• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «На беларускай мове ідзе абмеркаванне інфармацыі палітычнага характару». Як рэдактара «НН» праслухоўвалі на Акрэсціна

    У судзе зачытвалі дыялогі з камеры.

    Суд Заводскага раёна Мінска працягвае разгляд справы Аляксея Сцерлікава — мінчука, які ў ноч пасля інаўгурацыі разам з жонкай уцякаў ад сотні сілавікоў па праспекце Дзяржынскага. Пагоня скончылася ў дварах на вуліцы Разінскай. Пры гэтым быў траўмаваны інспектар ДАІ Міхаіл Завадскі — ён наскочыў на «Фальксваген» Сцерлікава, які рухаўся заднім ходам. А пасля атрымаў удар адчыненымі дзвярыма.

    «Наша Ніва» пісала пра першы дзень суда, на якім выступалі жонка Сцерлікава і сведкі-даішнікі. У другі дзень выступаў яшчэ адзін сведка і зачытваліся матэрыялы справы.

    Іх змест дэманструе некаторыя метады працы сілавікоў, пра якія шмат хто не здагадваецца.

    Па-першае, да матэрыялаў справы прыкладзены аўдыязапіс тэлефоннай размовы Таццяны Сцерлікавай, жонкі абвінавачанага. У дакументах адзначана, што ў яе быў айфон, а гэты смартфон забараняе карыстальніку запісваць свае размовы. Можна меркаваць, на момант размовы з сяброўкай Таццяну Сцерлікаву (раніца 24 верасня) ужо праслухоўвалі.

    Хоць гэта адбылося праз лічаныя гадзіны пасля пагоні і затрымання мужа.

    Па-другое, следства падрыхтавала падрадкоўнікі размоў Аляксея Сцерлікава на Акрэсціна. Ні для каго не сакрэт, што часам ў камеры падсаджваюць спецыяльна навучаных людзей, каб тыя разгаварылі арыштантаў і пасля засведчылі гэта ў судзе. Але як выяўляецца, аўдыязапіс вядзецца ўвесь час, а сілавікі могуць абіраць для сябе патрэбнае і цікавае. Гэта называецца «аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы».

    У судзе пракурор Вольга Дзіліндзевіч зачытвала тэкст абраных размоў з камеры, праз хуткасць чытання разабраць нешта было складана, толькі асобныя моманты.

    Аўдыязапісы зробленыя на Акрэсціна 24–25 верасня, у першыя дні знаходжання Сцерлікава за кратамі. Гэта час, калі з затрыманага стараюцца атрымаць максімум інфармацыі. На допыце ён яе можа не казаць, але пасля дзеліцца з сукамернікамі — чаго і чакаюць сілавікі.

    Адметнасць сітуацыі ў тым, што Сцерлікаў знаходзіўся ў камеры з двума людзьмі — галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам (падазраваны па справе за «паклёп») і Міхаілам Вайцяхоўскім (45-гадовы мінчук з некалькі адседкамі, падазраваны па справе аб крадзяжы мабільніка).

    У матэрыялах следства яны не называюцца па імёнах, а прадстаўленыя як «В., суразмоўца» і «К., суразмоўца». Аднак паколькі Ягор Марціновіч размаўляў па-беларуску, то і ў падрадкоўніку яго словы запісвалі па-беларуску. Таму пракурор, апісваючы змест размовы, часам рабіла ўдакладненні: «На беларускай мове ідзе абмеркаванне інфармацыі палітычнага характару».

    Як выглядаюць тыповыя размовы ў камеры? «Наша Ніва» занатавала некаторыя дыялогі з Акрэсціна, агучаныя ў судзе.

    ***

    — Ну а мент, якога ты збіў на машыне, ён у бальніцы зараз?

    — Пісалі, што ў яго нейкі разрыў звязак галенастопа, удар пальцаў, пляча.

    — Не, ну суддзя ж таксама *неразборліва*. Тое, што зараз у краіне, могуць палічыць, што гэта нападзенне.

    — Ну калі нам з жонкай пачынаюць біць машыну, я цвярозы, ніякіх апазнавальных знакаў няма, то што яшчэ заставалася рабіць?

    ***

    — Атрымліваецца, што гэта нейкія пацаны без формы? Ну, мянты, унутраныя войскі, спецназ?

    — Ну ў 12 ночы. Яны ехалі на аўтобусах, загарадзілі дарогу і ўсё. Выйшлі і пачалі біць машыны.

    — На тваім месцы, слухай, што з адвакатам, што без адваката — гэта *нецэнзурна*.

    ***

    — А як цябе злавілі?

    — Я спрабаваў з’язджаць, разварочвацца. Разумееш, я ўцякаў ад гэтых бандытаў. Я развярнуўся, праехаў нейкую адлегласць у шокавым стане … Я заехаў у нейкі двор, там зноў пачынаюць біць, выцягнулі мяне. Паказвалі відэарэгістратары, а так я нічога не памятаю. Памятаю, як выцягвалі. Людзі крычалі *нецэнзурна*, потым паднялі мяне, сталі пагражаць. «Што ты нарабіў, ты што, п’яны?». Я кажу, што не. Адвезлі на асведчанне, там 0,25 праміле аказалася.

    ***

    «Далей дзеляцца гісторыямі з жыцця».

    ***

    — Прыехалі даішнікі, каб я падпісаў пратакол. … Я сказаў, што нічога падпісваць не буду, бо нічога не памятаю.

    ***

    «Інфармацыя ўтрымліваецца ў запісу нявызначаных асоб у камеры. На беларускай мове ідзе абмеркаванне інфармацыі палітычнага характару».

    ***

    — Ну калі самае горшае, што табе дадуць, то там табе *нецэнзурна*… У цябе ж не было на машыне бела-чырвонага?

    — Не было нічога.

    — Ну тады атрымаеш хімію. А там аб’явяць амністыю. Ты ж раней несудзімы, гэта плюс вялікі. Прызнаеш. Ты ж не скажаш, што яго не збіў.

    — Гучыць голас сукамерніка на беларускай мове: — «Атрымалася, што наехаў… *неразборліва*»

    ***

    «Таксама ўтрымліваюцца размовы аб выбары адваката, аб следчых дзеяннях з удзелам адваката. Сцерлікаў паведаміў, што без адваката адмовіўся *неразборліва*, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці