• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На кіраўнікоў сайта «Медыя-Палессе» завялі крымінальную справу. Каментар Святланы Гарда

    Іх абвінавачваюць ва злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, нібыта абвінавачаныя на працягу двух гадоў не рабілі падатковыя выплаты і абавязковыя адлічэнні ў ФСАН і Белдзяржстрах.

    Рэдакцыя даведалася пра гэтыя абвінавачванні з сайта абласной пракуратуры.

    Супраць дырэктара і заснавальніка незалежнага партала “Медыя-Палессе” ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 424 КК РБ (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі), паведамляе “Еўрарадыё” са спасылкаю на прэс-службу Генеральнай пракуратуры.

    Як расказалі ў пракуратуры, падставай зрабіліся вынікі фінансавай праверкі. Правяральнікі прыйшлі да высновы, што кіраўніцтва медыя плаціла некаторым супрацоўнікам “зарплаты ў канвертах” і, адпаведна, не рабіла адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і Белдзяржстрах. У выніку дзяржаве была нанесена “шкода ў суме звыш 10 тысяч рублёў”.

    Пры гэтым у пракуратуры не хаваюць, што фінансавай праверцы папярэднічалі спробы заклікаць медыя “да выпраўлення сітуацыі” — прымусіць яго выбарачна падаваць інфармацыю.

    У прэамбуле да паведамлення пра новую крымінальную справу пракуратура нагадвае, што ўладальніка рэсурсу ў 2020–2021 гадах 4 разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за “публікацыю недакладных звестак, накіраваных на нагнятанне абстаноўкі і фарміраванне ў грамадскасці негатыўнага стаўлення да ўлады, а ў асобных выпадках — экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

    У ліпені 2021 года дома ў галоўнай рэдактаркі Святланы Гарда, а таксама ў ключавых супрацоўнікаў і ў офісе «Медыя-Палесся» прайшлі вобшукі. Офіс партала знаходзіцца ў Лунінцы, ператрусы праходзілі таксама і ў Пінску. У журналістаў забралі сродкі сувязі і носьбіты інфармацыі. А ў верасні 2021 года доступ да сайта быў заблакаваны.

    Каментар рэдактара сайта «Медыя-Палессе» Святланы Гарда:

    — «Медыя-Палессе» спрабавалі закрыць за «нагнятанне абстаноўкі і фармаванне ў грамадскасці негатыўнага стаўлення да ўлады» (пракуратура па нашым запыце так і не прадставіла ніводнай публікацыі, якая б пацвярджала гэта), спрабавалі задушыць штрафамі, чатыры разы прызнаючы вінаватымі «ў пагрозе нацыянальнай бяспецы краіны» за праўдзівыя публікацыі

    Але мы выжылі. І будзем жыць.

    Я чакала крымінальнай справы, толькі не магла ведаць, па якім артыкуле яна будзе, таму што ператрусы дома і ў офісе праводзіліся ў рамках справы «Акт тэрарызму». З гэтым не атрымалася. Вырашылі — за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі… На створаным мною ж прадпрыемстве.

    Звяртаюся да вас, шаноўныя чытачы. Крымінальны пераслед ніяк не адаб’ецца на працы нашага партала. Хаця сайт заблакаваны, вы ведаеце, што ён працягвае сваю працу праз сістэму VPN.

    І далей мы будзем выконваць сваю місію: аб’ектыўна інфармаваць вас пра падзеі ў рэгіёне. Значнасць праўдзівай інфармацыі ўзрасла ў гэты момант, калі з нашай зямлі вядуцца абстрэлы суседняй Украіны, калі ахвярамі можа стаць кожны, у каго над галовамі праносяцца ракеты.

    Многія мае калегі, некаторыя больш за год, сядзяць у турмах па надуманых артыкулах, а на самой справе — за прафесію. Я на волі і ў бяспецы. І буду працягваць працаваць за іх і за сябе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці