• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «На мяне паступіў ананімны данос». Вядучая Кацярына Пытлева расказала, як з сям’ёй з’ехала з Беларусі

    Вядучая Кацярына Пытлева апошнія два месяцы жыве ў Літве. Яна з'ехала разам з мужам і дзецьмі пасля таго, як даведалася, што ёй можа пагражаць крымінальная справа. Пра «ананімку», званкі з міліцыі і новую працу яна расказала «Нашай Ніне».

    Фота з асабістага архіву

    «Я ніколі не хацела з’язджаць з Беларусі, нават пасля першых арыштаў калег яшчэ восенню, — кажа Кацярына. — 

    Некалькі разоў, калі суседзі казалі пра сачэнне пад пад’ездам, я з дзецьмі з’язджала і некалькі тыдняў не жыла дома.

    Але Следчы камітэт, можна сказаць, сам падштурхнуў нас да гэтага рашэння. Бо адседзець суткі я гатова, муж ужо адседзеў, а вось атрымаць тэрмін па выдуманай прычыне і праз ананімны данос я не хацела. І зразумела, што буду больш карысная на волі, няхай і ў іншай краіне».

    Пасля таго як у ліпені вядучая сышла з БТ, ціск не скончыўся. Праз пару месяцаў яе звольнілі з радыё, і Кацярына засталася без працы наогул. Узніклі пытанні і да ІП яе мужа Аляксея.

    «Яго выклікалі ў РУУС і так і заявілі — паступіла распараджэнне разабрацца ў эканамічнай дзейнасці. Хоць яго ІП існавала менш за год і супрацоўнічала ўсяго з адным заказчыкам (Аляксей рыхтаваў кантэнт для радыё. — «НН»), ніякіх парушэнняў не было».

    Пасля з міліцыі патэлефанавалі Кацярыне. Маўляў, паступіў ананімны данос, што яна абразіла дзяржаўны герб у сацсетках, ідзе праверка. Задавалі пытанні пра пост, дзе вядучая размясціла фотакалаж беларускага герба, у якім замест кветак — чорныя дубінкі, а ў цэнтры — шлем амапаўца. 

    «Па гэтым артыкуле (370 Крымінальнага кодэкса. — «НН») мне маглі прыпісаць тэрмін да года абмежавання волі. Мы параіліся з адвакатам і вырашылі з’ехаць, бо ва ўмовах прававога дэфолту ў нашай краіне гэтыя праверкі маглі скончыцца так, як скончыліся для многіх палітычных вязняў», — дзеліцца Кацярына. Павестка ад следчых ёй прышла, ужо калі яна з сям’ёй была за мяжой.

    Зараз Кацярына жыве ў Літве. Працуе на ютуб-канале «Маланка медыя». Далучыцца да каманды яе запрашалі яшчэ летам, але тады вядучая не была гатова да пераезду.

    «Мне радасна, што мой вопыт працы на тэлебачанні працягам амаль у 25 год знайшоў прымяненне, адчуваю сябе карыснай і займаюся важнай і любімай справай. На «Маланцы» я з’яўляюся аўтарам і вядучай двух праектаў — праграмы «Што добрага?» і дайджэста галоўнага за тыдзень «Усё адразу». Я сама пішу сцэнары і мантую. Таксама я стала праграмным дырэктарам канала, так што спатрэбіўся не толькі мой вопыт працы ў кадры».

    Аляксей раней, апроч ІП, працаваў у Беларускім міжбанкаўскім разліковым цэнтры. А ў Літве таксама далучыўся да каманды канала: выпускае прамы эфір, мантуе ролікі, робіць графічныя элементы. «Ён даўно хацеў працаваць у гэтай сферы, і навыкі былі», — дадае Кацярына.

    Малады ютуб-канал збірае шмат праглядаў. Для выпуска навін гэта можа быць 50–100 тысяч, асобныя інтэрв’ю — каля 270 тысяч.

    «Думаю, цяпер людзям неабходныя новыя крыніцы інфармацыі, бо традыцыйныя — тэлебачанне і радыё — сябе дыскрэдытавалі. Асабліва вялікі запыт на незалежныя медыя і шчырую падачу інфармацыі, і менавіта таму «Маланка» так хутка расце», — мяркуе журналістка.

    У камандзе праекта 10 чалавек. Канал плануюць развіваць па прынцыпе грамадскага тэлебачання. У хуткім часе збіраюцца запусціць сістэму платнай падпіскі і данатаў на асобныя праекты.

    «Адчуваю сябе на сваім месцы, і мяне вельмі падтрымліваюць каментары ад маіх даўніх гледачоў і прыхільнікаў маіх мінулых тэлевезійных праектаў. Але галоўнае — мы стараемся натхняць тых, хто хоча перамен, і, мяркуючы па водгуках, у нас атрымліваецца», — апісвае Кацярына ўражанні ад новай працы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці