Вольга:

    «Калі мы атрымліваем дадатковую абарону, то там прапісана, чаму заяўнік не адпавядае крытэрам надання статусу ўцекача. Інтэрпрэтацыя крытэраў часта публікуецца аддзелам аб краінах паходжання. І вось апошнім часам я там бачу сярод іншых сацыяльных груп, якія адпавядаюць статусу ўцекача, і журналістаў».

    Упраўленне па справах замежнікаў у Польшчы, Варшава. Фота: НАУ-медыя

    Юрыстка зазначае, што за апошні час яна вяла дзесяць спраў, у якіх заяўнікі па выніку атрымлівалі статус уцекача праз сваю прафесійную журналісцкую дзейнасць.

    Аднак асабліва важныя апошнія два рашэнні, бо, паводле іх, статус уцекача атрымалі цалкам непублічныя журналісты, у той час як раней менавіта публічнасць была вельмі важным крытэрам.

    «Гэтыя людзі да 2020 года ўвогуле нідзе не свяціліся, не распавядалі адкрыта пра свае палітычныя погляды, і тым больш не былі публічнымі. Але ў той жа час яны былі прафесійнымі журналістамі. Цяпер жа хтосьці з іх ужо нават не працуе ў гэтай прафесіі. І вось ім Упраўленне надало статус уцекача», — распавядае юрыстка.

    Адзінага вызначэння публічнасці няма, зазначае Вольга. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Але раней трэба было паказаць у заяве, што чалавек і ягоная прафесійная дзейнасць вядомыя ўладам і яны пераследуюць яго менавіта за прафесію. Часам гэта было цяжка даказаць, асабліва ў выпадках, калі заяўнік не быў, напрыклад, вядомым тэлежурналістам. У пэўным сэнсе магло дапамагчы, калі чалавек падпісваўся сваім імем пад матэрыяламі, у якіх крытыкаваў уладу.

    «Цяпер жа, на падставе таго, што Упраўленне дадало гэты крытэр, прызнала незалежных журналістаў уразлівай сацыяльнай групай, не толькі вядомыя, але і тыя людзі, якія проста штодня ціха выконвалі і/ці выконваюць сваю працу, як, напрыклад, аналіз, падрыхтоўка матэрыялаў, напісанне навін, могуць разлічваць на статус уцекача», — кажа Дабравольская.

    Што пісаць у анкеце?

    У той жа час, нягледзячы на прызнанне незалежных журналістаў уразлівай групай, Вольга Дабравольская раіць старанна рыхтаваць заяўкі, каб падвысіць свае шанцы на атрыманне статусу ўцекача.

    Калі ёсць жаданне і магчымасць, ці калі вы зусім не ўпэўненыя ў сваіх сілах, можна звярнуцца па дапамогу да юрыста ці проста скарыстацца кансультацыяй. Але цалкам магчыма падрыхтаваць добрую заяўку і самастойна.

    Какие доказательства можно использовать в деле о предоставлении международной защиты

    Калі замежнік падаецца на міжнародную абарону ў Польшчы, яму даюць запоўніць анкету, у якой трэба распавесці пра сябе і растлумачыць, чаму вы просіце абарону. Паводле Вольгі, самае галоўнае пытанне ў гэтай анкеце — «назавіце ўсе абставіны пераследу».

    «Гэта гісторыя чалавека, ягонай прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Варта распавесці, чаму ў вас такія, а не іншыя палітычныя погляды? Чаму вы прыйшлі да гэтай дзейнасці, якой займаецеся? Якія ў вас абавязкі? Апісаць, на чым палягае вашая дзейнасць — ці вы тэлежурналіст, ці пішаце артыкулы, праводзіце аналіз, даследаванні ці робіце іншую працу. Якія тэмы вы асвятляеце, ці распавядаеце пра правы чалавека, катаванні, расследуеце карупцыю ўладаў і г. д. Гэта ўсё вельмі важна, і гэта трэба апісаць дэталёва. Калі вы працуеце пад сваім імем, гэта таксама важна пазначыць, бо гэта азначае, што ўлады могуць ведаць пра вас», — кажа юрыстка.

    Праз тое, што Упраўленне па справах замежнікаў у Польшчы цяпер дадало незалежных журналістаў да груп, якія могуць прэтэндаваць на статус уцекача, вельмі важна рабіць націск у заяўцы менавіта на прафесійную дзейнасць. Можна дадаваць рэкамендацыі ад медыя, на якое працуеце, ад калег, ад арганізацый, асабліва журналісцкіх, напрыклад, Беларускай асацыяцыі журналістаў, каб яны пацвердзілі вашую дзейнасць і тое, што вы цяпер робіце працу, якая пераследуецца ў Беларусі.

    «Варта вельмі старанна рыхтаваць адказы на пытанні анкеты. Ведаю, што ёсць выпадкі, калі людзі запаўняюць з тэлефона, пішуць некалькі сказаў. Лепш так не рабіць. Лепш усё ж грунтоўна распавесці пра ўсе абставіны, праз якія вы былі вымушаныя з’ехаць і цяпер просіце абарону. Напісаць «мне было страшна і таму я выехаў» — гэта не адказ. Трэба памятаць пра тое, што інспектар можа проста не ведаць вашай сітуацыі, што з вамі здарылася, і калі ён чытае вашыя адказы, ён прымае паводле гэтых адказаў рашэнне», — кажа суразмоўца БАЖ.

    Фота: MOST

    Чаму беларусы больш адпавядаюць статусу ўцекача, а не дадатковай абароне?

    Калі ж вам усё ж такі адмовяць у статусе ўцекача і дадуць толькі дадатковую абарону, рашэнне можна абскарджваць, зазначае Вольга.

    «На мой погляд, беларусы ўсё ж больш адпавядаюць тыповаму крытэру для атрымання статусу ўцекача, бо там заўсёды ёсць гісторыя індывідуальнага пераследу ўладамі паводле палітычных поглядаў ці прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы.

    Калі даюць дадатковую абарону, гэта значыць, орган прызнае, што вяртанне ў краіну паходжання можа пагражаць здароўю і жыццю чалавека. Але гэта ўсё ж больш адпавядае сітуацыі грамадзян Украіны, якія не могуць вярнуцца дамоў праз вайну, але яны могуць карыстацца абаронай сваіх уладаў і звяртацца ў дыпламатычная ўстановы. У тых беларусаў, якія не могуць гэтага рабіць, заўсёды індывідуальны пераслед з боку ўладаў. На жаль, Упраўленне не заўсёды так мяркуе, таму мы і працуем, каб змяніць гэтую практыку», — рэзюмуе юрыстка.

    Яшчэ адно пазітыўнае змяненне апошняга часу — пэўнае скарачэнне тэрмінаў разгляду заяў на міжнародную абарону ў сувязі з адменай «замарозкі», а таксама са змяншэннем колькасці прашэнняў пра атрыманне міжнароднай абароны.

    Цяпер Упраўленне зноў абавязанае разгледзець заяўку цягам 6 месяцаў. Тэрмін разгляду справы можа быць падоўжаны да 15 месяцаў, калі справа з’яўляецца асабліва складанай, калі паступае вялікая колькасць заяў на міжнародную абарону або калі заяўнік не выконвае сваіх абавязкаў, у тым ліку не падае неабходныя звесткі, доказы ці не з’яўляецца па выкліку органаў, што вядуць разгляд справы. Пры гэтым орган абавязаны апавясціць заяўніка пра працяг разгляду справы.

    З практыкі Вольгі Дабравольскай, цяпер сярэдні тэрмін разгляду заяўкі на міжнародную абарону ў Польшчы складае 6–8 месяцаў.

    Получили международную защиту в Польше? Рассказываем, что делать дальше

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.