Замежным партнёрам даводзіцца тлумачыць, што беларускія незалежныя СМІ не могуць зарабляць самастойна — Вячорка
У Офісе Святланы Ціханоўскай спадзяюцца, што да верасня ўдасца здабыць падтрымку беларускім незалежным СМІ, якой цяпер не хапае, паведаміў «Позірку» галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Франак Вячорка. Фота: Facebook
“Наша задача, каб незалежныя СМІ мелі ўсю неабходную падтрымку, каб маглі працягваць працу: і традыцыйныя СМІ, і блогеры, і іншыя медыяпраекты. Бо гэта дазваляе, па-першае, захоўваць сувязь паміж беларусамі, якія выехалі, і тымі, хто застаўся, і, па-другое, супрацьдзейнічаць лукашэнкаўскай прапагандзе. Таму СМІ — гэта аснова”, — падкрэсліў Вячорка.
Паводле яго слоў, штогод, каб здабыць падтрымку для грамадзянскай супольнасці, рэпрэсаваных, праваабаронцаў, незалежных СМІ, яе трэба адвакатаваць. “Сёлета многія рэдакцыі сутыкнуліся з праблемай фінансавання. Можа, яго і не стала менш, але патрэбы СМІ, каб выконваць сваю работу, павялічыліся. І мы гэта тлумачым замежнікам. Многія не разумеюць, што СМІ не могуць зарабляць грошы самастойна, браць рэкламу, няма прыватных спонсараў, як гэта было раней — вось такія базавыя рэчы даводзіцца тлумачыць нашым замежным партнёрам”, — адзначыў суразмоўца.
Вячорка паведаміў, што сярод мэт красавіцкіх сустрэч Ціханоўскай з уладамі Канады і Нарвегіі, а таксама з міністрамі замежных спраў краін “Вялікай сямёркі” (G7) ў Італіі было здабыванне дапамогі беларускім незалежным СМІ.
“Гэта займае пэўны час, гэта складана, зараз фокус на Украіне ў першую чаргу. Але мы тлумачым, што падтрымка беларускіх незалежных СМІ — гэта ў тым ліку ўскосная падтрымка Украіны”, — адзначыў суразмоўца.
Ён бачыць “пагрозу і праблему” найперш у тым, што “ёсць шмат іншых сусветных крызісаў: і ваенных (Блізкі Усход, Украіна, Тайвань), і гуманітарных (Афрыка ў першую чаргу)”. “І тыя, хто размяркоўвае дапамогу на развіццё розных рэгіёнаў, не заўжды ставяць Беларусь пунктам № 1. Гэта трэба тлумачыць”, — сказаў Вячорка.
Акрамя таго, “ёсць і праблема ў тым, што беларускія СМІ ўспрымаюць як расійскамоўныя, і таму некаторыя партнёры размяркоўваюць дапамогу для беларускіх і расійскіх СМІ разам, маўляў, тыя і тыя вяшчаюць на адну расійскамоўную прастору”.
“Мы тлумачым, што беларускія і расійскія СМІ працуюць на розныя аўдыторыі, гэта розны кантэнт. Беларускія медыя робяць у тым ліку беларускамоўны кантэнт. Гэта важна і для беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму дапамога беларусам павінна ісці асобна ад расіян”, — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.
Агульную сітуацыю з незалежнымі СМІ ён назваў “складанай, але не драматычнай”. “Дзякуючы сустрэчам Ціханоўскай, працы усіх дэмакратычных сіл, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Прэс-клуба ўсё-такі ў партнёраў ёсць разуменне спецыфікі працы СМІ”, — сказаў Вячорка.
На яго думку, незалежныя беларускія мас-медыя “нашмат больш прагрэсіўныя за многія заходнія”, “праца ў такіх складаных умовах патрабуе высокага прафесіяналізму, крэатыву, і менавіта беларускія СМІ могуць шмат чаму навучыць заходніх партнёраў, у тым ліку як супрацьдзейнічаць прапагандзе лукашэнкаўскай і пуцінскай”.
З‑за фінансавых цяжкасцяў у апошні час спынілі працу некалькі медыяпраектаў, частка СМІ знізіла заробкі сваім супрацоўнікам. Незалежныя беларускія грамадска-палітычныя СМІ вымушаны працаваць за мяжой з‑за пагрозы крымінальнага пераследу на радзіме. Улады ў Мінску лічаць іх “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” і/або такімі, што вырабляюць “экстрэмісцкія матэрыялы”. За кратамі ўтрымліваецца 35 супрацоўнікаў СМІ.
