Папера ў эпоху «дыджытал». Выключэнне, якое пацвярджае правіла
Галоўная камунікатарка і сустваральніца навукова-папулярнага зіну Pamyłka Святлана Волчак распавяла БАЖ, чаму зін дагэтуль выходзіць на паперы і ў чым палягае канцэпцыя выдання. Спойлер: не проста ў нейкім наборы тэкстаў і ілюстрацый. А медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі падзяліўся меркаваннем пра стан беларускага друкаванага медыясегменту ўвогуле.

Медыякансультант Паўлюк Быкоўскі і галоўная камунікатарка навукова-папулярнага зіну Pamyłka Святлана Волчак. Калаж зроблены БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Навукова-папулярны зін Pamyłka ці не адзінае друкаванае медыя, якое існуе для беларусаў па-за Беларуссю. Ва ўсялякім разе, наўрад ці можна назваць такім «Белорусы и рынок», якое неяк выпускала проманумары ўжо ў выгнанні. Вялося яшчэ пра беларускі музычны глянец, але стваральнікі праекту пакуль не гатовыя размаўляць пра ягоны лёс і нават сённяшні дзень.
«Я — той чалавек, які адказвае за выхад нумара, — кажа Святлана Волчак. — Камунікую з мастакамі, аўтарамі, дызайнерамі і рэдактарамі пра тое, каб кожны з іх зрабіў частку працы, за якую ўзяўся, і збіраю іх выніковую працу, будзь то выява ці артыкул, у адзін нумар».
Што да пытання навошта рабіць на сённяшні дзень штосьці ўвогуле ў паперы, то, як падаецца Святлане Волчак, яно «магло паўстаць у многіх людзей з Беларусі, бо мы ж з’яўляемся такой як бы IT-нацыяй, IT-краінай».
«Можа стварыцца ў нейкім моманце такая ілюзія, што лічбавы свет ужо перамог для беларусаў прынамсі. І калі не працаваць з гэтым дыджытал, то ўвогуле няма, дзе прыкласці свае намаганні.
Я з гэтым не згодна. І існуючы ў польскім грамадстве, я бачу, як багата выдаецца, напрыклад, польскіх кніг і часопісаў і гэтак далей, і як багацее грамадства не праз грошы, а праз ідэі, праз камунікацыю паміж людзьмі, праз крытычнае мысленне.
І таму для мяне ўжо не паўстае такога пытання: а навошта ўвогуле друкаваць часопіс, — зазначае Святлана Волчак. — Але ў першую чаргу важна сказаць, што мэтай Pamyłka не ёсць друкаваны часопіс і не часопіс увогуле. Мэта зіна — гэта стварэнне супольнасці, наладжванне камунікацыі паміж навукоўцамі, працяглых стасункаў — ці то ў прасторы інтэрнэта, ці то ў рэальнай».

Святлана Волчак. Фота: з асабістай старонкі на Facebook
Канешне, навуковае кам’юніці хутчэй за ўсё існавала і раней у Беларусі. Але на думку Святланы, гэта ўсё ладзілася абсалютна непразрыста і трапіць у гэтыя закрытыя колы было амаль немагчыма:
«Мая мэта зрабіць гэтую супольнасць адкрытай для новых людзей, для тых, хто любіць навуку і хоча ў яе ўкладацца, а таксама каб гэта камунікацыя пра навуку адбывалася на беларускай мове для беларускага грамадства.
Таму часопіс — гэта толькі адна з формаў дзейнасці на шляху да мэты».
Запаволіць плынь
Суразмоўца нагадвае і пра тое, што паток інфармацыі ў лічбавым свеце стаў занадта хуткі:
«Вось гэты attention span (працягласць канцэнтрацыі ўвагі) настолькі кароткі становіцца ў людзей праз відэа ў Instagram, Reels, іншае, што многім цяжка ўспрымаць інфармацыю, якая ў сеціве цягнецца больш хвіліны. Значыць, трэба перанесці чытача ў нейкае іншае месца, стварыць нейкую сітуацыю, у якой ён бы мог сканцэнтравацца, сфакусавацца на, напрыклад, тэксце ці на нейкіх ідэях. Так, можа быць, ён не адолее ўвесь тэкст, але прачытае некалькі абзацаў, паглядзіць выявы і падумае. Дык вось, фармат надрукаванага часопіса — гэта адзін з тых фарматаў, які ўласна працуе і працаваў ужо шмат год і мабыць соцень год, маю на ўвазе фармат проста друкаванай на паперы кнігі».
Зараз Святлана Волчак працуе памочніцай настаўніка фізікі ў прыватнай школе ў Варшаве:
«Гэта школа з брытанскай праграмай. І я бачу, як тут, нават маючы анлайн-фармат, усе матэрыялы для школьнікаў друкуюцца нават проста фарматам А4, каб яны маглі сесці, сканцэнтравацца на гэтай паперы і штосьці зрабіць.
Што такое Палескі калайдэр і што за звер «Бізон Гіґс»? Гутарка з камунікатаркай Pamyłka
Нават калі дзеці маюць магчымасць пісаць у планшэце спецыяльнай асадкай, адбываецца зрух у бок таго, што лепш, каб яны выводзілі літары ад рукі ў сшытках. Даследаванні даказваюць, што менавіта ўзаемадзеянне з паперай дазваляе ўспрымаць матэрыял значна лепш.
Таму ў нас тут сапраўды яшчэ і такая ідэя — выцягнуць чытача з сітуацыі вельмі-вельмі хуткай плыні інфармацыі. Уявім яе як вельмі хуткую раку. Чытача трэба, значыць, перанесці ў сітуацыю возера, дзе ён можа проста стаць на ціхай вадзе на лодачцы».
«Друкуем столькі, колькі замаўляюць»
Паводле Святланы Волчак, звычайна ў друк адпраўляюць 50 асобнікаў:
«Частка з іх ідзе як узнагарода за ўдзел тым, хто ўласна пісаў, маляваў, вычытваў тэксты ў гэтым часопісе. То-бок каля 20 часопісаў застаецца стваральнікам на памяць. Прыкладна 30-ць набываюцца цягам паўгода да выхаду новага нумара.
Гэта, безумоўна, не вельмі шмат, мы таксама выкладаем PDF-версію анлайн для тых людзей, якія хочуць самі сабе спампаваць часопіс, раздрукаваць за грошы ці проста дома на прынтэры, пачытаць.

7‑мы нумар зіна Pamyłka. Фота: Instagram pamylka.zin
Гэта зроблена ў тым ліку для таго, каб людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, маглі спампаваць гэты зін без нейкіх перашкод, без нейкага запрашэння ці просьбы да нас гэта зрабіць.
У гэтым сэнсе мы падтрымліваем свабодную культуру і свабодныя веды, выпускаючы выданне пад свабодныя ліцэнзіі. І гэта вельмі важна для грамадства, для таго, каб яно заставалася крэатыўным і развівалася, абменьваючыся ідэямі наўпрост свабодна, не пытаючыся ў кагосьці дазволу».
На нумар зіна Pamyłka данатамі збіраецца ад 1500 да 2500 еўра:
«То-бок людзі купляюць часопіс ці робяць данаты, ці з’яўляюцца нашымі падпісчыкамі. Друкуем за 500 еўра тых самых 50 асобнікаў плюс-мінус, астатнія ж грошы раздаюцца тым, хто ствараў гэты нумар. Ідэя такая, што людзі самі падтрымліваюць сваю супольнасць».
А хто ж чытае?
У першую чаргу тыя, хто пішуць, ствараюць, але ад нумара да нумара гэта розныя людзі. Святлана Волчак упэўненая, што так і ўтвараецца супольнасць.
«У кагосьці можа паўстаць пытанне пра тое, што трэба ж пашырацца, трэба ж, каб больш людзей пачало чытаць ці купляць. Так, гэта, канешне, вельмі прыемна было б, але такі працэс для супольнасці мусіць адбывацца натуральна і гарызантальна. Калі людзям будзе падабацца тое, што мы робім, яны падзеляцца гэтым, — зазначае суразмоўца. — Няма мэты рабіць з гэтага камерцыйны праект, няма мэты рабіць нейкую масавую рэкламу і гэтак далей, бо няма мэты рабіць глянцавы часопіс».
Паводле камунікатаркі, «наш праект — гэта зін з мінімальнай цэнзурай ці амаль без цэнзуры»:
«Мы не рэдагуем артыкулы, якія нам дасылаюць, стылістычна. Як чалавек напісаў, як ён умее, то і крута. Навуковай журналістыкі ў Беларусі нейкай сталай не існуе, не рыхтуюць у нас навуковых журналістаў, таму хто як можа, той і маладзец. А мы прадастаўляем магчымасць вучыцца на памылках. Вучыцца на памылках і ў якасці аўтара, і ў якасці мастака, дызайнера, рэдактара».
Святлана Волчак так параўновае друкаванае выданне і электроннае:
«Навошта людзі прыходзяць у музеі, навошта едуць у Луўр ці іншыя галерэі паглядзець творы мастацтва, навошта ехаць глядзець Мону Лізу? Можна ж проста загугліць яе і спампаваць выяву?

Святлана Волчак у прекце TEDx UlicaMińska 2026. Фота: Вольга Шукайла
Таму што гэта зусім іншы досвед. Чалавек перажывае іншыя эмоцыі, калі прыходзіць у музей і глядзіць на мастацтва, якое праз стагоддзі захавалася. І ў гэтым сэнсе гэта падобна на досвед працаваць з чытаннем анлайн ці набываць часопіс як мастацкі аналагавы аб’ект, атрымоўваючы праз яго іншы від інфармацыі, нават праз пах паперы.
Зараз існуе праблема з тым, што людзі чытаюць нашмат менш. У маёй школе агучвалі такія лічбы, што зараз дзесяцікласнікі і адзінаццацікласнікі чытаюць на ўзроўні чацвертакаласнікаў. З гэтай праблемай трэба працаваць, у тым ліку праз папяровыя носьбіты. Бо калі гэтым не займацца, то стане яшчэ горш.
Наш часопіс не мае ўзроставых абмежаванняў, яго ўжо з 10–11 гадоў можна лістаць. Усе веды забываюцца, калі яны не паўтараюцца, і наша ідэя — гэта паўтор ведаў, дзе самі ўдзельнікі вырашаюць, што яны хочуць перадаць грамадству. Таму тэма чытання не перастане быць актуальнай ніколі, пакуль людзі хочуць развівацца.
Нават развіццё AI паказвае, што моўныя мадэлі, маюць такую папулярнасць менавіта таму, што яны працуюць з тэкстам».
Што з друкам у Беларусі і па-за ёй
Як кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, насамрэч, калі глядзець на рэестры Міністэрства інфармацыі, то гаворка па-ранейшаму ідзе пра тысячы выданняў, і недзяржаўных друкаваных выданняў па-ранейшаму болей, чым дзяржаўных, у гэтым сэнсе мала што памянялася.
«Але можна казаць пра іншае. Фактычна зніклі тыя выданні, якія мелі грамадска-палітычную павестку і маглі выступаць з незалежнага пункту гледжання. То-бок зніклі тыя друкаваныя выданні, якія маглі даваць слова ў тым ліку крытыкам рэжыму, даваць магчымасць выказвацца грамадзянам, чые правы парушаюцца.
Гэта была тая трыбуна, на якой выказваліся розныя бакі. Вось сёння такіх медыя ўжо фактычна няма, — сказаў Паўлюк Быкоўскі. — Ёсць асобныя прыклады, але не хочацца іх называць паіменна, дзе прынамсі хоць не па палітычных, але па сацыяльных праблемах яшчэ публікуюцца адрозныя ад афіцыйных меркаванні».

Паўлюк Быкоўскі на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча, 9 жніўня 2026 года. LookByMedia
На думку медыяэксперта, «асноўная кніга скаргаў цяпер знаходзіцца ўжо не ў друкаваных СМІ, а ў TikTok і часткова ў Threads».
Што да медый у экзайле, то тут узнікае наступнае пытанне:
«Вядома, што беларускія незалежныя СМІ ў замежжы працуюць на аўдыторыю ўнутры краіны, адкуль яны выгнаныя.
Зразумела, такіх друкаваных выданняў у выгнанні няма. Бо адразу ўзнікае пытанне, як бы яны дастаўлялі сваю прадукцыю ў Беларусь.
Так, ёсць дыяспаральныя СМІ, напрыклад, беластоцкая газета «Ніва», але гэта іншая гісторыя.
У медыя ў выгнанні ёсць магчымасць працаваць у выглядзе сайтаў на розных пляцоўках, сацыяльных медыя, на YouTube, гэта іншы, канешне, фармат медыяспажывання, але ён ёсць і сучасным, і зразумелым аўдыторыі».
Пры гэтым, у друкаваных СМІ застаюцца свае прыхільнікі ў Беларусі, «іх доля не такая ўжо і малая, калі браць апытанні Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук».
«Але ўсё ж тут стаіць невырашальная праблема дастаўкі ў Беларусь і каб атрымальнікі яшчэ і не пацярпелі за гэта, — кажа Паўлюк Быкоўскі. — Можа быць, магла б узнікнуць ніша для друкаванага часопіса, «тоўстага часопіса», як раней казалі, але сення і ў гэтым, пэўна, ёсць праблема.
А ў электронным выглядзе ўсё гэта робіцца, застаецца пытанне, наколькі гэта даступна аўдыторыі ў Беларусі, бо беларускае кіраўніцтва спрабуе ўсё гэта блакаваць. Але YouTube не заблакаваны, шмат хто выкарыстоўвае люстэркі, якія, звычайна, не ўдаецца блакаваць уладам».
Але, на погляд медыяэксперта, не варта выключна плакаць з нагоды таго, што знікае друкаваная прэса:
«Яна стала адыгрываць даволі сімвалічную ролю апошнім часам у шмат якіх краінах. Яна, хутчэй, выконвае функцыю далучанасці да клуба, асабліва ў рэгіёнах: вось я жыву ў гэтай мясцовасці, выпісваю тутэйшую газету, я ёсць часткай супольнасці. Але навіны хутчэй атрымліваюць зараз не з папяровай прэсы, ды нават і не з тэлебачання, часцей з сацыяльных сетак».
Медыяспажыванне мяняецца ва ўсім свеце, а ў беларускім выпадку ёсць яшчэ і зразумелыя дадатковыя акалічнасці, зазначыў медыяэксперт.
@bajmedia