• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Права на забыццё ў медыя — рэкамендацыі Камісіі па этыцы БАЖ

    На прыкладзе так званай "справы Пракапені" і іншых зваротаў, разгледжаных Камісіяй па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" у 2018 годзе.

    1. Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (далей — Камісія па этыцы БАЖ). Ствараецца з’ездам ГА “БАЖ” на тэрмін да чарговага з’езду з ліку асоб, вядомых у журналісцкай супольнасці сваімі высокімі прафесійнымі і маральна-этычнымі якасцямі. Колькасць сябраў Камісіі — сем чалавек. Сябры Камісіі ажыццяўляюць сваю дзейнасць на грамадскіх пачатках.

    2. Віктар Міхайлавіч Пракапеня (нарадзіўся 21 ліпеня 1983 года, Мінск) — тэхналагічны прадпрымальнік і венчурны інвестар. Стварыў кампанію Viaden Media, пасля яе продажу заснаваў інвестыцыйную кампанію VP Cap­i­tal. Па інфармацыі Міністэрства па падатках і зборах Беларусі за 2016 і 2017 гады стаў найбуйнейшым прыватным падаткаплацельшчыкам краіны. З’яўляецца адным з ініцыятараў і распрацоўшчыкам беларускага Дэкрэта “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. (Вікіпедыя)

    АПІСАННЕ ПРЭЦЭДЭНТУ

    У верасні 2017 года ў блогу “Рэсурс кіберакына” з’явіўся артыкул з пералікам дзясяткаў архіўных публікацый, выдаленых з сайтаў беларускіх медыя, з інфармацыяй пра затрыманне (арышт) у 2015 годзе вядомага IT-прадпрымальніка Віктара Пракапені.

    Абвінавачаны ў “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы”, ён правёў дзевяць месяцаў у мінскім СІЗА № 1. Пасля чаго выйшаў на волю, цалкам, па інфармацыі Следчага камітэта, “кампенсаваўшы нанесеную шкоду”. Пазней паведамлялася, што ўсе абвінавачанні з бізнесмена былі знятыя.

    Новая хваля цікавасці да спісу выдаленых публікацый узнікла пасля таго, як 22 снежня 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, адным з распрацоўшчыкаў і самых заўважных прыхільнікаў якога быў Віктар Пракапеня. Разгарнулася актыўная дыскусія ў сацыяльных сетках, найперш у Face­book.

    У разгар дыскусіі ў Камісію па этыцы БАЖ звярнуўся сябра БАЖ Алесь Чайчыц з просьбай выказаць пазіцыю Камісіі адносна сітуацыі, якая склалася ў выніку выдалення (ці адпаведнага рэдагавання) з сайтаў незалежных СМІ інфармацыі пра затрыманне (арышт) у 2015 годзе Віктара Пракапені, пасля чаго гэта інфармацыя стала недаступнай для пашукавікоў.

    У сваім звароце Алесь Чайчыц спаслаўся на тлумачэнні шэрагу рэдактараў і ўладальнікаў інфармацыйных рэсурсаў, якія сцвярджалі, што гэта было зроблена па просьбе піяр-спецыялістаў Віктара Пракапені. Матыў — інфармацыя пра затрыманне (арышт), нягледзячы на праўдзівасць, шкодзіць міжнароднай рэпутацыі вядомага бізнесмена.

    Пры гэтым, па сцвярджэнні Алеся Чайчыца, у шэрагу выпадкаў за выдаленне згаданай інфармацыі прадстаўнікі Віктара Пракапені прапанавалі рэдактарам ці рэдакцыям матэрыяльную ўзнагароду.

    Такім чынам, упершыню ў гісторыі беларускай журналістыкі наогул і анлайн-журналістыкі ў прыватнасці быў створаны прэцэдэнт, які патрабуе асэнсавання, выпрацоўкі адпаведных падыходаў, этычных норм і стандартаў.

     

    САЦЫЯЛЬНЫЯ СЕТКІ. ДЫСКУСІЯ

    Тэма зніклага кантэнту з сайтаў вядомых беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў упершыню прагучала ў верасні 2017 года ў блогу праграміста Уладзя Бараніча. Тым не менш, ягоная публікацыя “Виктор Прокопеня и исчезнувший контент” не мела вялікага рэзанансу першапачаткова.

    Справа пачала набіраць абароты толькі пад канец 2017 года. І галоўнай рухаючай сілай тут сталі якраз карыстальнікі сацыяльных сетак, а не традыцыйныя СМІ, якія далучыліся да гэтай тэмы толькі праз некалькі дзён.

    Што ж стала прычынай новага інтарэсу да гэтай справы ў снежні?

    22 снежня 2017 года кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Адным з ініцыятараў гэтага дакумента быў бізнесмен Віктар Пракапеня.

    Калі да гэтага дэкрэта стаўленне да Віктара Пракапені ў сацыяльных сетках было больш нейтральным і спачувальным — як да чалавека, які несправядліва пацярпеў ад уладаў і вымушаны быў адкупляцца, каб выйсці з турмы, — то новы дэкрэт дадаў асобе Пракапені негатыўных адценняў. Менавіта гэта дазволіла выцягнуць на свет публікацыі Уладзя Бараніча, якія чакалі свайго часу.

    Маскоўскі бізнес-аналітык беларускага паходжання Алесь Чайчыц быў адным з першых, хто падняў у Face­book тэму зніклага кантэнту. “Я пад вялікім уражаннем: выглядае так, быццам піаршчыкі ІТ-інвестара Віктара Пракапені займаюцца тупым выдаленнем з інтэрнэту артыкулаў пра ягоны арышт. […] Цяпер Пракапеня ў фаворы, і якіясь чароўныя феі займаюцца адбельваннем ягонай веб-гісторыі перад Лукашэнкам і перад заходнімі партнёрамі, замоўчваючы красамоўны эпізод біяграфіі. Каб пытанняў не задавалі: Што гэта ўвогуле было? Як вам пасля гэтага супрацоўнічаць з рэжымам, які вас пасадзіў на паўгады ў турму? Ці, можа, гэта было па законе?” — напісаў Алесь Чайчыц 24 снежня.

    Менавіта Чайчыц у сваім Face­book падняў яшчэ адну важную тэму: выдалення і адпаведнага рэдагавання інфармацыі не толькі на сайтах айчынных СМІ, але і ў Вікіпедыях. Там таксама знікла інфармацыя пра арышт бізнесмена, а артыкулы былі напісаныя пра яго нібы пад капірку. Чайчыц узяў на сябе адказнасць за тое,  каб у электроннай энцыклапедыі “Вікіпедыя” звесткі пра Пракапеню заставаліся не толькі непадцэнзурнымі, але каб там была агучаная інфармацыя пра выдаленне кантэнту.

    Ад пачатку дыскусіі яе ўдзельнікі адразу сталі выказваць свае версіі пра тое, што магло стаяць за выдаленнем інфармацыі. Мінскі праграміст Марк Бернштэйн даў такую ацэнку сітуацыі: “Банальная купля. На пагрозы, я думаю, большасць гэтых СМІ адказалі б публікацыяй гэтых пагроз. А вось салодкі пернік у выглядзе чатырохзначны сум міма рота пранесці не змаглі. А што для Пракапені 10–20 штук баксаў на круг? Пыл. Праблема ў тым, што ў нас большасць СМІ — гэта не сур’ёзны бізнес тыпу “Рэйтарс”, які сам каго хочаш купіць, а пілёжка грантаў або бюджэту. І што рэдактару такога СМІ важней — тысяча баксаў у кішэні ці крыху папсаваная рэпутацыя?”

    Якраз у сацыяльных сетках сталі высвятляцца падрабязнасці гэтай гісторыі. Тагачасны вэб-рэдактар “Народнай волі” Сяргей Міхайлаў так апісаў гісторыю: “Прыкладна з год таму ў рэдакцыю “Народнай волі”, дзе я служыў рэдактарам сайта, паступіў карэктна напісаны ліст з просьбай выдаліць матэрыялы па наступных спасылках, якія страцілі дакладнасць. Бо гэта былі перадрукі чужых матэрыялаў з рознымі глупствамі, якія з’явіліся на сайце насуперак маёй волі, я іх ахвотна выдаліў, каб зрабіць людзям прыемнае”.

    26 снежня мінскі праграміст Ягор Мальшэўскі (chegor) увёў спачатку ў Twit­ter, а пасля ў Face­book хэштэг #прокопенягейт. (Тут мелася на ўвазе відавочная адсылка да шырока вядомага Уотэргейтскага скандалу, у выніку якога ў адстаўку быў вымушаны сыйсці прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан.) У наступныя дні абсалютная большасць допісаў на дадзеную тэму выходзілі якраз пад гэтым хэштэгам.

    Карыстальнікі сацыяльных сетак спрабавалі дабіцца каментароў ад рэдактараў, а таксама іншых супрацоўнікаў СМІ, якія выдалялі са сваіх сайтаў інфармацыю пра Пракапеню. Шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько проста блакаваў у Face­book тых, хто задаваў пытанні па справе Пракапені. Абсалютную цішыню трымалі і іншыя супрацоўнікі “Нашай Нівы”.

    Затое выказаўся галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Павел Свярдлоў: “Арыштоўвалі. Але за што? І за што выпусцілі? Калі Кныровіча заўтра возьмуць проста так і выпусцяць, а паслязаўтра ён прыйдзе да нас і скажа: Хлопцы, я праз вашы навіны бізнес не магу нармальна весці, бо ўсе патэнцыйныя партнёры гугляць і знаходзяць інфармацыю пра адсідку. Нам, што, адказаць яму: Кныровіч, ідзі ў дворнікі, не нашы праблемы ў тым, што цябе нехта там пасадзіў?”

    Даў сваё тлумачэнне і рэдактар “Белорусского партизана” Дзмітрый Галко. “Просьба для мяне не выглядала скандальнай. Тады яшчэ не было ўсіх гэтых вась-вась з Лукашэнкам. Пракапеня ўспрымаўся толькі як пацярпелы ад рэжыму. Прадстаўнік патлумачыў, што спадар Віктар з’ехаў на Захад, дзе хоча пачаць жыццё з чыстага ліста, для чаго яму трэба пачысціць згадкі пра крымінальную справу, бо заходнія партнёры могуць не зразумець. Просьба здавалася зразумелай, крамолы ў ёй не чыталася. Прапанова была выгаднай — акрамя непасрэднай падзякі былі абяцаныя “эксклюзіўныя інфанагоды”. Таму ў рэдакцыі вырашылі, чаму б не дапамагчы несправядліва пацярпеламу чалавеку, якога на радзіме заплямілі. Не ведаю, як тое было ў іншых, зараз апраўданні некаторых гучаць дзіўна, але мне дасюль не здавалася, быццам мы зрабілі нешта не тое”.

    Журналіст Радыё “Свабода” Алесь Пілецкі абыграў #пракапенягейт у сваёй фірмовай іранічнай форме праз дыялогі з серыі “Давайпака”:

    – Віця, ало?

    – Слушаю, Александр Григорьевич.

    – Віця, ты што, правда всё захацел паудаляць?

    – Ну…

    – Званіл па всем рэдакцыям і дагаварывался, штобы ані падцёрлі всё пра цебя?

    – Я просто…

    – Штобы ніхто не смог пачытаць, што ты што-та там нахімічыл, цебя арэставал КГБ, патом чэрэз какое-та врэмя чудзесным образам асвабадзіл, а все дзела самі закрылісь, так і не папав в суд?

    – Да, Александр Григорьевич.

    – Гуглкэш, Віця. Гуглкэш жэ есць. С нім не дагаварышся, Віця.

    – Но я думал…

    – Я тожэ думал, не палучылась.

    – Но Александр Григорьевич…

    – Луччый айці-прэдпрэнімацель страны… Луччый айці-прэдпрэнімацель. С ума сайці.

    – Извините, Александр Григорьевич.

    – Давай, пака.

    – До свидания, Александр Григорьевич.

    – Разгавор удалі с целефона. Мала лі што.

    – Слушаюсь.

    – Да шучу я, божэчкі».

    Прыкладна ў тым жа кантэксце выказаўся пра сітуацыю з Віктарам Пракапенем гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут. “Беларусь! Цяпер у цябе ёсць бізнесмен, які можа чысціць сваё мінулае і змяняць гісторыю… Ну, што тут можна сказаць. Крута. Далёка пойдзе. Пракапеня цяпер круцейшы за Лукашэнку будзе. Аляксандр Рыгоравіч пакуль не дадумаўся прымусіць журналістаў выразаць са старых газет непрыемныя для яго месцы :)”, — іранічна заўважыў Пачобут.

    Былы журналіст партала tut.by Алег Галкін убачыў у гэтай сітуацыі абсурднасць, пра якую раней можна было толькі прачытаць у мастацкай літаратуры. “Сапраўды, Оруэл — наша ўсё! Сітуацыя нагадвае праўкі газетных артыкулаў са знакамітага рамана-антыўтопіі “1984”, пасля якіх падзеі, апісаныя ў надрукаваных раней публікацыях, прадстаўляліся ў некалькі іншым святле. Логіка дзеянняў умоўных піяршчыкаў зразумелая — яны спрабавалі абяліць рэпутацыю заказчыка. Патэнцыйныя інвестары асцерагаліся мець справу з бізнесменам, які некаторы час знаходзіўся пад арыштам. Такое становішча спраў трэба было неяк выпраўляць. Але выбралі ў імя гэтай добрай мэты ўмоўныя піяршчыкі нейкія зусім ужо брудныя метады. Іронія абранай стратэгіі ў тым, што, спрабуючы схаваць і рэдагуючы матэрыялы, якія ганьбяць рэпутацыю заказчыка, яны толькі сапсавалі яе яшчэ больш. Дрэнна, калі ты займаешся бізнесам, але пра цябе не пішуць Bloomberg або Forbes. Але будзе яшчэ горш, калі ў якім-небудзь з гэтых выданняў у раздзеле “Гумар” выйдзе нататка пра тое, як ты спрабуеш стварыць сабе светлае імя, выкарыстоўваючы оруэлаўскі метады”.

    Праваабаронца Аляксей Казлюк быў сярод тых, хто звяртаў увагу на маральны аспект гісторыі. “З пункту гледжання закона пытанняў няма ні да аднага з бакоў. І асабіста я выдатна разумею, навошта Віктар Пракапеня і яго піяршчыкі ўсё гэта задумалі. Можа нават іх разлік апраўдаўся, бо хваля ў мясцовым Face­book як паднялася, так і ўляжыцца, а PR-эфект — ён для вонкавага спажывання. Калі эфект Стрэйзанд не сапсуе карціну, малайцы, прафесійна спрацавалі. А вось для журналісцкай супольнасці гэта добрая нагода пагаварыць пра ўласныя прафесійныя стандарты. Як пісалі яшчэ ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, “карыстанне [свабодай слова] накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць”. І хоць у нашых краях гэта не вельмі распаўсюджана, публічнае прызнанне сваіх памылак — гэта не балюча”.

    “Цяпер мы ведаем, што цана журналісцкай этыкі ў Беларусі — 200–300 баксаў”, — так адрэагавала дырэктарка культурнай прасторы “Цэх” Юлія Дарашкевіч на прызнанне галоўнай рэдактаркі газеты “Новы Час” Аксаны Колб, што Пракапеня аплаціў рэкламу ў выданні, якая каштавала якраз 200–300 долараў.

    З цікавага ракурсу на сітуацыю зірнуў журналіст і прадпрымальнік Анатоль Шырвель, які мяркуе, што дадзеную сітуацыю немагчыма разглядаць без адрыву ад рэалій нашай краіны і медыйнага рынку ў цэлым: “Нешта новае паказала сітуацыя? У СМІ, бізнесу, палітыкаў, чыноўнікаў, грамадзян розныя інтарэсы і адказнасць. Калі яны змешваюцца, то гэта называецца карупцыя. А прыкрыццё таксама не новае – інтарэсы краіны, эканомікі, супольнасці. Але хіба нешта новае адбылося? У краіне, дзе няма ніводнага па-сапраўднаму грамадскага СМІ, дзе даўно няма падзелу ўладаў, дзе няма ніводнага рэальна камерцыйнага СМІ? Дзе галоўная функцыя СМІ ў вачах улады быць абслугай? Цікава было б назіраць за сітуацыяй з развітым фондавым рынкам, калі б за такія штучкі ўпалі каціроўкі акцый якога буйнога бізнесу. А так адплачваемся, як звычайна, рэпутацыяй краіны. Але што можа ўжо пагоршыць рэпутацыю Беларусі? А для паляпшэння трэба для пачатку прызнаць памылкі. Але гэта наўрад ці”.

    З асуджэннем калег выступіў тагачасны SMM-спецыяліст тэлеканала “Белсат” Іван Шыла. “Выдаліць, перапісаць, маніпуляваць спасылкамі, выдаліць з архіваў, паставіць лацінскія літары замест кірылічных і гэта ў 5–7 буйных СМІ — не разумею, чаму пра гэты зашквар так мала гавораць? Эй, блогеры, іншыя СМІ, вы наогул ёсць? Мне пра гэта сказалі пару тыдняў таму, ну Dev.by нешта пачысціў, ну… калегі тыпу. Але вось усе гэтыя незалежныя СМІ, а вам нашто? Па вялікім рахунку, незалежнасць гэта тое, што замяняе прафесіяналізм (і каштоўнасць для грамадства). І вось так рабіць? Ёсць меркаванне, што да Пракапені няма пытанняў – займацца ўласнай рэпутацыяй нармальна. Напэўна, так, але сур’ёзна, у 2017‑м годзе паспрабаваць пачысціць увесь інтэрнэт? Ды калі ласка, але разлічваць на поспех гэтай задумы? Не, ён можа проста паставіў задачу і выкананне падвяло? Трэба было спасылкі за грошы падправіць як рэкламны матэрыял, а літары мяняць гэта не так зразумелі? Ну, можа, але ж і сама задача…”

    “Складваецца нядобрае ўражанне, што ўсе гэтыя незалежныя СМІ толькі і чакалі першага мільянера, які купіць іх прынцыпы ў розніцу”, — адрэагаваў культуролаг Вадзім Мажэйка.

    Раман Максіменка назваў #пракапенягейт галоўнай падзеяй у краіне. “Гэта, калі хто не зразумеў, практычна ЎСЕ крыніцы навін гэтай краіны (…). Гэта значыць, літаральна па пстрычцы пальцаў, усе СМІ Беларусі (як дзяржаўныя, так і фармальна незалежныя) гатовыя стаць па стойцы «смірна» і выконваць кожнае ўказанне гаспадара. Здаецца, такога прэцэдэнту не было яшчэ нідзе ў свеце. Нават у брацкіх нам па духу Расіі і Ўкраіне. Гэта проста неверагодна. Дзіўна, што пра гэта яшчэ не пішуць ва ўсіх газетах краіны”.

    Сярод шматлікай крытыкі асобна гучалі галасы тых, хто спрабаваў больш глыбока зразумець, што стаіць за выдаленнем матэрыялаў. У прыватнасці,  дырэктар “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін.

    “Віктара Пракапеню вызвалілі з‑пад арышту не выставіўшы абвінавачанняў, гэта значыць фармальна не было ні злачынства, ні пакарання. Акрамя яго справы, магу распавесці як мінімум пра дзясятак такіх «спраў», сфабрыкаваных у розны час супраць маіх сяброў у Беларусі. Усе яны ствараліся па адным прынцыпе: заводзілася справа «са столі», зачынялі на пару трохмесячных тэрмінаў, выманьвалі грошы (або адціскалі бізнес), потым адпускалі без суда. Гісторыя Пракапені адрозніваецца толькі тым, што ва ўладаў была ў ім патрэба, каб распрацаваць славуты Дэкрэт №8. […]  І яшчэ адно пытанне, на якое я гатовы адказаць: калі б я быў рэдактарам выдання, ці выдаліў бы я матэрыял, пра які папрасіў Пракапеня? Адказваю: так, выдаліў бы. Пагадзіўся б узяць за гэта грошы? Не, не пагадзіўся б. І выдаляў бы кожны раз, пакуль не стаў бы ўпэўненым, што ў краіне існуе незалежны суд і празрыстая прававая сістэма. А інакш сітуацыя ўжо зусім хітрая. Мы ведаем апрыёры, што краіна працятая карупцыяй; што суды робяць толькі тое, што заказваюць улады; што любы следчы ў стане саджаць тых, за каго яны заплацяць, але мы катэгарычна супраць таго, каб вычысціць тую фуфлыжную інфармацыю, якую сфабрыкавалі ўлады, каб вырашыць нейкія свае праблемы. І мы, з вышыні сваёй «духоўнасці» паступаем «маральна», распінаючы і бізнесменаў, і СМІ”, — напісаў Мікалай Халезін.

    Паэт і публіцыст Стась Карпаў напісаў наступнае: “Пракапеня — не хітры маніпулятар. Ён проста нармальны звычайны чалавек з паралельнай рэальнасці. І нашы СМІ па-ранейшаму не прадажныя і не хлуслівыя. Проста яны таксама не ўмеюць гаварыць пра свае касякі па-чалавечы. Яны таксама, як і ўлада, хочуць быць бронзавымі, толькі наадварот. Але гэта пройдзе. Гэта Беларусь, хлопцы…  выражацца? .. Калі Беларусь будзе іншай — усё будзе іншым. Пракапеня верне навіны, дзе ён пацярпеў ад дыктатуры. СМІ напішуць, як яны ратавалі рухавіка прагрэсу праз “забыццё”. І гэта, па шчырасці, нармальна. Я пішу крыху з’едліва, але я ўсё разумею і не пераймаюся. Па-іншаму быць не можа. Цяперашні скандал — прыклад лакальнай дэмакратыі і публічнасці, а глабальных у нас не бывае, бо гэта, зноў жа, — Беларусь”.

    Алесь Чайчыц зрабіў пэўныя высновы: “Гэты кейс — перамога грамадзянскай супольнасці над медыйнай мафіяй і прадажнай журналістыкай, якой мы бачым толькі першыя ластаўкі. Гэта важны прэцэдэнт, і дзеянням у такіх сітуацыях нам усім трэба вучыцца, бо чым далей, тым такіх сітуацый будзе болей”.

    Так званы #пракапенягейт актыўна абмяркоўваўся ў сацыяльных сетках у перыяд ад 26 да 30 снежня 2017 года. Менавіта гэтым перыядам датуецца большасць пастоў у Face­book і Twit­ter. Моцным штуршком для абмеркавання стаў Дэкрэт № 8 “Аб лічбавай эканоміцы”, які ініцыяваў і піярыў Віктар Пракапеня.

    У выніку ў Face­book і Twit­ter з’явілася некалькі дзясяткаў допісаў па дадзенай тэме. Большасць карыстальнікаў з асуджэннем паставілася да факта выдалення інфармацыі. Галасоў тых, хто апраўдваў рашэнне СМІ выдаліць інфармацыю, было заўважна меней. У першую чаргу яны спрабавалі зразумець матывы рэдактараў СМІ, якія выдалялі навіны пра Пракапеню. Найбольш актыўныя блогеры патрабавалі адказаў ад кіраўнікоў СМІ, дзеля чаго гэта рабілася. У выніку некаторыя рэдактары (“Еўрарадыё”, tut.by, “Белорусский партизан”, “Новы Час”) давалі тлумачэнні, іншыя — наадварот захоўвалі поўнае маўчанне (“Наша Ніва”).  Адметна, што прадстаўнікі СМІ аддавалі перавагу стасаванням па дадзенай праблеме не праз старонкі сваіх медыя, а праз  сацыяльныя сеткі. Хаця па выніках абмеркавання  у сацыяльных сетках з’явіліся матэрыялы і на сайтах некаторых СМІ, такіх, у прыватнасці,  як Радыё “Свабода” і “Белсат”.

    Карыстальнікі сацыяльных сетак нярэдка параўноўвалі сітуацыю з абсурдам, апісаным у кнігах Джорджа Оруэла, а таксама згадвалі “эфект Барбары Стрэйзанд”, калі спроба выдалення інфармацыі з інтэрнэту вядзе не да забыцця інфармацыі, а да яшчэ большага яе распаўсюду.

    Удзельнікі дыскусій выказвалі задавальненне тым, што праблема, узнятая, у тым ліку, дзякуючы іх намаганням, не засталася незаўважнай для грамадскасці. Якраз у сацыяльных сетках неаднаразова выказвалася думка пра неабходнасць звароту да Камісіі па этыцы БАЖ, выпрацоўкі яе адпаведнай пазіцыі, адпаведных прафесійна-этычных падыходаў.

    Тэг #пракапенягейт стаў адным з найбольш заўважных у беларускай блогасферы ў канцы 2017 — пачатку 2018 гадоў.

     

    ПРАВА НА ЗАБЫЦЦЁ. МІЖНАРОДНАЯ ПРАКТЫКА

    Вікіпедыя наступным чынам тлумачыць гэты тэрмін: “Права на забыццё (англ. right to be for­got­ten) — права чалавека, якое дазваляе яму запатрабаваць пры пэўных умовах выдалення сваіх персанальных дадзеных з агульнага доступу праз пошукавыя сістэмы, гэта значыць спасылак на тыя дадзеныя, якія, па яго меркаванні, могуць нанесці яму шкоду”. Гэта датычыцца састарэлых, недарэчных, няпоўных, недакладных ці залішніх дадзеных ці інфармацыі, законныя падставы для захоўвання якой зніклі з цягам часу. Пры гэтым права на атрыманне інфармацыі, замацаванае ў 19‑м артыкуле Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, з’яўляецца краевугольным камянём свабоды прэсы.

    Ва ўмовах, калі ў беларускім заканадаўстве адсутнічае права на забыццё, адмысловае значэнне набывае распрацоўка этычных норм і стандартаў, якая немагчымая без вывучэння досведу тых краін, дзе права на забыццё ўведзенае ў заканадаўства.

    На сёння права на забыццё звязваюць першым чынам з гучнай “справай Костэха” 2014 года і рашэннем Еўрапейскага суда па гэтай справе. Дадзены прэцэдэнт выклікаў жорсткія грамадскія дэбаты з нагоды мэтазгоднасці вызначэння права на забыццё ў якасці міжнародна-прававой нормы, часткова з‑за адсутнасці выразнага заканадаўчага рэгулявання яго прымянення. Былі выказаныя перасцярогі, што права на забыццё супярэчыць такім фундаментальным правам чалавека, як свабода слова і свабода доступу да інфармацыі, а таксама што яно негатыўна паўплывае на якасць інтэрнэт-рэсурсаў з пункту гледжання цэнзуры і фальсіфікацыі гісторыі. У Еўропе даволі шырока распаўсюджаная юрыдычная практыка, якая вызначае мяжу паміж правам СМІ на публікацыю інфармацыі пра якога-небудзь чалавека і правам гэтага чалавека на недатыкальнасць прыватнага жыцця. Аднак імклівае развіццё Вэб 2.0 стала чыннікам значных змен у сферы распаўсюду інфармацыі, якая дзякуючы сацыяльным сеткам, блогам і пошукавым сістэмам стала не толькі даступнай любому карыстальніку ў любой кропцы свету, але таксама практычна не паддаецца кантролю. Гэта прывяло да фармавання магутнай лічбавай памяці: асабістая інфармацыя, патрапіўшы ў Сеціва, застаецца там назаўжды.

    На сёння з‑за адсутнасці адзінага заканадаўчага акта, які тлумачыць і рэгулюе права на забыццё, канцэпцыю называюць “нявызначанай”. У самым сучасным разуменні права на забыццё гаворка ідзе найперш пра выдаленне спасылак у пошукавых сістэмах на матэрыялы, якія змяшчаюць персанальныя дадзеныя ці непажаданую інфармацыю, але не саміх матэрыялаў.

    У Еўропе перадумовы права на забыццё існуюць у заканадаўстве Францыі, у ім прызнаецца le droit а l’ou­bli — права, якое дазваляе асуджанаму, які адбыў тэрмін пакарання і рэабілітаваны, выступаць супраць публікацыі фактаў пра яго судовае мінулае. Падобны прынцып дзейнічае і ў Вялікабрытаніі.

    У траўні 2014 года Еўрапейскі суд разглядаў справу іспанскага грамадзяніна Марыё Костэха Гансалеса супраць карпарацыі Google. У 2010 годзе Гансалес звярнуўся ў Нацыянальнае агенцтва па абароне дадзеных з патрабаваннем выдаліць электронную версію артыкула 1998 года ў архіве газеты La Van­guardia пра продаж яго дома на аўкцыёне ў якасці выплаты запазычанасці, якая была пасля ім сплочаная, а таксама спасылкі на гэты артыкул. Па словах Гансалеса, з’яўленне недарэчнай інфармацыі, якая кампраметуе яго, парушала яго права на асабістае жыццё, бо гэты судовы разгляд ужо даўно завершыўся.

    Яго першапачатковая скарга пра выдаленне артыкула з сайта газеты была адхіленая на падставе законнасці публікацыі і дакладнасці, змешчаных у ёй звестак, аднак скарга ў дачыненні да Google Spain была падтрыманая. Улады Іспаніі абавязалі карпарацыю выдаліць спасылкі, якія ўтрымліваюць імя Гансалеса, зрабіўшы дадзеную інфармацыю недаступнай для пошуку з боку трэціх асоб. Google падаў сустрэчны пазоў у Вярхоўны суд Іспаніі, які перадаў неадназначную справу ў вышэйстаячую інстанцыю — Еўрапейскі суд.

    Яго рашэнне, вынесенае 13 траўня 2014 года на аснове Дырэктывы 95/46ЕС, а таксама часткі 8 Хартыі Еўрапейскага саюза па правах чалавека, абавязала Google выдаліць усе спасылкі, якія змяшчаюць імя Гансалеса, на іспанскім паддамене Google.es. Сама інфармацыя застаецца даступнай на сайце газеты La Van­guardia, але больш не індэксуецца пошукавым механізмам Google.

    Такім чынам, грамадзяне Еўрасаюза атрымалі права звярнуцца пры пэўных акалічнасцях да любой пошукавай сістэмы з запытам пра выдаленне інфармацыі, калі яна неадэкватная, не адпавядае рэчаіснасці ці састарэлая і пры гэтым утрымлівае іх імёны ці іншыя персанальныя дадзеныя.

    Суд пастанавіў, што дадзеная справа не з’яўляецца ўніверсальный, а права на забыццё — абсалютным: рашэнні па аналагічных справах будуць выносіцца на аснове канкрэтных абставінаў, каб выключыць іх супярэчнасць фундаментальным правам чалавека. Адначасова публічным асобам як правіла адмаўляюць у выдаленні інфармацыі, калі яна адпавядае рэчаіснасці.

    У Італіі права на забыццё разглядаецца найперш з пункту гледжання права кожнага грамадзяніна на выдаленне з архіва навін пэўных біяграфічных фактаў, здольных нанесці шкоду яго гонару ці рэпутацыі.

    У 2010 годзе ў Францыі была прынята Хартыя аб праве на забыццё (Charte du droit а l’ou­bli dans les site col­lab­o­rat­ifs et les moteurs de recherche), якая стала першай спробай урада Францыі ўбудаваць канцэпцыю права на забыццё ў інтэрнэце ў нацыянальную сістэму права.

    Расія: у лістападзе 2014 года Раскамнагляд заявіў, што ведамства падтрымлівае замацаванне права на забыццё ў расійскім заканадаўстве (на сёння ў Расіі інфармацыя выдаляецца самімі аператарамі персанальных дадзеных па патрабаванні Раскамнагляду), але падобных прэцэдэнтаў у краіне пакуль не было. У траўні 2015 года законапраект пра права на забыццё быў унесены на разгляд у Дзяржаўную думу РФ чатырма дэпутатамі розных фракцый. Законапраект быў прыняты, і 13 ліпеня 2015 г. адпаведны федэральны закон быў падпісаны Прэзідэнтам РФ. Ён набыў моц 1 студзеня 2016 г. Разам з тым паказальны прыклад з Яўгенам Прыгожыным. Гэты рэстаратар, які абслугоўваў прэзідэнтаў Расіі, падаў аж 15 пазоўных заяў да “Яндэкса”. Прыгожын патрабаваў “пачысціць” выдачу спасылак па запытах інфармацыі, якая зневажае яго рэпутацыю. А яго рэпутацыя напоўненая цікавымі фактамі: дзевяцігадовы тэрмін у турме, чуткі пра дачыненне да “фабрыкі троляў”, дзяржаўныя кантракты на пастаўку харчавання ў школы Масквы і рэстаран у Санкт-Пецярбургу, у якім Пуцін адзначаў дзень нараджэння.

    Яшчэ адзін выпадак з расійскай практыкі. 15 траўня 2013 г. “Комсомольская правда” замяніла некарэктны падзагаловак, які нарабіў шмат шуму ў блогасферы. Аглядальнік Ульяна Скайбеда, вядомая сваімі антысеміцкімі, антыліберальнымі пасажамі, напісала: “Часам шкадуеш, што з продкаў сённяшніх лібералаў нацысты не нарабілі абажураў. Менш было б праблем”. Пасля палемікі, якая разгарэлася ў інтэрнэце, ён быў заменены на: “Лібералы пераглядаюць гісторыю, каб выбіць у нашай краіны глебу з‑пад ног”. Галоўны рэдактар газеты “Комсомольская правда” Уладзімір Сунгоркін заявіў Busi­ness FM, што гаворка ў першапачатковым варыянце падзагалоўка не ідзе пра ўсю ліберальную апазіцыю, а канкрэтна пра Гозмана, які раней параўнаў сталінскую арганізацыю СМЕРШ з гітлераўскімі падраздзяленнямі СС.

    У ЗША права на забыццё не дзейнічае з прычыны Першай папраўкі да Канстытуцыі, якая тычыцца свабоды інфармацыі: ніхто не мае права выдаляць ці хаваць дакладныя факты. Увага акцэнтаваная на словах “дакладныя факты”.

    Тым не менш, права на забыццё актыўна аспрэчваецца шматлікімі СМІ, грамадскімі і прафесійнымі арганізацыямі. Так, арганізацыя Index on Cen­sor­ship, якая змагаецца за свабоду слова ва ўсім свеце, заявіла, што рашэнне Еўрапейскага суда па “справе Костэха” “…дазваляе індывідам падаваць скаргі пошукавым сістэмам на інфармацыю, якая ім не падабаецца, без законных на тое падстаў. Гэта параўнальна з уварваннем у бібліятэку і ператварэннем кніг у макулатуру. І хоць пастанова накіраваная на прыватных асоб, яна адкрывае шлях любому, хто жадае абяліць сваё мінулае… Рашэнне суда – значны крок назад у разуменні ролі і адказнасці пошукавых сістэм і Інтэрнэту ў цэлым”. Адразу ж пасля вынясення рашэння рэдакцыйная калегія The New York Times выступіла супраць яго на той падставе, што яно здольнае “падарваць” каштоўнасць свабоды прэсы і слова. Джымі Ўэйлс, сузаснавальнік Вікіпедыі, убачыў у пастанове суда акт “цензуравання гісторыі” і прыстрашыў, што пастанова прывядзе да “Інтэрнэту з дзюркамі памяці” пасля таго, як з пашукавікоў было выдалена некалькі дзясяткаў спасылак на старонкі Вікіпедыі. У цэлым, крытыкі адзначаюць, што ў сваім сённяшнім “увасабленні” права на забыццё выклікае больш пытанняў, чым адказаў.

    Што маецца ў статыстыцы? У лютым 2018 года ў сваім блогу кампанія Google прадставіла статыстыку па рэалізацыі так званага права на забыццё за апошнія 3 гады. Усяго з 2014 па 2017 год кампанія атрымала 2,5 млн запытаў на выдаленне інфармацыі з пошукавай выдачы.

    З іх крытэрам на выдаленне адпавядалі толькі 43%. Пераважная большасць зваротаў (89%) зыходзіла ад прыватных асоб, аднак былі і запыты ад публічных персон і палітыкаў. Агулам за два апошніх гады дзяржслужбоўцы запатрабавалі выдалення каля 33 тысяч спасылак, знакамітасці — тысячу. 15% усіх запытаў зыходзіла ад 0,25% заяўнікоў. Абумоўлена гэта тым, што за многімі з гэтых людзей стаяць юрысты і арганізацыі па кіраванні рэпутацыяй, якія прадстаўляюць інтарэсы іншых людзей. Калі браць у разлік тое, што падчас апрацоўкі запытаў сама інфармацыя не выдаляецца, а толькі знікае з пошукавай выдачы ў Еўропе, яе па-ранейшаму можна знайсці з выкарыстаннем іншых даменных зон, уключаючы google.com. Такая супярэчнасць спарадзіла нямала юрыдычных канфліктаў, адным з апошніх стаў пазоў французскай арганізацыі CNIL, якая займаецца забеспячэннем прыватнасці дадзеных, да Google з патрабаваннем прыбіраць інфармацыю з выдачы глабальна. Аднак пазіцыя ІТ-гіганта ў гэтым пытанні адназначная: такое патрабаванне выходзіць за межы еўрапейскай юрысдыкцыі, ствараючы прэцэдэнт, у якім законы адной краіны навязваюцца ўсяму свету.

     

    “СПРАВА ПРАКАПЕНІ”: СПЕЦЫФІКА І МАТЫВАЦЫЯ

    Аналізуючы акалічнасці ўзнікнення прэцэдэнту, разгледзім матывы звароту прадстаўнікоў Віктара Пракапені да СМІ з просьбай (патрабаваннем) выдаліць раней апублікаваную інфармацыю. Найбольш падрабязна гэтыя матывы выкладзеныя ў звароце Мікалая Маркоўніка — прадстаўніка Пракапені, які дзейнічае па яго даручэнні, — у Камісію па этыцы БАЖ:

    •  Матэрыялы ўтрымлівалі фактычна і юрыдычна непраўдзівыя звесткі. У прыватнасці, выкарыстанне тэрмінаў “арышт” ці “арыштаваны”. Арышт па крымінальнай справе адносіцца да віду пакарання. А пакаранне паводле арт. арт. 47, 48 КК РБ прымяняецца толькі паводле прыгавору суда. Без прыгавору суда выкарыстанне гэтага тэрміна недапушчальнае і можа лічыцца як знявага гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

    • У публікацыях утрымліваюцца сцвярджэнні пра здзяйсненне В. Пракапенем злачынстваў. Напрыклад, “ажыццяўляў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць” замест “падазраваўся ў ажыццяўленні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці”, “арганізаваў злачынную групу” і т. п.  Падчас сустрэч з супрацоўнікамі СМІ юрысты — прадстаўнікі В. Пракапені звярталі іх увагу на тое, што да вынясення рашэння суда сцвярджэнні пра здзяйсненне чалавекам супрацьпраўных дзеянняў не толькі неправамерныя, але і могуць кваліфікавацца як знявага гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

    • Маецца юрыдычная падстава для выдалення/карэктыроўкі матэрыялаў. Паводле арт. 153 Грамадзянскага кодэкса РБ у выпадку распаўсюду ў СМІ зняважлівай інфармацыі магчыма патрабаваць абвяржэння ці публікацыі адказу. Пра выдаленне ці карэктыроўку інфармацыі арт. 153 не кажа. Мікалай Маркоўнік тлумачыць гэта тым, што беларускі Грамадзянскі кодэкс быў напісаны на аснове мадэльнага кодэкса СНД 1994 года, калі Інтэрнэт і інтэрнэт-СМІ не былі распаўсюджаныя. Тым не менш, ён лічыць, што ў адпаведнасці з арт. 11 ГК асоба, права якой парушанае, можа патрабаваць аднаўлення становішча, якое існавала да парушэння права. Такім аднаўленнем ён лічыць выдаленне ці карэктыроўку інфармацыі, на што ёсць тэхнічная магчымасць.

    •  Ні Віктар Пракапеня, ні яго афіцыйныя прадстаўнікі ніколі не прапаноўвалі рэдакцыям інтэрнэт-СМІ ці іх супрацоўнікам матэрыяльную ўзнагароду за выдаленне інфармацыі. Мікалай Маркоўнік лічыць недапушчальным распаўсюд гэтага сцвярджэння.

    Не цяжка заўважыць, што “справа Пракапені” істотна адрозніваецца ад згаданай раней “справы Костэха”, якая стала своеасаблівым эталонам у прымяненні права на забыццё ў краінах Еўрасаюза. Крыніцай гэтага адрознення з’яўляецца неаднаразова, на працягу дзясяткаў гадоў, зафіксаваная праваабарончымі арганізацыямі залежнасць праваахоўных органаў ад выканаўчай улады. Што, у сваю чаргу, часта выклікае ўтойванне афіцыйнай інфармацыі, маніпуляванне ёй, яе перадузятасць, абмежаванасць і недакладнасць.

    Ахвярамі падобнай практыкі часта становяцца недзяржаўныя СМІ, якія маюць вельмі абмежаваны доступ да крыніц інфармацыі “з першых рук”, вымушаныя задавольвацца яе афіцыйнымі версіямі. Аналіз публікацый па “справе Пракапені” паказаў, што СМІ карысталіся інфармацыяй з афіцыйных крыніц.

    Дапушчаныя імі юрыдычныя недакладнасці ў тэрмінах “арышт — затрыманне” можна і павінна было лёгка выправіць па першым жа патрабаванні прадстаўнікоў Віктара Пракапені. Роўна як і парушэнні прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. А вось імкненне падмяніць прадугледжанае законам аспрэчанне недакладнай інфармацыі на, законам не прадугледжанае, выдаленне ці істотнае выпраўленне ўяўляецца сумнеўным.

    Увесь працэс — ад затрымання Віктара Пракапені да выплаты ім нанесенай дзяржаве шкоды і вызвалення з СІЗА — асвятляўся СМІ на падставе афіцыйнай інфармацыі ад следчых органаў, за дакладнасць якой яны павінны падзяляць адказнасць. Што тычыцца сцвярджэнняў пра подкуп рэдакцый і супрацоўнікаў СМІ за выдаленне інфармацыі, то за адсутнасцю пераканаўчых з абодвух бакоў доказаў пытанне засталося адкрытым. Калі не лічыць дамоўленасць з газетай “Новы Час” пра размяшчэнне рэкламы схаванай формай подкупу.

    Такім чынам, пры адсутнасці заканадаўства, якое рэгулюе прымяненне права на забыццё, спецыфічнай асаблівасцю “справы Пракапені” з’яўляюцца:

    а) закранутыя інтарэсы публічнай асобы;

    б) выкарыстанне СМІ інфармацыі галоўным чынам з афіцыйных крыніц і, адпаведна, узаемная адказнасць за яе дакладнасць;

    в) праяўленне з боку СМІ юрыдычнай непісьменнасці;

    г) падазрэнні пра подкуп рэдакцый СМІ і асобных супрацоўнікаў.

     

    КАМІСІЯ ПА ЭТЫЦЫ БАЖ: ПАЗІЦЫЯ І ЗАЎВАГІ

    З улікам важнасці ўзнятага пытання, адсутнасці прэцэдэнту, а таксама з улікам актыўнай і напружанай дыскусіі ў сацыяльных сетках Камісія па этыцы БАЖ правяла адпаведнае апытанне. Сябрам БАЖ было прапанавана адказаць на наступныя пытанні:

    1. Ці лічыце Вы прымальным выдаляць або істотна выпраўляць ужо размешчаныя ў анлайн-СМІ матэрыялы?

    2. Ці ёсць у выдаленні ці рэдагаванні матэрыялаў па просьбе зацікаўленага боку праяўленне самацэнзуры, гэта значыць вымушаныя дзеянні пад уплывам вонкавага абмежавання свабоды выказвання?

    3. Ці бачыце вы ў дзеяннях рэдакцый, якія выдалялі ці правілі матэрыялы пра прадпрымальніка Віктара Пракапеню, парушэнне прафесійнай этыкі?

    Было атрымана каля ста адказаў, якія размеркаваліся адпаведна пытанняў наступным чынам:

    1. 91 адказ, з іх 43 (45,7%) – ТАК; 51 (54, 2%) – НЕ;

    2. 89 адказаў, з якіх 69 (76,6%) – ТАК; 21 (23,3%) – НЕ;

    3. 87 адказаў, з якіх 66 (75%) – ТАК; 22 (25%) – НЕ.

    Як бачым, большасць апытаных адмоўна ставяцца да прымянення ў беларускай анлайн-журналістыцы права на забыццё. Тым часам, засталіся без адказу два пытанні:

    а) Што калі праваахоўныя, у дадзеным выпадку, органы дапусцілі несправядлівасць у дачыненні да Віктара Пракапені?

    б) Ці не стаіць за “справай Пракапені” грамадска важная праблематыка?

    Вынікам глыбокага і ўсебаковага вывучэння дыскусій у сацыяльных сетках, міжнароднай практыкі, аналізу вынікаў апытання сябраў БАЖ і абмеркавання на сваім пасяджэнні з’явілася пазіцыя Камісіі па этыцы, сфармуляваная ў Заяве:

    1. Кожная рэдакцыя СМІ мае права распараджацца сваім анлайн-кантэнтам па ўласным разуменні, гэта значыць выдаляць, рэдагаваць матэрыялы незалежна ад часу іх публікацыі на сайтах;

    2. Матывы, з якімі выкарыстоўваецца гэта бясспрэчнае права, павінны цалкам адпавядаць прынцыпам і стандартам прафесійнай этыкі. Таму абсалютна недапушчальна выдаляць ці рэдагаваць ранейшыя матэрыялы дзеля прыватных інтарэсаў публічных асоб, тым больш за грошы.

    3. Дзеянні рэдакцыі па выдаленні ці рэдагаванні ранейшых матэрыялаў не павінны весці да распаўсюду дэзінфармацыі, павінны абавязкова ўлічваць іх грамадскую значнасць.

    4. Дзеля прытрымлівання такой этычнай нормы, як павага да чытача, пажадана тлумачыць неабходнасць у выдаленні ці рэдагаванні, а таксама з дапамогай адпаведных спасылак захоўваць магчымасць адшукаць выдалены ці адрэдагаваны тэкст.

    Выказалася Камісія і пра тое, як, на яе думку, мусілі паводзіць сябе СМІ, сутыкнуўшыся з такой маральнай дылемай, як “справядлівасць – несправядлівасць”, а таксама з грамадска важнай праблематыкай. Па яе меркаванні, у “справе Пракапені” адлюставаліся пэўныя недахопы сучаснай анлайн-журналістыкі, якая, на жаль, збольшага з’яўляецца так званай “журналістыкай факта”, пажадана павярхоўна-скандальнага.  Галоўны крытэр – колькасць праглядаў і каментароў. Па сутнасці, становіцца непапулярнай “журналістыка думкі”, заснаваная на рэальнай жыццёвай праблематыцы, якая адлюстроўвае глыбінныя чаканні грамадства і аказвае на іх уплыў. Калі б спрацавала менавіта яна, то і Віктар Пракапеня атрымаў бы магчымасць растлумачыць, што з ім адбылося, і СМІ выканалі б сваё грамадскае прызначэнне, не губляючы твар.

     

    ВАРЫЯНТЫ

    Заява Камісіі па этыцы БАЖ выклікала водгукі ў журналісцкай супольнасці, што пацвердзіла наяўнасць праблемы, якая выходзіць за межы аднаго прэцэдэнту.

    Разгледзім яшчэ дзве калізіі, якія, пры наяўнасці агульных рыс, усё ж заўважна адрозніваюцца ад “справы Пракапені”.

     

    “АДБЫЎ ПАКАРАННЕ, ВЫДАЛІЦЕ…”

    Да рэдакцыі аднаго з самых папулярных сайтаў звярнуўся прадпрымальнік Н. з просьбай выдаліць артыкул з інфармацыяй пра здзейсненыя ім злачынствы, размешчаны больш за 12 гадоў таму. А таксама прасіў спыніць выдачу спасылак на інтэрнэт-рэсурсы, якія змяшчаюць звесткі, аператарам пошукавых сістэм. Матывы звароту: а) прызначанае судом пакаранне адбыў цалкам; б) з’яўляецца законапаслухмяным грамадзянінам і вядзе добрапрыстойны лад жыцця; у) даўняя публікацыя ўскладняе дзелавыя ўзаемадачыненні і перашкаджае яго сацыялізацыі. Пры гэтым прадпрымальнік Н. спасылаўся на тую акалічнасць, што прайшло больш за 12 гадоў, і, адпаведна, тэрміны захоўвання інфармацыйных паведамленняў, вызначаныя ч. 1 арт. 19 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі” ад 17 ліпеня 2008 г. № 427‑З, скончыліся.

    Паведамляючы пра тое, што меркаванні ў рэдакцыі падзяліліся практычна пароўну, шэф-рэдактар просіць Камісію па этыцы БАЖ даць адпаведныя рэкамендацыі. Пры гэтым у частку меркаванняў пра неабходнасць задаволіць просьбу прадпрымальніка ўваходзіць пачуццё жалю (“шкада чалавека”), а таксама сумнеў у справядлівасці панесенага ім пакарання, не пацверджаны, аднак, ні ім самім, ні адпаведным рэдакцыйным расследаваннем.

    Заўважныя тры адрозненні ад “справы Пракапені”: а) прадпрымальнік не з’яўляецца публічнай фігурай; б) не аспрэчвае звесткі, апублікаваныя ў згаданай публікацыі; в) спасылаецца на ч. 1 арт. 19 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”.

    Аналіз прапанаваных акалічнасцяў адразу паказаў, што спасылка на Закон некарэктная: частка 1 арт. 19 паведамляе: “Юрыдычная асоба, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абавязаная захоўваць арыгіналы распаўсюджаных ім інфармацыйных паведамленняў і (ці) матэрыялаў на працягу шасці месяцаў пасля іх распаўсюду”. Гэта значыць, закон не абавязвае рэдакцыі СМІ выдаляць інфармацыю пасля абавязковага яе захоўвання цягам шасці месяцаў.

    У выніку Камісія прыйшла да высновы, што рашэнне выдаляць ці захоўваць апублікаваную раней інфармацыю цалкам у кампетэнцыі рэдакцыі СМІ. Арыенцірам для прыняцця рашэння можа служыць Заява Камісіі па этыцы БАЖ ад 26 лютага 2018 года па т. зв. “справе Пракапені”, нягледзячы на шэраг адрозненняў.

    Пазней стала вядома, што рэдакцыя СМІ адмовіла прадпрымальніку Н. у задавальненні яго просьбы, спаслаўшыся на дакладнасць апублікаванай раней інфармацыі.

     

    ПІРАЖОК З ЦВІЛЛЮ

    З цікавай калізіяй сутыкнулася адно з рэгіянальных анлайн-выданняў. У групе, створанай выданнем у сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, чытачка, маладая дзяўчына, падзялілася фотаздымкам пакрытага цвіллю піражка – прадуктам мясцовага прадпрыемства, які знаходзіўся ў гандлі. А праз некаторы час папрасіла выдаліць пост і фота, спаслаўшыся на тое, што ў яе пачаліся праблемы. Рэдактары доўга думалі, як паступіць, і ўсё ж выдалілі. У Камісію па этыцы БАЖ паступіла пытанне: ці правільна яны паступілі, выдаліўшы інфармацыю, змешчаную ў адкрытым доступе?

    Адназначнага адказу ў гэтым выпадку быць не можа. Усё залежыць ад канкрэтных акалічнасцяў. Калі аўтару інфармацыі, маладой дзяўчыне, сапраўды сталі паступаць пагрозы ці на яе аказваўся які-небудзь іншы маральны ціск, то з этычнага пункта гледжання рэдакцыя паступіла правільна. Але застаецца “піражок з цвіллю”, гэта значыць, праблема вельмі важная для маленькага, і не толькі, гарадка. І рэдакцыя, вядома ж, павінна была ўзяць на сябе працу разабрацца ў гэтай праблеме.

     

    ВЫСНОВЫ

    1. Заява Камісіі па этыцы БАЖ ад 26 лютага 2018 г. носіць універсальны характар і ў якасці арыенціра прымяняльная практычна да любога варыянту рэалізацыі права на забыццё ва ўмовах працы беларускай анлайн-журналістыкі.

    2. Рэдакцыі СМІ залішне давяраюць афіцыйнай інфармацыі, не пераправяраюць яе, рэдка выкарыстоўваюць у якасці нагоды для самастойнага расследавання.

    3. Заканадаўчае рэгуляванне права на забыццё ў беларускіх умовах заўчаснае, бо нясе ў сабе пагрозу прыняцця судовых рашэнняў на карысць асоб, якія валодаюць сувязямі ў калідорах улады ці непасрэдна ўладнымі паўнамоцтвамі.

     

    Аўтары:

    Старшыня Камісіі па этыцы БАЖ: Сяргей Ваганаў,

    Сябры Камісіі па этыцы БАЖ: Зміцер Падбярэзскі, Зміцер Панкавец.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці