• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мільёны праглядаў і тысячы каментароў: як беларускі журналіст папулярызуе родную мову праз Цік-Ток

    Шуфлядка, а што гэта? Чым твар адрозніваецца ад пыскі, і ці чулі вы пра такі цуд як «шмаравідла»? А якія выразы зразумее толькі і выключна беларус? Усё гэта ведае блогер і журналіст Васіль Ядчанка. Праект «Мова Гомель» пагутарыў са спадаром Васілём пра тое, як у сацсетках вывесці беларускую мову ў трэнды.

    — Пачнём з асабістага пытання. Ваша прыгода з беларускай мовай — гэта сямейная традыцыя, можа з вёскі ад бабулі? Ці гэта да вас у дарослым жыцці прыйшло? Калі вы ўвогуле пачалі размаўляць па-беларуску?

    — Ведаеце, мае бацькі з вёскі, і тата, і матуля, але па-беларуску яны не размаўлялі, на чыстай мове. Трасянка ж была заўсёды. А бабулі размаўлялі, і ў іх былі вельмі цікавыя нейкія выразы, ад чаго было яшчэ больш цікава нешта даведацца. Колькі гадоў ужо прайшло, а я ўзгадваю, як, напрыклад, мая бабуля Тамара казала: “Гаў-гаў з‑за печкі”.

    — І што гэты выраз азначае?

    — Гэта калі нехта нешта кажа «исподтишка», як бы з‑за печкі, каб яго відаць не было. І такіх выразаў шмат. Беларуская мова заўсёды была са мной. Я пісаў вершы на роднай мове недзе ў 10–11 класах школы, калі я вучыўся далей, то таксама пісаў вершы. Потым я працаваў на радыё гомельскім абласным, і там таксама па-беларуску трэба было рабіць навіны, нейкія рэпартажы.

    Таму родная мова заўсёды была са мной, але потым яна неяк адышла на другі план. Ужо ў сталым узросце я перайшоў на беларускую, гэта было свядомае рашэнне. Хоць мова мая не вельмі чыстая, і я прыкладаю намаганні, каб так не было.

    Калі я вёў кулінарны блог, то ў мяне былі выключна стравы беларускай кухні.

    Падчас запісу гэтых кулінарных відэа сталі прыходзіць у галаву беларускія выразы, беларускія словы, і падчас асноўных выпускаў я пачаў рабіць кароткія відэа, быў Цік-Ток, дзе я пачаў іх размяшчаць. І тады я пабачыў, што адразу пайшлі дзясяткі і сотні тысяч праглядаў, сотні каментароў, падабаек.

    Я пабачыў, што ёсць запыт, што трэба гэта рабіць і для сябе, і для іншых, і для свайго сына, напрыклад, з якім мы запісвалі youtube-выпускі кулінарныя на беларускай мове.

    — З вашых слоў вынікае, што ўсё ж такі дзяцінства мае значэнне. Можа акурат бабуля гэтае зярнятка беларускай мовы ў вас і заклала?

    — Так, я пагаджуся з вамі.

    — Калі казаць пра папулярызацыю беларускай мовы, пра кароткія відэа, Цік-ток і знакамітую “шуфлядку”. Наколькі такая форма спраўджваецца? Гэта павялічвае цікавасць да беларускай мовы, вы ставіце сабе мэты нейкія ў гэтым?

    — Можна тут казаць высокія словы пра тое, што я намагаюся ахапіць усіх беларусаў ва ўсім свеце, але перш за ўсё, я лічу, трэба пачынаць з сябе. Калі мне гэта цікава, калі мне цікава знаходзіць нейкія цікавыя словы, нейкія цікавыя выразы, якія ёсць толькі ў беларускай мове, гэта мяне матывуе ствараць гэтыя відэа. А людзі, яны ж бачаць, як я гэта ствараю, што мне гэта цікава, і яны таксама цікавяцца. Такі ланцужок атрымліваецца.

    Я бачу, што гэта і ёсць мая мэта. Праз самазацікаўленасць рабіць так, каб і іншыя цікавіліся, у тым ліку моладзь.

    Да прыкладу, у цік-току на працягу 28 дзён мяне паглядзела 1,9 мільёнаў чалавек. З гэтай колькасці 69,9% – гэта людзі з тэрыторыі Беларусі. 34% маюць ад 18 да 24 гадоў, і яшчэ 28% – гэта ад 25 да 34 гадоў.

    Бачыце, гэта не толькі моладзь, але і больш старэйшыя людзі. А да прыкладу, у Іnsta­gram аўдыторыя яшчэ больш сталая. Вось, да прыкладу, відэа пра Дзеда-барадзеда. У мяне была такая міні-серыя пастоў, у якіх я прыгадваю пра тое, што можа складаць такі культурны код беларусаў, у тым ліку прыгадваю калыханку Дзеда-барадзеда. У Іnsta­gram гэтае відэа з ім паглядзела 655 тысяч чалавек, ёсць шмат падабаек, каментарыяў, а ў цік-току – толькі 3564 чалавекі.

    — Бо моладзь не ведае Дзеда-барадзеда…

    — Так, не ведае. Але калі я бяру калыханку “Пакрысе на расе”, то ў цік-току 326 тысяч праглядаў а ў інстаграме – амаль у тры разы менш. Бачыце, такім чынам, я ахопліваю розныя аўдыторыі. Таксама ёсць відэа на youtube у фармаце shorts, гэта кароткія відэа. Але на ютубе можа быць і дзве тысячы праглядаў, а можа быць і 18 тысяч, або ўсяго 288. Там цяжка прадбачыць наперад, але цікавасць ёсць.

    — Падзялюся асабістай рэфлексіяй. Вось вы ўзгадалі відэа пра Дзеда-барадзеда, і мяне вельмі здзівілі некаторыя каментарыі пад гэтым відэа, што аказваецца некаторыя ў дзяцінстве баяліся гэтага персанажа. Гэта было адкрыццё. Здаецца такі пазітыўны персанаж…

    — Так, гэта было цікава. Чаго там здаецца баяцца? Як казала тая ж мая бабуля: “вось табе, калі хочаш”. Але былі каментарыі і такія, што толькі цяпер я зразумеў, што дзякуючы гэтаму ў мяне ёсць веданне мовы.

    — Яшчэ пра маладых людзей. Маладых людзей, дзяцей, можна зацікавіць беларускай мовай, можа справа ў форме падачы? Вось вы кажаце ваш сын вам ужо дапамагае, і гэта ж не выклікае ў яго супраціву…

    Так, яму цікава гэта. Ён сам гаворыць, што, тата, давай нешта здымем, хоць яму пяць гадоў. А ці ёсць цікавасць у моладзі да беларускай мовы? У мяне гэтае пытанне не стаіць, таму што я бачу жывую цікавасць да мовы і жаданне вывучаць родную мову. Толькі размаўляць з маладымі людзьмі трэба на іх мове.

    І мне не сорамна падацца смешным або недарэчным. Сорамна будзе, калі я нічога не зраблю для прасоўвання роднай мовы. Чым прасцей будзе вывучаць мову, тым лепей для ўсіх нас. Я зразумеў, што ў гэтым працэсе мы ўсе — як падлеткі.

    Вось асабіста ў мяне быў вялікі перапынак у размове на беларускай мове, я, па сутнасці, спыніўся ў развіцці па гэтым напрамку на ўзроўні выпускніка школы. Мне падаецца, што як і большасць беларусаў, на жаль.

    З часоў наведвання ў якасці журналіста розных прэс-канферэнцый, у мяне нарадзілася фраза як бы ад імя арганізатараў гэтых прэсавых канферэнцый, што “ў нас максімальна важная тэма, таму мы раскажам пра яе максімальна сумна”. А я не хачу сумна і нудна, доўгімі лекцыямі або доўгімі тэкстамі.

    Беларуская мова яна жывая, яна развіваецца, і гэта трэба паказваць. Вось да майго відэа пра шуфлядку пакінулі каментарый, што гэта “адзін біт інфармацыі”. Што, спрабавалі абясцэніць маю працу? А гэта праца. 10 секунд відэа заняло некалькі гадзін працы, без уліку самой ідэі. Як вынік сотні вясёлых каментарыяў, сотні тысяч праглядаў, людзі дзякуюць, дзеляцца гэтым відэа. І я цяпер ведаю, што гэты адзін біт інфармацыі яны запомнілі назаўжды. Ведаеце, ім не трэба нічога рабіць, каб запомніць, і такі фармат – адна з маіх мэт: каб людзі запаміналі мову, не прыкладаючы ніякіх намаганняў.

    — А ці маеце вы свае любімыя словы па-беларуску?

    Ой, у мяне ёсць некалькі такіх слоў. Адно з іх таксама ад маёй бабулі гэта словы “нягеглы”. Вось яна сварылася калі на мяне, то казала гэта слова. Яшчэ адно з такіх слоў – “валацуга”. У гэтых слоў ёсць свой характар, і іх вельмі цяжка перакласці на рускую мову. І яшчэ мне вельмі падабаецца слова “летуценнік”. Калі я жыў у Тбілісі, то зняў нават відэа на гэтую тэму.

    Чытайце яшчэ:

    Той выпадак, калі газета выратавала тысячы жыццяў. У якім стане цяпер украінская журналістыка

    Іван Эйсмант у чарговы раз загаварыў пра з’яўленне новага інфармацыйнага тэлеканала

    BELPOL: Игорь Лосик и Анджей Почобут переведены в ПКТ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці