• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На «Белсаце» запускаюць прэм’еру сезону — гістарычны цыкл з Кацярынай Ваданосавай і Васілём Калачом

    21 студзеня «Белсат» дае старт новай дакументальна-публіцыстычнай праграме «Каса на камень». Цыкл пра тое, як выглядае гісторыя праз прызму жаночых і мужчынскіх поглядаў. Жаночы бок прэзентуе Кацярына Ваданосава, мужчынскі — Васіль Калач, эксперт — Алесь Кіркевіч (ён жа аўтар сцэнару).

    Першыя эпізоды — пра чарадзейства і сэксуальную рэвалюцыю ў БССР. Прэмʼера — 21 студзеня. Што адбывалася на здымках праекту?

    На «Белсаце» запускаюць новае шоу «Каса на камень»

    Вядоўцы Кацярына Ваданосава і Васіль Калач падчас здымак праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Так, усё файна. Гэта быў працоўны дубль. А зараз пераходзім да сцэны сэксу…» — камандуе рэжысёр праекту «Каса на камень» Арцём Лобач і раптам змаўкае, збянтэжаны тым, што сказаў…

    Паўза імгненна напаўняецца рогатам («Сцэна сэксу? Калі ласка!..») усіх прысутных на здымачнай пляцоўцы. Смяюцца вядоўцы і героі праграмы — Кацярына Ваданосава і Васіль Калач, рагочуць аператары і аўтар сцэнару Алесь Кіркевіч, смяецца сам Арцём Лобач.

    «Вельмі адважна!» — заўважае, стрымліваючы смех, адказны рэдактар праграмы Віктар Шукеловіч.

    Здымкі праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Дзе тут месца жанчыны, а дзе — мужчыны…»

    Усё гэта — на фоне аскетычнай чорна-белай сцэнаграфіі з пустымі крэсламі і фантастычным белым парасонам для рассейвання святла над галовамі герояў у велізарнай студыі. Такая атмасфера пануе перад пачаткам здымак аднаго з эпізодаў другога выпуску праграмы, прысвечанага тэме сэксуальнай рэвалюцыі ў БССР 1920‑х гадоў.

    Аўтар сцэнару Алесь Кіркевіч пазней назаве такі настрой «мацартыянскім», бо ў ім, як у Моцартавых творах, будзе дамінаваць лёгкасць і іронія. Гэткі настрой задае сваімі жартамі і ўсмешкамі ў студыі рэжысёр-пастаноўца, але, здаецца, вайб закладзены ўжо ў тэкстах і ў тым, з якой энергіяй яго прамаўляюць вядоўцы праграмы.

    «Абажаю вашую энергію! Як гэта ў вас атрымліваецца?» — рэпліка рэжысёра.

    «Гэта заўжды па-рознаму выглядае: калі ты пішаш тэкст і шукаеш інфармацыю — і калі яго ўжо на камеру прамаўляюць людзі і нараджаецца нешта цікавае. А цяпер на здымачнай пляцоўцы гэта ўвогуле выглядае як у тэатры. Нібыта ты прысутнічаеш пры тэатральнай магіі, калі людзі ажыўляюць сюжэты і словы. І будзем чакаць, калі ўсё гэта пабачыць на экранах, так бы мовіць, вялікая грамада і як гэтае слова адгукнецца», — заўважае з усмешкай Алесь Кіркевіч.

    Вядоўцы Кацярына Ваданосава і Васіль Калач, сцэнарыст Алесь Кіркевіч і адказны рэдактар Віктар Шукеловіч падчас здымак праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Як яно можа адгукнуцца? Мяркуем, вялікім зацікаўленнем. Бо апрача асаблівага вайбу, вядоўцы «Касы на камень» дзеляцца гістарычнымі фактамі, якія для нас былі поўнай неспадзяванкай. І не проста дзеляцца, а, як самі кажуць на пачатку праграмы, вызначаюць, «дзе тут месца жанчыны, а дзе — мужчыны». І паміж гэтымі полюсамі ўзнікае магнетычнае поле, ад якога не адарваць ні вачэй, ні вушэй.

    «А ці ведаў ты, што СССР 1920‑х быў флагманам сэксуальнай рэвалюцыі — ва ўсім свеце?» — пытаецца Каця Ваданосава ў напарніка. «Той самы хвалёны фрэйда-марксізм?..» — пытанне на пытанне ад Васіля Калача. «Першая камуна з’явілася пад Менскам яшчэ ў 1919 годзе — і там жыло паўтысячы чалавек. Усё агульнае: посуд, вопратка ну і — свабодны сэкс. Бо ўнікальнае права на стасункі з іншым чалавекам — гэта…» — робіць паўзу Кацярына. «…Буржуазны перажытак!» — падсумоўвае Васіль.

    «Усе бабы — ведзьмы!»

    Далей у гэтай «амаральнай гісторыі пра мараль» загучаць зусім не моцартаўскія ноткі, але мы спыняемся, каб не спойлерыць, і шукаем вачыма Віктара Шукеловіча: хочам здабыць троху інфармацыі пра «Касу і камень» у адказнага рэдактара праекта.

    Віктар Шукеловіч кажа пра праграму «Каса і камень» як пра прэм’еру сезону. Плануецца, што новая праграма будзе выходзіць на «Белсаце» раз на два тыдні да канца траўня (гэта як мінімум) і будзе прэзентаваць вельмі розныя гістарычныя тэмы «праз прызму жаночых і мужчынскіх поглядаў».

    «Я лічу, што гістарычнага кантэнту ў Беларусі ўсё ж малавата. Павінна быць больш, і рознага, таму што ўсе мы розныя, усе гледачы розныя, і нам трэба рознымі метадамі да іх прабівацца і прыцягваць іхную ўвагу, зацікаўліваць іх. І калі розныя прадукты будуць канкураваць паміж сабой і прапаноўваць нешта іншае, тым больш будзе шанцаў, што мы дагрукаемся да гледачоў і прыйдзем до адраджэння нашай гістарычнай памяці на шырэйшай прасторы», — дзеліцца меркаваннем Віктар Шукеловіч.

    Ад яго ж даведваемся, што насамрэч выданне праграмы пра сэксуальную рэвалюцыю не будзе прэм’ерным. Гэта будзе другі выпуск (выйдзе ў эфір 28 студзеня).

    Прэмʼера ж цыкла «Каса на камень» адбудзецца ў сераду, 21 студзеня, — праграмай, прысвечанай вядзьмарству ў беларускай гісторыі («Усе бабы — ведзьмы!» — так гэта будзе пачынацца).

    «Вельмі цікавы і мала даследаваны аспект нашай гісторыі. Мы прывыклі думаць, што жанчыны — гэта вядзьмаркі. Гэта транслюе масавая культура. Але ведзьмарамі былі і мужчыны! І мы маем прыклады з гісторыі ВКЛ, калі і мужчын каралі смерцю за вядзьмарства. Калі паглядзець дакументы з XVII-XVIII стагоддзяў, дык там мужыкоў паляць не менш за жанчын. Гэтак у Горадні спалілі Максіма Знака — поўнага цёзку нашага былога палітвязня. Спалілі за тое, што адымаў у сваіх ахвяраў розум — прымушаў ламаць печы і грызці камяні…» — распавядае Віктар Шукеловіч.

    На пытанне, хто зʼяўляецца сёння галоўным беларускім ведзьмаром, Віктар не адказвае (задумваецца з хітрай усмешкай). Найшла каса на камень, як кажуць. Дарэчы, што да назвы праекта, Віктар Шукеловіч лічыць яе вельмі ўдалай і метафарычнай. «Праз гэты камень мы падкрэсліваем, што дзяўчаты таксама могуць быць цвёрдымі, бо камень можа быць і каштоўным», — кажа. Пра розныя сэнсы «касы» і казаць не трэба.

    «Хваліўся, што спаліў 6 чараўніц»

    «Увага! Цішыня! Акцыя!» — чуецца каманда рэжысёра. Здымаецца эпізод выдання пра ведзьмаў.

    «Апошнюю ведзьму ў Рэчы Паспалітай спалілі ў 1793 годзе! У мяне гэта, шчыра кажучы, у галаве не ўкладаецца. Ужо і французская рэвалюцыя, і свабода-братэрства, а тут паляць ведзьмаў. У Беларусі — у 1758 годзе адзін з аканомаў графа Тышкевіча бадзёра хваліўся, што спаліў 6 чараўніц. Тры прызналіся, тры — не. Ягоны калега спаліў двух чараўнікоў, мужыка і жанчыну. То бок, гэта было нормай?..» — дзелімся невялікай цытатай вядоўцаў.

    Але ці практыка паляванняў на ведзьмаў ужо сышла ў нябыт?..

    Іскры ў праграме «Каса на камень» будзе выкрасаць не толькі сутыкненне жаночага і мужчынскага поглядаў, але і сутыкненне гісторыі з сучаснасцю. На жаль, паляванні на ведзьмаў і ведзьмакоў працягваюцца і сёння. Не?..

    Рэжысёр Арцём Лобач падчас здымак праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Арцём Лобач здымае праграму так, быццам сам учора пабываў на аўтадафэ, але выгляду не паказвае — толькі пасміхаецца. Прызнаецца нам, што ўзяцца за здымкі яго натхніла тэма гендарнага балансу, але не толькі яна.

    «Насамрэч я вельмі люблю побытавую гісторыю. Раблю зараз такі сайд-праект, дзе мне людзі расказваюць, як яны памятаюць сваё жыццё менавіта ў такіх бытавых падрабязнасцях. Што елі, што пілі, якія пахі былі тады. Такія рэчы. І мне вельмі спадабаўся сцэнар «Касы на камень» тым, што там і пра грошы, і пра транспарт, шмат пра што. Бо я бачу, што мы зараз мала пра гэта кажам — усё неяк больш філасофствуем. Але прадметы таксама ствараюць гісторыю», — кажа Арцём Лобач.

    Рэжысёр праграмы дадае, што спадабалася яму і канцэпцыя, сцэнаграфія праекту — чорна-белая, мужчынска-жаночая. «Люблю такія кантрасты, супрацьлегласці», — прызнаецца Арцём Лобач. У дужках: паралельна Лобач здымае дакументальны фільм, фінансаваны нямецкімі прадзюсарамі, пра жыццё на літоўска-расейскай мяжы, і там таксама пра супрацьлегласці (распавядае нам пра расейскі банер на мяжы з лозунгам «Победа будет за нами. 1945–2025», бачны з літоўскага боку).

    Вядоўцы Кацярына Ваданосава і Васіль Калач падчас здымак праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Замест сэксу — спорт і падрыхтоўка да вялікай вайны…

    Пасля абеду героі з’яўляюцца перад камерамі ў шыкоўных гістарычных строях, што яшчэ больш надае магічнасці дзеі, пра якую казаў аўтар сцэнара Алесь Кіркевіч. Ён таксама з’явіцца ў кадры — белая сцэна — у якасці эксперта. А нам прызнаецца, што было б добра, каб сутыкненні інтарэсаў і дыскусія, на якой пабудаваная праграма, выходзілі па-за экран і працягваліся ў каментарах, на кухнях і дыскусійных пляцоўках.

    А што там з сэксуальнай рэвалюцыяй?

    «У 1929‑м годзе вялікі эксперымент з сэксуальнай свабодай у СССР пачаў згортвацца… На змену прыйшла сталінская ўніфікацыя і камуністычны патрыярхат… Засталося пытанне: куды ж падзець вызваленую рэвалюцыяй сэксуальную энергію масаў?.. А ўсё проста. Спорт, скокі з парашутам, кіданне гранаты, стральба па-варашылаўску, лыжы, ГТО, суботнікі, вялікія будоўлі і падрыхтоўка да — вялікай вайны…» — сцвярджае эксперт у новай праграме «Белсата» «Каса на камень».

    Прэмʼера праграмы «Каса на камень» («Чараўніцтва») — 21 студзеня, пачатак а 19‑й гадзіне. Другі эпізод (пра сэксуальную рэвалюцыю) — 28 студзеня. Гледачоў цыкла чакае наперадзе шмат цікавых тэмаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці