• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Новы парадак уезду ў Латвію — як ён павінен працаваць ужо 1 верасня

    На першы дзень восені прызначаны запуск новай працэдуры перасячэння мяжы Латвіі грамадзянамі шэрагу трэціх краін — у тым ліку і беларусам. Плануецца папярэдняя падача звестак пра сябе і чаканне дазволу (ці адмовы) на ўезд. 

    Новы парадак уезду ў Латвію

    Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: worldatlas.com

    Механізм тэхнічна абапіраецца на электронную сістэму, а юрыдычна — на правілы Кабінета міністраў. За няпоўныя два тыдні да прызначанага тэрміну і тое, і другое знаходзілася ў стадыі распрацоўкі, высветліў LSM+ у МУС.

    Папраўкі ў Закон аб іміграцыі Сейм унёс 3 красавіка гэтага года. У якасці прычыны, як тады паведамляў LSM+ , называлася неабходнасць умацавання нацыянальнай бяспекі і аховы межаў. Абноўлены закон датычыцца грамадзян трэціх краін (многіх, але не ўсіх, пра гэта ніжэй; распаўсюджваецца ён у тым ліку і на ўкраінцаў, што выязджаюць з акупаваных тэрыторый) — калі яны жадаюць уехаць у краіну не па латвійскай візе або відзе на жыхарства, а па нейкім іншым дакуменце (напрыклад, візе іншай краіны Шэнгену). Ён вызначае, якую менавіта інфармацыю пра сябе і сваю паездку яны павінны падаць (даволі шырокую; пра гэта крыху ніжэй) і ў які тэрмін (48 гадзін), аднак не змяшчае ніякай канкрэтыкі адносна таго, якім менавіта чынам гэтыя звесткі трэба пераслаць, у якой форме і якому ведамству.

    LSM+ накіраваў профільным ведамствам спіс пытанняў і атрымаў адказы ад Дэпартамента стратэгічнай камунікацыі МУС.

    Галоўнае

    «У дадзены момант плануецца, што з 1 верасня

    падача інфармацыі будзе ажыццяўляцца на сайце (eta.gov.lv) у выглядзе адказаў на размешчаныя там пытанні»,

    — гаворыцца ў атрыманым 15 жніўня LSM+ лісце МУС. Асоба, якая жадае ўехаць у Латвію,

    «цягам 48 гадзін пасля падачы даных на сайце eta.gov.lv атрымае паведамленне на ўказаны ёй адрас электроннай пошты»,

    таксама паведаміла ведамства.

    Па звестках на раніцу 20 жніўня сістэма яшчэ недаступная: адкрываецца пустая старонка з гербам Латвіі, паведамленнем «Не знойдзена» і запрашэннем звяртацца з пытаннямі ў Цэнтр абслугоўвання МУС (кантакты прыводзяцца). Аднак МУС запэўнівае, што да 1 верасня сайт eta.gov.lv запрацуе.

    Неабходныя для запуску ўсёй сістэмы правілы Кабінет міністраў прыняў да вечара 19 жніўня (Val­sts apdraudēju­ma novēršanas infor­mā­ci­jas sistē­mas noteiku­mi).

    Іншыя асаблівасці новай сістэмы

    Прыводзім большую частку перапіскі з МУС у фармаце пытанне-адказ з мінімальнымі скарачэннямі. Арыгінал адказаў — тут (.pdf).

    Якую менавіта інфармацыю неабходна падаць?

    З 1 верасня не пазней чым за 48 гадзін да ўезду ў Латвію падаюцца звесткі пра:

    - мэту паездкі (уезду); планаваны тэрмін і месца знаходжання;
    — маршрут паездкі;
    — кантактную інфармацыю;
    — выбарныя пасады, якія займае сам чалавек або яго сваякі;
    — удзел у выбарах у якасці кандыдата;
    — былы або дзейны статус дзяржаўнай ці муніцыпальнай службовай асобы;
    — службу ва Узброеных сілах, спец- і памежнай службе, мытні або ў органах унутраных спраў, юстыцыі ці замежных спраў (у тым ліку дыпламатычнай службе).

    Ці дазволена падаць звесткі раней, чым за 48 гадзін? Калі так, то пачынаючы з якога моманту?

    — Зараз устаноўлены толькі мінімальны тэрмін, таму запатрабаваныя звесткі можна падаць і раней, чым за 48 гадзін. (Наколькі «раней», МУС не ўдакладніла. — LSM+). Адначасова трэба сачыць, каб пададзеная інфармацыя была праўдзівай, гэта значыць адпавядала фактычным абставінам.

    Як дзейнічаць падарожніку, калі яго планы змяніліся да паездкі?

    — Не пазней чым за 48 гадзін да ўезду ў Латвію падаць адпаведныя фактычным абставінам звесткі, пры неабходнасці ўдакладніўшы раней пададзеныя.

    Ці можа іншая асоба (напрыклад, сваяк, які жыве ў ЕС) падаць інфармацыю замест уязджаючага? (Напрыклад, у Беларусі ўжо сам кантакт-перапіска-камунікацыя з латвійскімі ўстановамі можа прывесці да цяжкіх наступстваў.)

    — Запатрабаваныя звесткі павінен падаць замежнік асабіста. Дадаткова трэба ўлічваць, што згаданыя папраўкі да Закона аб іміграцыі для замежнікаў прадугледжваюць і адміністрацыйную адказнасць за непадачу запатрабаваных звестак альбо падачу няпоўных ці несапраўдных.

    Ці лічыцца пададзеная інфармацыя «дэкларатыўнай», ці латвійскія ўстановы будуць правяраць яе сапраўднасць?

    — Сутнасць паправак заключаецца ў тым, каб абавязаць грамадзян трэціх краін да ўезду ў Латвію падаваць пра сябе пералічаныя вышэй звесткі, якія ўстановы дзяржаўнай бяспекі і праваахоўныя органы могуць выкарыстоўваць для выяўлення і папярэджання рызыкаў для бяспекі дзяржавы і грамадства.

    У выпадках, калі такія рызыкі будуць канстатаваныя, кампетэнтныя дзяржаўныя ўстановы выкарыстоўваюць наяўныя прававыя інструменты для прадухілення пагрозы, у тым ліку і праз абмежаванне магчымасці ўезду ў Латвію канкрэтнай асобы.

    Патлумачце, калі ласка, на прыкладах, як дзейнічаць уязджаючаму ў канкрэтных выпадках, калі ён:

    a) Грамадзянін Беларусі з польскім відам на жыхарства і плануе ўехаць і перасячы Латвію «чыстым» транзітам. У яго няма ні знаёмых/сваякоў, ні адраса, ні нумара тэлефона ў Латвіі.
    b) Грамадзянін Беларусі з грэчаскай візай плануе ўехаць і «па дарозе» правесці ў Латвіі некалькі дзён. У яго няма ні знаёмых/сваякоў, ні адраса, ні нумара тэлефона ў Латвіі.
    c) Грамадзянін Грузіі [для звычайных грамадзян якой б
    язвізавы рэжым з ЕС яшчэ дзейнічае] і плануе ўехаць з Расіі.
    d) Грамадзянін Грузіі 
    і плануе прыляцець з Турцыі.
    e) Грамадзянін Украіны 
    і плануе прыляцець з Турцыі, каб затым паехаць у Літву і наведаць там сваякоў.

    — Ён павінен запоўніць анкету [на eta.gov.lv], падаўшы наяўныя ў яго распараджэнні звесткі, і чакаць, пакуль не будзе гатова адпаведнае пацверджанне, якое будзе накіравана яму на ўказаны адрас электроннай пошты роўна праз 48 гадзін пасля занясення інфармацыі ў сістэму. Звесткі пра знаёмых і сваякоў у Латвіі [ва ўязджаючага] не запытваюцца. Неабходна ўказаць кантактную інфармацыю, з дапамогай якой можна звязацца з уязджаючым.

    Папраўкі распаўсюджваюцца на ўсіх пазначаных у Законе аб іміграцыі грамадзян трэціх краін, у якіх няма выдадзенай Латвіяй візы або віду на жыхарства — незалежна ад таго, перасякае замежнік Латвію транзітам ці Латвія з’яўляецца мэтай яго паездкі.

    Кола асоб, на якіх распаўсюджваецца абавязак падаваць звесткі, дакладна вызначана ў першай частцы арт. 4–4 Закона аб іміграцыі — тым замежнікам, якія не з’яўляюцца грамадзянамі ЕС, дзяржаў-членаў NATO, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Еўрапейскай эканамічнай зоны, Швейцарыі або Бразіліі, і ў якіх няма выдадзенай Латвіяй візы або віду на жыхарства. (Адпаведна, для грамадзян, напрыклад, Аўстраліі і Ізраіля, нічога не мяняецца, бо яны ўваходзяць у АЭСР. — LSM+)

    LSM+ таксама задаў дадатковае пытанне:

    Ці мяняецца нешта для ўцекачоў, якія выязджаюць з акупаваных тэрыторый Украіны праз РФ або Беларусь і маюць патрэбу ў міжнароднай абароне?

    — Папраўкі да Закона аб іміграцыі датычацца таксама і грамадзян Украіны, — адказаў Дэпартамент стратэгічнай камунікацыі МУС.

    Раней LSM+ паведамляў, што папраўкі прадугледжваюць штогадовую «рэвізію»: органы дзяржаўнай бяспекі, ацаніўшы працу сістэмы, яе ўплыў і неабходнасць у будучыні, павінны прадстаўляць Сейму справаздачу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    У Літве набылі сілу змены падатковага заканадаўства. Тлумачым, на што беларусам трэба звярнуць увагу

    12.08.2025
    Акцэнты

    Змены ў падатках у Літве. Юрыст тлумачыць, да чаго рыхтавацца мясцовым беларусам

    З пачатку 2026 года ў Літве набылі моц шматлікія змены ў падатковым заканадаўстве. У тым ліку, павялічыліся стаўкі падаходнага падатку, што актуальна для асоб, якія ажыццяўляюць індывідуальную дзейнасць. Юрыст БАЖ тлумачыць, наколькі гэта адаб’ецца на фактычных заробках.
    13.02.2026
    Акцэнты

    Злачынствы беларускай прапаганды не застануцца незаўважанымі і беспакаранымі

    Беларуская асацыяцыя журналістаў запускае новы праект, які аналізуе працу дзяржаўных прапагандыстаў на прадмет крымінальных злачынстваў. «Захоўваюцца доказы дзеянняў, якія трапляюць у зону крымінальных злачынстваў, разбор і апісанні кейсаў. Усё гэта ў пэўны час трапіць да органаў, якія будуць мець паўнамоцтвы на разгляд такіх спраў», — кажа намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.
    09.12.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.