На аўтара «Новага Часу» Міколу Дзядка завялі яшчэ адну крымінальную справу
Пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале, прысвечаным палітвязню. Мікола мусіў выйсці на волю 4 красавіка 2025 года.

Мікалай Дзядок. Фота: з асабістага архіва
Стала вядома, што Міколу Дзядка перавялі ў СІЗА №1 у Калядзічах з‑за новай крымінальнай справы.
Па якім менавіта артыкуле збіраюцца наноў судзіць палітвязня невядома. Таксама няма падрабязнасцяў і наконт ужо адкрытай на яго справы па 411 артыкуле.
Мікола Дзядок адвучыўся на палітолага, супрацоўнічаў з газетай «Новы час», актыўна вёў блог у Telegram і канал на YouTube. Анархіста затрымалі ў лістападзе 2020 года. Як пісаў «Новы Час», пры затрыманні і потым у аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу жудасна катавалі.
10 лістапада 2021 года па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса яго пакаралі 5 гадамі зняволення.
24 лістапада 2020 года супольнай заявай 11 праваабарончых арганізацый прызналі Міколу Дзядка палітычным зняволеным. У мінулым годзе Міністэрства ўнутраных спраў унесла імя Міколы ў спіс асоб, якія датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці.
За кратамі на Міколу Дзядка працягваецца ціск.
