• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Джэнтэльменскае пагадненне» для медыясектара: хто і на якіх умовах гатовы далучыцца?

    Рада па медыяэтыцы не атрымае ніякіх паўнамоцтваў на ўмяшальніцтва ў дзейнасць рэдакцый. Для каго ствараецца сістэма самарэгулявання? Хто стане яе ўдзельнікам і на якіх правах? На пытанні адказвае намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік Прававога цэнтра Алег Агееў.

    Алег Агееў

    Ці своечасова медыясупольнасць занялася этычнымі праблемамі і самарэгуляваннем, калі сектар перажывае не самыя добрыя часы? Да чаго прывядзе прыняцце Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара? БАЖ працягвае серыю дыскусій.

    «Усе надзеленыя роўнымі правамі»

    — Для каго напісаны Кодэкс этыкі? Хто стане ўдзельнікам сістэмы самарэгулявання беларускага медыясектара?

    — Праект Кодэкса этыкі прапануе медыясектару некалькі ўзроўняў вызначэння суб’ектаў сістэмы самарэгулявання.

    Самы высокі ўзровень — гэта рэдакцыі, якія далучаюцца да Кодэкса і Пагаднення пра стварэнне органа самарэгулявання. Вынікам падрыхтоўчай працы стане агульны сход гэтых суб’ектаў, які атрымае назву Медыяасамблея.

    Адпаведна, Медыяасамблея будзе абіраць Раду па медыяэтыцы з сямі чалавек. Апошняя можа прымаць да разгляду звароты як у дачыненні суб’ектаў, якія далучыліся да Кодэкса і Пагаднення, так і тых, хто не далучыўся (пры ўмове іхняй згоды). Звярнуцца са зваротам у Раду можа любы, хто лічыць, што нейкі матэрыял супярэчыць Кодэксу прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў.

    Калі Рада па медыяэтыцы большасцю галасоў вырашыць, што нейкае пытанне ўяўляе сабой грамадскі інтарэс, то яна можа разглядаць яго ці па ўласнай ініцыятыве, ці па звароту суб’ектаў, якія не далучыліся да Кодэкса і Пагаднення. Цяперашнія праекты дакументаў даюць такую магчымасць Радзе па этыцы.

    — То-бок, рэдакцыі і ўстановы, якія будуць сузаснавальнікамі Медыяасамблеі, стануць выбіраць Раду па медыяэтыцы. А як быць з тымі суб’ектамі, якія далучацца да працэсу пазней?

    — Усе надзеленыя роўнымі правамі. Калі Рада будзе створаная, любы суб’ект, які лічыць, што ён адпавядае пэўным крытэрыям, зможа далучыцца да супольнай працы: працэдура далучэння прапісаная, ніякіх абмежаванняў у правах няма.

    беларускія медыі

    «Кожная рэдакцыя самастойна прымае рашэнне»

    — Чаму ютуберы, ціктокеры, блогеры выпалі з агульнага працэсу самарэгулявання? Яны ж таксама ствараюць кантэнт для масавага спажывання?

    — Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася да рэдакцый, якія вызнаюць сябе медыямі, з прапановай разгледзець магчымасць далучыцца да працэсу. Некаторыя пагадзіліся. Ёсць суб’екты, каму гэта не цікава, бо яны не лічаць сябе медыя. Хтосьці адмаўляецца, хаця лічыць сябе медыя, але бачыць вялікую колькасць пагроз для сябе. Хтосьці не вызначыўся дагэтуль, а нехта ўвогуле сцвярджае, што гэта шкодная ідэя, маўляў, яна будзе замінаць свабодзе слова ў Беларусі ўвогуле.

    Мы запрасілі ў працэс самарэгулявання вялікае кола суб’ектаў — больш за трыдцаць рэдакцый і медыяарганізацый, і ўва ўсіх рознае стаўленне да ідэі. Але мы не навязваем яе ў «дабраахвотна-прымусовым» парадку, наадварот, кожны мае права выбіраць, кожная рэдакцыя самастойна вырашае — удзельнічаць ці не ў гэтым механізме.

    І трэба адзначыць, што менавіта голас удзельнікаў вызначае, якім павінен быць і Кодекс, і механізм самарэгулявання.

    Дарэчы, нават тыя рэдакцыі, якія ўжо выказалі жаданне далучыцца, усё роўна маюць вялікую колькась прапаноў — як яшчэ больш удасканаліць і Кодэкс, і Пагадненне. Таму мы і плануем агульную сустрэчу, на якой суб’екты збяруцца і прынцыпова будуць вызначацца: у якім выглядзе прымаць дакументы і ці ўвогуле іх варта прымаць. Адпаведна, вынікам сустрэчы стане або стварэнне самарэгулявання, ці наадварот, адкладванне яго на няпэўны час.

    Вольга Сямашка: «Не бачу супярэчнасцяў паміж Кодэксам і правіламі, па якіх працуюць незалежныя СМІ»

    — Якія рызыкі і пагрозы для сябе бачаць рэдакцыі ў Кодэксе і Пагадненні?

    — Большая частка суб’ектаў, якая не жадае далучацца да працэсу, тлумачыць сваю пазіцыю мэтамі бяспекі. Рэдакцыі, гатовыя далучыцца, збольшага выказваюць прэтэнзіі да асобных стандартаў.

    Пры гэтым некаторыя рэдакцыі просяць прыбраць вялікі пералік стандартаў пад маркай таго, што яны не выканальныя. Але з другога боку, іншыя рэдакцыі выконваюць тыя ж самыя стандарты і зацікаўленыя ў тым, каб яны сталі правілам для ўсяго медыясектара.

    Вядома, амаль у кожнай рэдакцыі існуюць пісаныя ці няпісаныя правілы, па якіх жыве і дзейнічае медыя. Але калі мы прапануем сектаральны стандарт — больш жорсткі, які патрабуе больш высілкаў ад рэдакцыі, то, зразумела, гэта спадабаецца не кожнаму.

    «Бараніць медыя ад такіх «пакрыўджаных»  

    — Але ж сістэма самарэгулявання — гэта «джэнтэльменскае пагадненне», якое не цягне прававых наступстваў…

    — Прававыя наступствы — калі дзяржава прымае прававыя акты і стварае механізмы адказнасці за іх невыкананне. Сістэма самарэгулявання — зусім не пра тое.

    Рада па медыяэтыцы не атрымае (нават па прапанаваным цяперашнім праекце) ніякіх паўнамоцтваў па ўмяшальніцтве ў дзейнасць рэдакцый. Яна будзе толькі выказваць свае меркаванні і даваць рэкамендацыі — ніякіх іншых паўнамоцтваў, здольных замінаць працы рэдакцый, яна не атрымае.

    Самае жорсткае паўнамоцтва — гэта вынясенне  заявы аб недапушчальнасці парушэнняў, якая можа быць прынята Радай у выпадках, калі дзеянні журналіста будуць прызнаныя Радай надзвычай сур’ёзным парушэннем норм журналісцкай этыкі і цалкам несумяшчальныя з паняццямі прафесійнай журналістыкі. Але і ў гэтым выпадку наўрад ці можна казаць пра ўмяшальніцва ў дзейнасць рэдакцыі.

    Як будзе працаваць сістэма самарэгулявання беларускага медыясектара? Тлумачыць адзін з аўтараў праекта

    Праўда, пры далучэнні да сістэмы самарэгулявання ёсць прапісаная ўмова: трэба прызнаваць кампетэнцыю Рады па медыяэтыцы. То-бок, кожны, хто далучаецца да сістэмы самарэгулявання, бярэ на сябе маральнае абавязацельства за выкананне стандартаў, абранне людзей, якія будуць сачыць за іх выкананнем, і, адпаведна, прыслухоўвацца да іх рэкамендацый.

    Я добра ведаю практыку працы Камісіі па этыцы БАЖ: вялікая колькасць разгледжаных кейсаў датычыліся не парушэнняў, наадварот, Камісія разглядала скаргі і абвяргала наяўнасць парушэння стандартаў. А гэта значыць, што Камісія станавілася на бок медыя і бараніла яго ад вонкавага ўплыву. Зразумела, што ва ўсе часы і паўсюль крытычныя выказванні могуць раздражняць і выклікаць незадаволенасць — пакрыўджаных мора. І бараніць медыя ад такіх «пакрыўджаных» — адна з галоўных задач Рады па медыяэтыцы. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці