• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як будзе працаваць сістэма самарэгулявання беларускага медыясектара? Тлумачыць адзін з аўтараў праекта

    Адзін з аўтараў праекта Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара юрыст Яўген Пыльчанка падрабязна распавёў, як павінна працаваць сістэма.

    Яўген Пыльчанка

    Яўген Пыльчанка, Вільня, 11 чэрвеня 2024 года. Фота: Літоўская калегія адвакатаў

    Ці своечасова медыясупольнасць занялася этычнымі праблемамі і самарэгуляваннем, калі сектар перажывае не самыя добрыя часы? Да чаго прывядзе прыняцце Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара? БАЖ працягвае серыю дыскусій.

    Як пабудавана сістэма самарэгулявання

    — Чаму ўзнікла неабходнасць замяніць Камісію па этыцы БАЖ на аўтаномную структуру пад назвай Рада па медыяэтыцы?

    — Камісія па этыцы БАЖ існавала ўнутры адной арганізацыі і яе дзейнасць распаўсюджвалася ў першую чаргу на сябраў нэтай структуры (хаця Камісія і магла выказваць меркаванні пра канфліктныя сітуацыі, удзельнікі якіх не мелі пасведчання БАЖ).

    Беларуская асацыяцыя журналістаў — сяброўская арганізацыя, таму менавіта яе чальцы выбіралі камісію. Зараз жа ў прадстаўнікоў медыясектара ўзнікла патрэба ва ўновых умовах існавання стварыць орган самарэгулявання. З гэтага і паўсталі размовы пра Раду па медыяэтыцы. 

    — Хто можа ўвасці ў Раду?

    — Структуры, якія далучаюцца да пагаднення, ствараюць адмысловы орган — Медыяасамблею. Ягонае прызначэнне — праводзіць выбары ў Раду па медыяэтыцы, якая фактычна павінна выконваць той жа функцыянал, што і Камісія па этыцы БАЖ.

    Абіраць Раду мусяць не журналісты, а прадстаўнікі больш буйных суб’ектаў — рэдакцый і медыяарганізацый. Менавіта з такіх суб’ектаў і ствараецца Медыяасамблея. У Раду абіраюцца канкрэтныя людзі — прадстаўнікі медыяарганізацый, за якіх прагаласуе Медыяасамблея.

    Калі 20 суб’ектаў падпішуць пагадненне аб самарэгуляванні, тады будзе створаная Медыяасаблея і пачнецца фармаванне Рады па медыяэтыцы. 

    Як будзе працаваць сістэма самарэгулявання беларускага медыясектара?

    Агульная схема органаў самарэгулявання. Выява: БАЖ

    У Раду ўваходзяць сем чалавек, які абіраюцца на агульным сходзе Медяасамблеі. Кожны ўдзельнік Медыяасамблеі можа вылучыць аднаго кандыдата. Плюс існуе дадатковая опцыя — самавылучэнне кандыдатаў, якіх, напрыклад, не падтрымалі ўласныя рэдакцыі, ці які не ўваходзіць ні ў адну медыяарганізацыю, але хоча ўдзельнічаць у самарэгуляванні.

    Кандыдатуры ад рэдакцый і самавылучэнцы

    — Гаворка ідзе пра журналістаў, якія не прывязаны да канкрэтнай рэдакцыі?

    — Не толькі. Напрыклад, рэдакцыя можа вылучыць адну кандыдатуру, а іншы супрацоўнік захоча пайсці самавылучэнцам. У гэтым выпадку мы не ставілі абмежаванняў, каб дазволіць як мага большаму колу людзей удзельнічаць у працэсе. У любым выпадку апошняе слова за Медыяасамблеяй.

    Калі кожная рэдакцыя вылучыць па адным кандыдату — гэта ўжо 20 прэтэндэнтаў, плюс, дапусцім, 10 чалавек пойдуць самавылучэнцамі: з 30 прэтэндэнтаў трэба абраць толькі 7 сябраў Рады па медыяэтыцы. Кожны ўдзельнік Медыяасаблеі выбірае сваіх 7 кандыдатаў, і тая сямёрка, якая набрала найбольшую колькасць галасоў, становіцца сябрамі Рады па медыяэтыцы. Такім чынам будзе сфармаваны першы склад Рады. 

    Як будзе працаваць сістэма самарэгулявання беларускага медыясектара?

    Працэдура выбараў Рады па медыяэтыцы. Выява: БАЖ

    Сябры Рады выбіраюцца тэрмінам на тры гады. Але мы ад пачатку заклалі прынцып ратацыі — каб удзельнікі Рады не заседжваліся на адным месцы.

    Таму ў першым складзе два чалавекі абіраюцца на год, два — на 2 гады, астатнія тры — на 3 гады. Адпаведна, праз год пераабіраюцца два сябры Рады, абраныя на 1 год, праз два гады — абраныя на 2 гады, праз тры гады — абраныя на 3 гады. Але новых сябраў Рады абіраюць ўжо на поўны тэрмін – на 3 гады.

    Атрымліваецца, што кожны год трэба пераабіраць 2–3 чалавекі.

    — Не атрымаецца так, што буйная рэдакцыя возьме 2–3 месцы ў Радзе па медыяэтыцы і будзе дыктаваць свае ўмовы іншым?

    — На выбарах усе арганізацыі — і буйныя, і невялікія — маюць аднолькавую колькасць галасоў. З аднаго боку, гэта стане гарантыяй, што ўладу ніхто не зможа ўзурпаваць. А з іншага, наўрад ці варта чакаць ажыятажу і жадання падпарадкаваць сабе ўвесь медыясектар з боку канкрэтных рэдакцый. Усё-такі гэта дабраахвотнае аб’яднанне, якое не надзеленае карнымі функцыямі, а ўвесь працэс рэгулюецца дамоўленасцямі.

    — Хто можа далучыцца да пагаднення?

    — Створаная максімальна простая сістэма далучэння да пагаднення аб самарэгуляванні. Рэдакцыя мусіць публічна заявіць, што яна збіраецца прытрымлівацца Кодэкса этыкі, што яна будзе ўдзельнічаць у працэдурах – трэба падаць адпаведную заяву ў сакратарыят, функцыю якога будзе выконваць БАЖ, і ты фактычна становішся ўдзельнікам працэсу.

    Чым зоймецца Рада па медыяэтыцы?

    — Рада па этыцы павінна разглядаць звароты наконт канкрэтных публікацый.

    Вельмі скаладана было вызначыць прадмет разгляду. У выніку вырашылі, што прадметам разгляду з’яўляюцца матэрыялы, апублікаваныя рэдакцыямі і арганізацыямі ў сваіх публічных каналах. Дзеянні асобных журналістаў, асабістыя стасункі выходзяць за межы паўнамоцтваў Рады па медыяэтыцы.

    Мы лічым, што нельга выходзіць за межы прафесійнай дзейнасці, у прыватную сферу. Медыясупольнасць павінна выпрацоўваць прафесійныя стандарты, а выхад у прыватную сферу прывядзе да распылення рэсурсаў. І можа прывесці да элементарнага высвятлення адносінаў паміж журналістамі. 

    Як будзе працаваць сістэма самарэгулявання беларускага медыясектара?

    Працэдура падачы звароту. Выява: БАЖ

    Зварот можа падаваць любая асоба, якая лічыць, што апублікаваны матэрыял супярэчыць Кодэксу прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў.

    Калі нейкая публікацыя выклікае вялікі розгалас, уяўляе грамадскі інтарэс і можа мець вялікае значэнне для медыясектара, Рада можа самастойна ініцыяваць разгляд падобнага кейса.

    Рада па медыяэтыцы надзяляе правам ацэньваць публікацыі не толькі сябраў Медыяасамблеі, але рэдакцый і асобных журналістаў, якія не ўваходзяць у яе склад, але далі згоду на ацэнку сваёй дзейнасці.

    Як разглядаюцца скаргі

    — Рада па медыяэтыцы правярае публікацыі, на якія паступілі скаргі, на адпаведнасць Кодэксу этыкі.

    Працэдура разгляду зварота пачынаецца з магчымасці замірэння без вынясення рашэння: часам можа адбыцца памылка, якую прасцей выправіць, чым пачынаць разбор палётаў. Досвед Камісіі па этыцы БАЖ паказвае, што такая практыка — замірэння — ужывалася досыць часта, прычым досыць паспяхова.

    Як будзе працаваць сістэма самарэгулявання беларускага медыясектара?

    Працэдура прыняцця рашэнняў Рады і наступныя дзеянні. Выява: БАЖ

    Калі ж урэгуляванне становіцца немагчымым, склікаецца паседжанне Рады, на якім разглядаецца канкрэтны зварот. На паседжанне запрошваецца прадстаўнік рэдакцыі, на якую пададзены зварот, аўтар матэрыяла і ініцыяцатар зварота.

    Па выніку разгляду зварота Рада агучвае заяву пра наяўнасць ці адсутнасць парушэнняў. У некаторых выпадках, калі зробленыя грубыя парушэнні, якія могуць паўплываць на медыясектар цалкам, робіцца заява пра недапушчальнасць такіх дзеянняў.

    Якія рычагі ўплыву на парушальнікаў мае Рада?

    — Рада не мае ў сваім распараджэнні ніякіх прымусовых мер уздзеяння, санкцыі ўводзіць не можа. Рада робіць выніковую заяву публічна, дасылае ўдзельнікам спрэчкі, але пакараць парушальніка не можа. Толькі ад медыя залежыць — прызнаваць ці не прызнаваць парушэнне.

    І ў прынцыпе вялікай патрэбы некага караць няма. Рада мусіць звяртаць увагу ўсіх медыяў і журналістаў на неабходнасць падтрымлівацца этычных стандартаў у сваёй прафесійнай дзейнасці.

    Як будзе працаваць сістэма самарэгулявання беларускага медыясектара?

    Працэдура стварэння Медыяасамблеі. Выява: БАЖ

    Праблема ў тым, што мы працуем не толькі па-за межамі беларускага заканадаўства, але ў прававым полі краін Еўразвяза, што накладвае на беларускі медыясектар двайную адказнасць. 

    Для беларускіх медыяў даступныя ўсе астатнія прававыя інструменты ў межах юрысдыкцыі, дзе канкрэтныя медыі знаходзяцца. У Літве сваё заканадаўства, у Польшчы — сваё, таму ўсе невырашальныя «мірным шляхам» прэтэнзіі трэба накіроўваць туды. Па сутнасці, і спрэчкі з публікацыямі можна вырашаць праз суды, але суд — гэта заўсёды дорага, доўга, непрыемна. Да таго ж, як паказвае практыка, істцы часта незадаволеныя рашэннямі судоў.

    А Рада па медыяэтыцы не шукае вінаватых, яе мэта — дабіцца выканання журналісцкіх стандартаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці