• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як пазбегнуць мовы варожасці ў медыя? Парады калегам ад Камісіі па этыцы БАЖ

    Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў падрыхтавала абагульненне практыкі і простыя парады для калег, якія дапамогуць пазбегнуць ужывання мовы варожасці ў медыя.

    Характарыстыка праблемы

    Мова варожасці як феномен з’яўляецца шырока распаўсюджанай праблемай, якая закранае прадстаўнікоў розных сегментаў грамадства на падставе пэўных прыкметаў, у прыватнасці, паводле этнічнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці, узросту, пола, сексуальнай арыентацыі, стану здароў’я (напрыклад, інваліднасці, ВІЧ-статусу).

    Мова варожасці выкарыстоўваецца ў СМІ, сацыяльных сетках, на інтэрнэт-платформах. Журналісты і СМІ нярэдка ўцягваюцца ў рознага кшталту канфлікты, інфармацыйныя войны, што не толькі пагражае асноўным прынцыпам прафесіі – аб’ектыўнасці і бесстароннасці, але часам правакуе і саміх журналістаў на парушэнне этычных стандартаў.

    У Рэспубліцы Беларусь адсутнічае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Ва ўмовах шчыльнага ўрадавага кантролю за інфармацыйнай прасторай гэта ўскладняе вырашэнне аб’ектыўна існуючых канфліктаў паміж правам на свабоду выказвання меркаванняў і правам на абарону ад дыскрымінацыі ўразлівых груп насельніцтва.

    Вызначэнне тэрміну “мова варожасці”

    У побыце пад варожасцю разумеюцца адносіны і дзеянні, прасякнутыя непрыязнасцю, нянавісцю.

    Адмыслоўцы пад мовай варожасці (альбо па-іншаму – рыторыкай нянавісці) маюць на ўвазе “абагуленае азначэнне моўных сродкаў выяўлення рэзка адмоўных адносінаў “апанентаў” – носьбітаў іншай сістэмы рэлігійных, нацыянальных, культурных ці больш спецыфічных, субкультурных каштоўнасцяў. Гэтая з’ява можа выступаць як форма праяўлення расізму, ксенафобіі, міжнацыянальнай варажнечы і нецярпімасці, гамафобіі, а таксама сэксізму” (спасылка на аўтарства?).

    Камітэт міністраў Савета Еўропы вызначае мову варожасці як “усе формы самавыражэння, якія ўтрымліваюць распаўсюд, правакаванне, стымуляванне ці апраўданне расавай нянавісці, ксенафобіі, антысемітызму ці іншых відаў нянавісці на падставе нецярпімасці, у тым ліку нецярпімасць у выглядзе агрэсіўнага нацыяналізму ці этнацэнтрызму, дыскрымінацыі ці варожасці ў адносінах да меншасцяў, мігрантаў і асоб з эмігранцкімі каранямі”.

    У 2013 годзе Дэпартамент па справах моладзі Савета Еўропы распачаў нават маладзёвую кампанію “Не нянавісці” дзеля таго, каб мабілізаваць моладзь на змаганне з агрэсіўнымі выказваннямі і падтрымаць правы чалавека ў Інтэрнэце.

    Даследчыкі ў галіне медыяў вызначаюць тэрмін “мова варожасці” як “усю сукупнасць тэкстаў (а таксама загалоўкаў, фотаздымкаў ды іншых элементаў) СМІ, якія наўпрост альбо ўскосна спрыяюць узбуджэнню нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы альбо хоць бы непрыязнасці”.

    Журналісты часам выкарыстоўваюць мову варожасці ненаўмысна, нават адмыслова не ўкладаючы ў тэкст негатыўны сэнс. Найпершым аб’ектам варожай рыторыкі  часцей за ўсё выступае этнічная прыналежнасць.

    Выдзяляюцца пяць памылак, якія дапускаюць аўтары публікацый.

    1. Журналісцкая неахайнасць. Аўтар падчас падрыхтоўкі тэксту не задумваецца над пытаннямі чуллівасці, безадказна выкарыстоўвае такія фармулёўкі і дэталі, якія ўрэшце і ствараюць у аўдыторыі негатыўнае ўспрыняцце пэўнай сацыяльнай групы.

    2. Некарэктны загаловак. Хоць кідкія, “вірусныя” загалоўкі прыцягваюць увагу, служаць рэкламай публікацыі – ня варта дзеля гэтага ахвяраваць этычнымі стандартамі.

    3. Статыстычныя “спакусы”. Аўтар гіпербалізуе статыстычныя звесткі, каб надаць публікацыі большую значнасць.

    4. Змешванне сацыяльнай праблематыкі і этнічнай рыторыкі. Праблема можа абмяркоўвацца выключна ў “нацыянальных” межах, хоць яна значна шырэйшая і не абмяжоўваецца адной сацыяльнай групай.

    5. Адмаўленне грамадзянства па этнічнай прыкмеце. Журналіст ці блогер, распавядаючы пра чалавека іншай нацыянальнасці, які жыве на тэрыторыі канкрэтнай краіны, вызначае яго як замежніка, не бярэ пад увагу, што ў яго ёсць часовая рэгістрацыя, від на жыхарства ці нават грамадзянства.

     

    Жорсткая мова варожасці

    1. Наўпроставыя і непасрэдныя заклікі да гвалту, а таксама заклікі да гвалтоўных дзеянняў з выкарыстаннем  агульных лозунгаў.

    2. Наўпроставыя і непасрэдныя заклікі да дыскрымінацыі, а таксама заклікі да дыскрымінацыі з выкарыстаннем  агульных лозунгаў.

    3. Завуаліраваныя заклікі да гвалту і дыскрымінацыі (напрыклад, прапаганда сучаснага ці гістарычнага досведу гвалту альбо дыскрымінацыі).

    Сярэдняя мова варожасці

    1. Апраўданне гістарычных выпадкаў дыскрымінацыі і гвалту.

    2. Публікацыі і выказванні, якія ставяць пад сумнеў агульнапрызнаныя гістарычныя факты гвалту і дыскрымінацыі.

    3. Сцвярджэнні аб гістарычных злачынствах пэўнай этнічнай ці іншай групы.

    4. Указанні на сувязь пэўнай групы з замежнымі палітычнымі і дзяржаўнымі структурамі з мэтай яе дыскрэдытацыі.

    5. Сцвярджэнні пра крымінальнасць той ці іншай групы.

    6. Разважанні пра непрапарцыянальную перавагу пэўнай групы ў матэрыяльным дабрабыце, прадстаўніцтве ва ўладных структурах і г.д.

    7. Абвінавачванні ў негатыўным уплыве якой-небудзь групы на грамадства, дзяржаву.

    8. Заклікі не дапусціць замацавання ў рэгіёне, горадзе пэўных груп.

    Мяккая мова варожасці

    1. Стварэнне негатыўнага вобраза пэўнай этнічнай ці іншай групы.

    2. Згадванне назвы ўразлівай групы ў грэблівым кантэксце.

    3. Сцвярджэнне пра непаўнавартаснасць пэўнай групы, згадванне ў абразлівым, прыніжаючым кантэксце.

    4. Цытаванне ксенафобскіх выказванняў альбо публікацыя падобных тэкстаў без адпаведнага каментара, які размяжоўвае меркаванне аўтара выказвання і журналіста, выдзяленне месца ў газеце, часу ў эфіры для нацыяналістычнай прапаганды без рэдакцыйнага каментара ці іншай палемікі.

    Публікацыі ці выказванні, у якіх прысутнічае мова варожасці, як адзначаюць даследчыкі,  утрымліваюць прыкметы дзялення  на “МЫ-групу” і  “ЯНЫ-групу”. “МЫ” і “ЯНЫ” супрацьпастаўляюцца па шэрагу прыкметаў, падбіваюць на злобу, нянавісць, на радыкальныя негатыўныя дзеянні. Праз такое дзяленне фарміруецца і падмацоўваецца стэрэатып адмоўнага вобраза нацыі, расы, рэлігіі і г.д., пэўным супольнасціям прыпісваюцца  варожыя дзеянні і небяспечныя намеры, вядуцца заклікі да “ўяўнай абароны” ад іх.

    Еўрапейская камісія 31 траўня 2016 года сумесна з прадстаўнікамі Face­book, Twit­ter, YouTube і Microsoft падпісалі Кодэкс паводзінаў адносна супрацьзаконных праяваў мовы варожасці ў Інтэрнэце (Code of Con­duct on coun­ter­ing ille­gal online hate speech)[1]. Паводле Кодекса, інтэрнэт-карпарацыі вызнаюць наяўнасць карпаратыўнай адказнасці ў падтрыманні каштоўнасцяў свабоды слова, а таксама захавання фундаментальных правоў у анлайн-прасторы. Адначасова карпарацыі вызнаюць і маштаб негатыўнага ўплыву выказванняў і публікацый, якія характарызуюцца паняццем “мова варожасці” і скіраваны як на індывідаў, так і на групу асобаў. Падпісанты абавязаліся мець і ўдасканальваць унутраныя механізмы выяўлення і прыпынення рыторыкі нянавісці, а таксама пашыраць супрацоўніцтва ў гэтым пытанні з грамадзянскай супольнасцю.

    Кампанія Face­book апублікавала нават план дзеянняў супраць распаўсюду “шкодных звестак” па выніках “аўдыту грамадзянскіх правоў”, праведзенага ў траўні 2018 г.. Кіраўніцтва сацсеткі паведамляе, што працягвае барацьбу са “шкодным кантэнтам”. Кампанія стала блакаваць прыхільнікаў “перавагі белай расы” і тых, хто ўсхваляе такія погляды, нават тады, калі яны не ўжываюць фразы кшталту “перавага белай расы”.

    Таксама Face­book збіраецца не дазваляць ладзіць праз сваю сацсетку акцыі, накіраваныя на знявагу людзей паводле іхнай расы, рэлігіі альбо іншых аспектаў ідэнтычнасці.

    Мова варожасці і свабода СМІ: міжнародны досвед, беларуская практыка

    Абароне на міжнародным узроўні падлягаюць не толькі выказванні, інфармацыя ці ідэі, якія вітаюцца большасцю, лічацца бяскрыўднымі альбо нейтральнымі, з’яўляюцца не абразлівымі, але і тыя, якія абражаюць, шакуюць або выклікаюць абурэнне. Як адзначаецца ў рашэнні Еўрапейскага суда па справе “Handy­side супраць Аб’яднанага Каралеўства”, “такімі з’яўляюцца патрабаванні цярпімасці, плюралізму і шырыні поглядаў, без якіх дэмакратычнае грамадства немагчыма”.

    Далёка не кожнае непрыемнае, абразлівае ці абуральнае выказванне з’яўляецца мовай варожасці. Для прыкладу разгледзім гучную справу “Эон (Eоn) супраць Францыі”.

    28 жніўня 2008 году, у дзень візіту Прэзідэнта Французскай Рэспублікі ў г. Лаваль, пры з’яўленні прэзідэнцкага картэжу Эон дастаў невялікі плакат, на якім было напісана “Адвалі, ідыёт няшчасны!”. Ён такім чынам зрабіў адсылку да нашумелай рэплікі прэзідэнта, прамоўленай ім у час сельскагаспадарчай выставы, калі адзін аграрый адмовіўся паціснуць яму руку. Гэтая фраза сабрала мноства каментароў і шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі. Эон адразу ж быў затрыманы, супраць яго была распачатая крымінальная справа аб абразе прэзідэнта. У далейшым ён быў прызнаны вінаватым і асуджаны да штрафу.

    Нягледзячы на тое, што фраза абразлівая, было прызнана, што яна не з’яўляецца мовай варожасці. Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) разглядаў справу выключна ў кантэксце дыфамацыі і прыйшоў да высновы, што, паўтарыўшы рэзкі выраз, выкарыстаны самім прэзідэнтам, “заяўнік агучыў сваю крытыку, звярнуўшыся да дзёрзкай сатыры”. Еўрапейскі суд падкрэсліў, што “сатыра ўяўляе сабой форму мастацкага самавыяўлення і грамадскай крытыкі з прычыны характарызуючых яе перабольшанняў і скажэння рэчаіснасці і, зразумела, мае на мэце справакаваць і выклікаць абурэнне”. ЕСПЧ прызнаў пакаранне Эона парушэннем яго права на выказванне меркавання.

    Мовай варожасці выказванні з’яўляюцца толькі тады, калі яны ўтрымліваюць дыскрымінацыйную па сваім характары варожасць да асобных людзей або груп у звязку з іх ідэнтычнасцю.

    Міжнародныя дакументы і стандарты

    Міжнародны стандарт выяўлення мовы варожасці грунтуецца на асэнсаванні ўзаемадачынення двух правоў: свабоды выказвання меркавання і свабоды ад дыскрымінацыі.

    У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека, якім павінныя адпавядаць заканадаўствы на нацыянальным узроўні, мова варожасці можа стаць падставай для абмежавання свабоды выказвання ў адпаведнасці з арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) для абароны такіх каштоўнасцяў, як павага да правоў і рэпутацыі іншых асоб, грамадскі парадак, здароўе насельніцтва, грамадская маральнасць, ахова дзяржаўнай бяспекі.

    Дзяржавы таксама абавязаныя забараніць выказванні “на карысць нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці”, якія падбухторваюць да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту ў адпаведнасці з арт. 20.2 МПГПП.  Артыкуламі 2 (1) і 26 МПГПП гарантуецца абарона ад дыскрымінацыі па прыкметах расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншых абставінаў.

    Гэтыя ж прыкметы пералічаныя ў арт. 14 “Забарона дыскрымінацыі” Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, да іх дададзена “прыналежнасць да нацыянальных меншасцяў”, а арт. 10 канвенцыі, датычны свабоды выказвання меркавання, дапоўнены яшчэ дзвюма абараняльнымі каштоўнасцямі: “прадухіленне разгалошвання інфармацыі, атрыманай канфідэнцыйна, або забеспячэнне аўтарытэту і бесстароннасці правасуддзя”.

    Пакт і Еўрапейская канвенцыя з’яўляюцца падставовымі міжнародна-прававымі дакументамі, якімі кіруюцца Камітэт па правах чалавека ААН і Еўрапейскі суд па правах чалавека, прымаючы рашэнні аб дапушчальнасці ці недапушчальнасці тых ці іншых выказваннў. Пры гэтым ва ўмовах адсутнасці агульнапрынятага вызначэння мовы варожасці на заканадаўчым узроўні назіраецца пэўная эвалюцыя і пашырэнне пераліку абараняльных прыкмет і груп.

    Так, згодна з Рэкамендацыяй Еўрапейскай камісіі па барацьбе з расізмам і нецярпімасцю № 15 “Аб барацьбе з мовай нянавісці” ад 8 снежня 2015 года, мовай нянавісці лічыцца “абарона, заахвочванне або падбухторванне, у любой форме, да знявагі, варожасці ці ганьбавання якой-небудзь асобы або групы асоб, а таксама любая праява ўшчамлення, абразаў, стварэння негатыўных стэрэатыпаў, стыгматызацыі ці пагроз у дачыненні да такой асобы або асоб і любое апраўданне ўсіх пералічаных форм выказвання па прыкмеце расы, паходжання, нацыянальнай ці этнічнай прыналежнасці, узросту, інваліднасці, мовы, рэлігіі або перакананняў, полу, гендара, гендарнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі і іншых асабістых характарыстык або статуса”[2].

    Свабода слова і  варожасць

    На сённяшні дзень пытанне, як абмежаваць мову варожасці пры захаванні свабоды слова, актуальнае для ўсяго свету. Універсальных формул для яго вырашэння пакуль не існуе, хоць вядзецца пастаянны пошук збалансаваных рашэнняў, з’яўляюцца новыя міжнародныя дакументы. Сярод іх — “Рабацкі план дзеянняў па забароне прапаганды нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, якая ўяўляе сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту” (г. Рабат, Марока), прыняты ў 2012 годзе Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ), “Кемдзенскія прынцыпы па свабодзе выказвання меркавання і роўнасці”, распрацаваныя ARTICLE 19 і іншыя. Як адначаецца ва ўступе Прынцыпаў, “у многіх выпадках абмежаванні свабоды выказвання меркавання накіраваны супраць уразлівых груп, хутчэй ушчамляючы, чым спрыяючы роўнасці. Замест абмежаванняў, адкрытае абмеркаванне неабходна для барацьбы з негатыўнымі стэрэатыпамі супраць груп і асоб і для выкрыцця той шкоды, якую наносяць перадузятасці”.

    Міжнародная практыка

    Рашэнні міжнародных органаў даюць уяўленне, як вышэйапісаныя стандарты інтэрпрэтуюцца ў канкрэтных выпадках, якія выказванні абараняюцца міжнародным правам, а ад якіх журналістам варта ўстрымацца і якіх катэгарычна пазбягаць. Для “практычнага ўяўлення” прыводзім некалькі прыкладаў з рашэнняў Еўрапейскага суда.

    “…цярпімасць і роўная павага годнасці ўсіх людзей складаюць аснову дэмакратычнага плюралістычнага грамадства. На гэтай падставе прынцыповай становіцца неабходнасць у некаторых дэмакратычных грамадствах прымяніць санкцыі супраць усіх формаў самавыяўлення, якія распаўсюджваюць, правакуюць, стымулююць або апраўдваюць заснаваную на нецярпімасці нянавісць, ці нават прадухіліць такія формы самавыяўлення…”. (Рашэнне Палаты Еўрапейскага суда па правах чалавека па справе Erbakan супраць Турцыі, скарга № 59405/00, § 56, 2006/07/06).

    Па пытаннях мовы варожасці класічны падыход быў сфармуляваны Еўрапейскім судом па справе “Йерсілд супраць Даніі”, — у ім прызнана першараднае значэнне аўтаноміі журналіста пры падрыхтоўцы публікацый па пытаннях, якія выклікаюць вострыя публічныя дэбаты. (Jer­sild супраць Даніі (скарга №15890/89), 1994/09/23).

    Йенс Олаф Йерсілд, журналіст, падрыхтаваў дакументальны фільм, у які ўключыў вытрымкі з тэлевізійнага інтэрв’ю, узятага ім у траіх членаў моладзевай групы, якія называюць сябе “Зялёныя курткі”. Удзельнікі інтэрв’ю дапусцілі абразлівыя і грэблівыя заўвагі ў дачыненні да імігрантаў і этнічных меншасцяў у Даніі. Йерсілд быў асуджаны за садзейнічанне распаўсюджванню расісцкіх выказванняў і іх заахвочванне.

    Журналіст з гэтым не пагадзіўся. ЕСПЧ звярнуў увагу на адрозненні паміж сябрамі групы “Зялёныя курткі”, якія дапускалі адкрыта расісцкія выказванні, і журналістам, які імкнуўся паказаць, прааналізаваць і растлумачыць погляды гэтай канкрэтнай групы маладых людзей, закрануўшы “канкрэтныя аспекты праблемы, якая ўжо тады выклікала вялікую заклапочанасць грамадства”. Дакументальны фільм у цэлым не меў на мэце прапаганду расісцкіх поглядаў і ідэй, а імкнуўся інфармаваць грамадскасць па адным з сацыяльных пытанняў. Еўрапейскі Суд падтрымаў пазіцыю журналіста.

     

    Распальванне рэлігійнай варожасці

    Павел Іваноў супраць Расіі (скарга №35222/04), 2007/02/20.

    Павел Іваноў напісаў і апублікаваў шэраг артыкулаў, у якіх яўрэі названыя крыніцай зла ў Расіі. Ён абвінаваціў яўрэяў у змове супраць рускага народа, і агульны сэнс усіх ягоных выказваньняў насіў відавочна антысеміцкі характар. Іваноў быў асуджаны за распальванне этнічнай, расавай і рэлігійнай варожасці. Ён звярнуўся са скаргай, у прыватнасці, на парушэнне яго права на эфектыўны сродак прававой абароны (артыкул 13), сцвярджаючы, што быў асуджаны на падставе супярэчлівых паказанняў. Іваноў крытыкаваў расійскія суды за адмову замовіць экспертны даклад, які прадэманстраваў бы правільнасць яго сцвярджэння, што яўрэі не з’яўляюцца нацыяй. Ён таксама сцвярджаў, што быў падвергнуты дыскрымінацыі з‑за сваіх рэлігійных перакананняў (артыкул 14).

    Суд прыйшоў да высновы, што сп. Іваноў скардзіўся галоўным чынам на парушэнне яго права на свабоднае выяўлення меркавання, замацаванае ў артыкуле 10 Еўрапейскай канвенцыі. Суд выказаў меркаванне, што заяўнік, які імкнуўся сваімі публікацыямі “распаліць нянавісць да габрэяў” і  казаў пра гвалт у дачыненні да канкрэтнай этнічнай групы, не можа дабівацца абароны на падставе артыкула 10. Суд прызнаў скаргу непрымальнай.

    Распальванне варожасці па расавай прыкмеце

    Leroy супраць Францыі (скарга № 36109/03), 2008/10/02.

    Дэні Леруа – карыкатурыст. Адзін з яго малюнкаў з выявай нападу на Сусветны гандлёвы цэнтр быў апублікаваны ў баскім тыднёвіку 13 верасня 2001 года з подпісам, які абвяшчаў: “Мы ўсе марылі пра гэта – “Хамас” зрабіў”. Пасля таго, як ён быў асуджаны да выплаты штрафу за “апраўданне тэрарызму”, Леруа сцвярджаў, што была абмежаваная яго свабода выказвання. Суд выказаў меркаванне, што сваёй працай заяўнік ўслаўляў гвалтоўнае разбурэнне амерыканскага імперыялізму, выказаў маральную падтрымку выканаўцам нападу, ухвальна выказаўся з нагоды гвалту, здзейсненага ў дачыненні да тысяч грамадзянскіх асоб і прынізіў годнасць ахвяр. Нягледзячы на абмежаваны распаўсюд штотыднёвіка, суд адзначыў, што публікацыя малюнка выклікала пэўную грамадскую рэакцыю, якая магла спарадзіць хвалю гвалту і мець значныя наступствы для грамадскага парадку ў краіне баскаў. На гэтых падставах суд пастанавіў, што не было дапушчана парушэння артыкула 10 ЕКПЧ.

    Распальванне нацыянальнай варожасці

    Sürek супраць Турцыі (№1) (скарга № 26682/95, 1999/07/08.

    Каміль Тэкін Сюрэк – выдавец штотыднёвіка, у якім былі апублікаваныя два лісты чытачоў з шалымі нападкамі на ваенныя дзеянні ўладаў на паўднёвым усходзе Турцыі і з абвінавачваннямі ўладаў у жорсткім падаўленні барацьбы курдскага народа за незалежнасць і свабоду. Заяўнік быў асуджаны судом за “распаўсюд выступленняў супраць непадзельнасці краіны і распальванне варожасці і нянавісці сярод насельніцтва”. Заяўнік падаў скаргу на парушэнне яго права на свабоду выказвання. Суд адзначыў, што лісты, якія з’явіліся прадметам разгляду, былі роўнамоцныя закліку да крывавай помсты. У адным з лістоў згадваліся прозвішчы людзей, нянавісць да якіх распальвалася, і яны падпалі пад рызыку фізічнага гвалту. Хоць Сюрэк асабіста не асацыяваўся з выказанымі ў лістах поглядамі, ён, тым не менш, прадаставіў іх аўтарам платформу для распальвання гвалту і нянавісці. Суд выказаў меркаванне: як выдавец тыднёвіка Сюрэк нясе субстытуцыйную адказнасць за “правы і абавязкі”, што ўзялі на сябе рэдактары і журналісты выдання, збіраючы і публічна распаўсюджваючы інфармацыю, якая набывае асаблівае значэнне ў сітуацыі канфліктаў і напружанасці. Суд прыйшоў да высновы, што парушэння ў дзеяннях уладаў не было.

    Адмаўленне гістарычных фактаў

    Garaudy супраць Францыі (скарга №65831/01), 2003/06/24.

    Ражэ Гарадзі, аўтар кнігі “Падставовыя міфы ізраільскай палітыкі” (Les Mythes fon­da­teurs de la poli­tique israeli­enne), быў асуджаны за адмаўленне злачынстваў супраць чалавецтва, публічны паклёп на групу асоб, у дадзеным выпадку – на габрэйскую супольнасць, і распальванне расавай нянавісці. Сп. Гарадзі сцвярджаў, што было парушана яго права на свабоду выказвання меркавання.
    Суд адзначыў, што змест выказванняў заяўніка раўназначны адмаўленню Халакоста і ўказаў, што “адмаўленне злачынстваў супраць чалавецтва з’яўляецца адной з самых сур’ёзных формаў расавага паклёпу на габрэяў і распальвання нянавісці да іх”. Адмаўленне гістарычна даказаных фактаў не з’яўляецца ні навуковым, ні гістарычным даследаваннем; сапраўднай мэтай гэтага з’яўляецца спроба рэабілітаваць нацыянал-сацыялістычны рэжым і абвінаваціць саміх ахвяраў ў фальсіфікацыі гісторыі. Паколькі такія дзеянні відавочна несумяшчальныя з базавымі каштоўнасцямі Еўрапейскай Канвенцыі, суд прыняў рашэнне, што сп. Гарадзі не можа спасылацца на правы, прадугледжаныя артыкулам 10 ЕКПЧ. Скарга прызнаная непрымальнай.

    Беларускі досвед і практыка 

    У беларускім заканадаўстве няма наўпроставага вызначэння “мовы варожасці”; тэрмін “варожасць” фігуруе толькі ў якасці складу крымінальнага злачынства:

    Артыкул 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці розні.

    Адказнасць па гэтым артыкуле прадугледжаная за “наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці”. За дадзеныя дзеянні пакаранне прадугледжваецца ў выглядзе “штрафу, або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін”.

    Тыя ж дзеянні, спалучаныя з гвалтам ці ўчыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў, а ўчыненыя групай асоб, альбо калі дзеянні пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека, альбо іншыя цяжкія наступствы, – караюцца  пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў.

    Артыкул 130 КК з’яўляецца асноўным палажэннем заканадаўства Беларусі, якое забараняе дыскрымінацыйнае падбухторванне да варожасці па пералічаных прыкметах.

    Найбольш рэзананснымі справамі па артыкуле 130 КК РБ, звязанымі з выказваннем меркаванняў у медыях, сталі справа блогера і ўладальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса і так званая “справа Рэгнума”. Эксперты ацэньвалі іх як “ідэалагічна люстраныя”: Эдуард  Пальчыс – “беларускі патрыёт”, фігуранты “справы Рэгнума” Юры Паўлавец, Сяргей Шыптэнка і Дзмітрый Алімкін – “адэпты рускага свету”. Пальчыс быў асуджаны за рэзкія выпады супраць палітыкі Расіі, Паўлавец, Шыптэнка і Алімкін – за распальванне нацыянальнай варожасці ў складзе групы.

    Аналізуючы справу Пальчыса, праваабаронцы прыйшлі да высновы, што інфармацыя, якая змяшчаецца ў яго артыкулах, “не ўтрымлівае прыкмет заклікаў да вайны, гвалту або выступаў на карысць расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку цi здароўю і маральнасці насельніцтва. Матэрыялы ўяўляюць сабой нішто іншае, як думкі аўтара адносна тых ці іншых гістарычных падзей, фактаў, утрымліваюць крытычныя заўвагі адносна геапалітычных канцэпцый і знешняй палітыкі некаторых дзяржаваў. Аўтар не меў на мэце прыніжэнне прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных нацыянальнасцяў, этнічных ці расавых груп”.

    Паводле міжнародных стандартаў, выказванні чалавека павінны быць забароненыя толькі калі яны могуць выклікаць рэальную пагрозу. Так, згодна з Прынцыпам 6 Ёханэсбургскіх прынцыпаў Нацыянальная бяспека, свабода выказвання меркавання і доступ да інфармацыі”, «…чалавек можа быць пакараны за выказванне свайго меркавання як пагражаючага нацыянальнай бяспецы, калі ўрад можа прадэманстраваць, што: (а) выказванне меркавання мае на мэце заклік да гвалтоўных дзеянняў; (в) можа прывесці да такіх гвалтоўных дзеянняў; (с) маецца прамая і непасрэдная сувязь паміж дадзеным выказваннем і верагоднасцю або ўзнікненнем такіх гвалтоўных дзеянняў”. Усе астатнія выпадкі – гэта непрапарцыйнае і недапушчальнае ўмяшальніцтва ў свабоду выказвання меркаванняў.

    Закон Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”

    Артыкул 1 дадзенага Закона вызначае экстрэмізм (экстрэмісцкую дзейнасць) як “дзейнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства альбо палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных і іншых арганізацый па планаванні, арганізацыі, падрыхтоўцы і здзяйсненні дзеянняў, накіраваных сярод іншага, на:

    (…) распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні,

    (…) прапаганду выключнасці, перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай прыналежнасці”.

    Азначэнне “экстрэмісцкая дзейнасць”, дадзенае ў законе, займае амаль старонку тэксту. Вышэй прыведзеныя толькі тыя палажэнні, якія маюць дачыненне да мовы варожасці.

    У ліпені 2019 года прынятыя дапаўненні ў згаданы артыкул (уступяць у дзеянне 01.02.2020 г.), якія да азначэння экстрэмізму дадаюць:

    (…) рэабілітацыю нацызму, прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, а таксама захоўванне або набыццё такой сімволікі або атрыбутыкі ў мэтах распаўсюджвання.

    Артыкул дапоўнены тлумачэннем, што разумеецца пад нацызмам, нацысцкай сімволікай, рэабілітацыяй нацызму.

    З моманту прыняцця закона эксперты выказвалі сур’ёзныя перасцярогі адносна практыкі яго прымянення. “Вызначэнне, дадзенае ў законе, стварае перадумовы для неабгрунтаваных ушчамленняў свабоды выказвання думкі (і свабоды СМІ, у тым ліку) на практыцы” (А. Бастунец, старшыня  ГА “БАЖ”).

    Парады беларускім СМІ дзеля пазбягання ўжывання мовы варожасці

    1. Упэўніцеся, што падрыхтаваны да публікацыі тэкст ці ягоныя фрагменты (цытаты, подпісы да здымкаў, тытры і інш.) не заклікаюць да дыскрымінацыі ці гвалту па прыкмеце расы, паходжання, нацыянальнай ці этнічнай прыналежнасці, узросту, інваліднасці, мовы, рэлігіі або перакананняў, полу, гендара, гендарнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі і іншых асабістых характарыстык або статуса.

    Падобныя заклікі няшчадна прыбірайце!

    Не памнажайце стыгму! Пазбягайце непатрэбных спасылак на расавую, рэлігійную прыналежнасць, пол, сэксуальную арыентацыю, гендэрную ідэнтычнасць ды іншыя групавыя характарыстыкі, а таксама  на фізіялагічныя ці іншыя асаблівасці без дай прычыны. Дыскрымінацыя і негатыўныя стэрэатыпы ў дачыненні да канкрэтнага чалавека  і асобных груп могуць быць узмоцненыя праз СМІ.

    Паведамляйце важную для грамадства інфармацыю, а не тую, якая правакуе варожасць часткі чытачоў (гледачоў, слухачоў) да пэўных супольнасцяў.

    2. Сачыце за каментарамі да апублікаваных тэкстаў. Заклікі да гвалту ці дыскрымінацыі па вышэй згаданых прыкметах недапушчальныя ў каментарах, адказнасць за якія, згодна з дзейным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі у галіне свабоды слова, нясуць рэдакцыі СМІ.

    3. Будзьце пільнымі падчас цытавання выказванняў:

    - падчас трансляцыі меркавання не надта вядомай у публічным асяроддзі асобы цытату з прыкметамі мовы варожасці варта перадаць ускоснай мовай (рэдакцыйным тэкстам), не хаваючы пры гэтым стаўлення прамоўцы да падзеі (асобы), але пазбягаючы вызначэнняў, характэрных для мовы варожасці;

    - дакладнае цытаванне вядомых асоб (чыноўнікаў, палітыкаў, лідараў думкі і інш.), у выказваннях якіх прысутнічае мова варожасці, павінна быць абумоўлена грамадскай значнасцю выказвання (публіка павінна ведаць, што думае і як выказваецца асоба, ад якой залежыць прыняцце рашэнняў альбо фарміраванне думкі).

    4. Пазбягайце мянушак ды слэнгу ў рэдакцыйных публікацыях і цытаванні. Скарыстаныя мянушкі (“укроп”, “каларад”, “дзіравы” і г.д.) правакуюць да мовы варожасці, ці наўпрост з’яўляюцца яе праявамі.

    5. Пазбягайце лексікі, якая можа быць абражальнай для ўразлівых груп.

    6. Не пашырайце межы вызначэння мовы варожасці. Не варта выключаць з рэдакцыйных тэкстаў зразумелыя спажыўцу інфармацыі і даўно зафіксаваныя вызначэнні (“нямецка-фашысцкія захопнікі”, “інвалід”  і да т.п.). Кіруйцеся маральнасцю і здаровым сэнсам, каб не ператварыць мову СМІ ў рафініраваную, загрувашчаную “паліткарэктнымі” клішэ, якімі немагчыма адлюстраваць складанасць і шматграннасць жыцця.


    [1] https://ec.europa.eu/commission/presscorner/detail/en/MEMO_18_262

    [2] https://rm.coe.int/ecri-general-policy-recommendation-no-15-on-combating-hate-speech-russ/16808b5b07

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці