• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітычная аналітыка стала нехадавым таварам? Спыталі ў экспертаў

    Наколькі запатрабаванай застаецца аўтарская аналітыка сёння, калі ў Беларусі фактычна няма палітычнага жыцця, а ў інфармацыйным полі пануе шэрасць? Што ў такой сітуацыі рабіць палітычным журналістам: сушыць пёры ці пісаць пра рэцэпты баршчу і надвор’е? Пра выклікі і перспектывы якаснай журналістыкі разважаем разам з медыяэксперткамі Вольгай Лойка і Надзеяй Белахвосцік.

    Вольга Лойка і Надзея Белахвосцік, палітычная журналістыка

    Вольга Лойка і Надзея Белахвосцік. Калаж: БАЖ

    Шрайбмана і сёння чытаюць. Чаму?

    Беларускае грамадства вельмі палярызаванае, рэпрэсіі з кожным днём узмацняюцца, журналісты, выціснутыя рэжымам за мяжу, часта збіваюцца ў бок эміграцыйнай тэматыкі. Не спрыяюць пашырэнню аўдыторыі СМІ і брутальныя захады ўладаў: праз забароны і пераслед нелаяльнай публікі, вайну з іншадумствам цікаўнасць да незалежных медыя і колькасць іх падпісчыкаў увесь час зніжаюцца. 

    Галоўная рэдактарка выдання «План В» Вольга Лойка лічыць, што «з улікам жахлівай фрагментацыі грамадства сёння цяжка казаць аб тым, што якасная палітычная журналістыка запатрабаваная». І дадае:

    — Актывізм — ярчэй і болей задзірысты, ён прывабнейшы, чым сур’ёзная журналістыка. І часта калегі збіваюцца ў гэты бок, каб зняць уласнае напружанне.

    Экспертка праекта Медыя IQ Надзея Белахвосцік такое меркаванне падзяляе не да канца:

    — І цяпер ёсць запыт на якасную палітычную журналістыку. Але ён больш, як мне падаецца, персаналізаваны. Людзі хочуць пачытаць аналітыку, хочуць нейкіх ацэнак, прагнозаў. Таму аўдыторыя абірае журналістаў, палітолагаў, гісторыкаў, словам, экспертаў, якім давярае. У журналістыцы цяпер час персанальных постацяў, час індывідуальнасцяў. Возьмем таго ж Арцёма Шрайбмана — у яго вялікая аўдыторыя, і яна не змяншаецца. Людзі яму давяраюць, чытаюць, слухаюць. Талент заўжды прыцягвае да сябе ўвагу.

    Надзея Белахвосцік дадае: незалежная журналістыка сёння збольшага стала ананімнай, што «таксама не спрыяе даверу чытача да медыя». Матэрыялы ноўнэймаў, на жаль, у вачах аўдыторыі не выглядаюць якаснай публіцыстыкай, на думку суразмоўцы.

    — З пункту гледжання бяспекі мы рэдка называем імёны герояў, прозвішчы аўтараў і экспертаў. А людзі, вядома, хочуць ведаць, чые думкі яны чытаюць, з кім камунікуюць, — дзеліцца развагамі экспертка.

    Вольга Лойка звяртае ўвагу на тое, што за якую б тэму журналіст сёння ні браўся, яна ўсё роўна будзе палітычнай:

    — Выклікі, што паўсталі перад беларускімі журналістамі і незалежнымі медыя, вельмі складаныя, шматгранныя. Яшчэ нядаўна ніхто з нас не думаў, што такое ў прынцыпе магчыма ў эпоху інтэрнэту. Самы складаны выклік палягае ў тым, на маю думку, што незалежныя медыя адарваныя ад сваёй аўдыторыі. Не толькі праз тэхнічныя захады, такія як блакіроўка сайтаў, але і праз небяспеку для людзей. Чытаць і падпісвацца на большасць незалежных медыя небяспечна.

    Працаваць з эмоцыямі людзей. Як?

    Не кожны медыярэсурс паводле сваёй канцэпцыі можа сканцэнтравацца на забаўляльным кантэнце, пісаць пра рэцэпты баршчу ці надвор’е. Калегі і чытачы часта спрачаюцца таксама, ці варта ў матэрыялах згадваць Лукашэнку – маўляў, занадта шмат гонару для дыктатара, шмат негатыўных асацыяцый з яго прозвішчам.

    Але калі мы не будзем згадваць пра Лукашэнку, ён нікуды ад гэтага не падзенецца. Хочам мы таго ці не, але гэты чалавек дэ-факта прымае рашэнні, ад якіх залежыць лёс Беларусі. Іншая рэч, што не варта толькі абсмоктваць яго цытаты ці смяяцца з іх. Мусіць капаць глыбей, аналізаваць, прагназаваць, што чакае краіну заўтра. І такія матэрыялы таксама знаходзяць свайго чытача.

    Надзея Белахвосцік упэўнена, што уплыў айчыннай незалежнай прэсы на беларускае грамадства значна большы, чым расійскіх незалежных медыяў на расійскае грамадства.

    — Як даносіць да людзей аб’ектыўную інфармацыю, праз якія формы — гэта тое, над чым нам, прадстаўнікам незалежных медыяў, трэба думаць, — працягвае экспертка. – Ёсць розныя даследаванні ў гэтым кірунку, розныя гіпотэзы. Вельмі папулярная гіпотэза на Захадзе пра тое, што важна працаваць з эмоцыямі людзей. Не падманваць іх, але не забываць рабіць акцэнт і на тым, што выклікае сімпатыю, годнасць, надзею, пяшчоту. Калі распавядаць толькі пра жахі, людзі хутка стомяцца. І гэта натуральна для чалавечай натуры: мы не можам доўга трымацца ў атмасферы безнадзейнасці.

    Фота: Miguel Á. Padriñán для pexels.com

    Вольга Лойка ўпэўнена, што сыходзіць у лайфстайл можна, але тады гэта трэба рабіць усёй рэдакцыяй альбо ствараць нейкі асобны праект.

    — Існуе стомленасць ад палітычных навін, але попыт на палітычных каментатараў таксама ёсць.

    Я не бачу прычын адмаўляцца ад палітычнай журналістыкі. Як і не бачу асаблівага сэнсу ва ўмовах рэпрэсій пісаць пра лайфстайл якой-небудзь Качанавай. Мы такім чынам не вырашаем праблему стомленасці ад рэвалюцыйнага парадку, негатыўных навін (апроч зняцця стрэсу для аўтара, магчыма). Гэта псеўдапалітычная журналістыка.

    — І тут, канешне, паўстае пытанне, што рабіць, што пісаць і для каго. Спрэчкі наконт гэтага ўвесь час ідуць і ў журналісцкім асяроддзі, – працягвае Надзея Белахвосцік. — Але праблема нават не ў тым, што людзі стаміліся чытаць матэрыялы пра палітыку. Тут пра выклік нам, журналістам, — як пісаць цяпер на палітычныя тэмы, як іх падаваць, якой мовай, з якім фокусам. Бо пісаць пра палітыку, эканоміку, грамадства, культуру, гісторыю варта, але неяк так, як раней не пісалі. Наша незалежная журналістыка, якой і так заўсёды было несалодка, ніколі не была так адарваная ад аўдыторыі, ад Беларусі. І гэта вялікая трагедыя.

    Незалежныя медыя ці «БТ наадварот»?

    Беларускія СМІ ў сённяшніх умовах фактычна апынуліся па два бакі барыкад. Як у такіх умовах не ператварыць палітычную журналістыку ў прапаганду? Як не стаць антыазаронкам і «БТ наадварот»? Як публіцысту захаваць аб’ектыўнасць? Як правесці гэтую рысу? З аднаго боку, мы маем прапаганду. З іншага — незалежная журналістыка фактычна ва ўмовах інфармацыйнай вайны.

    Ці дапушчальна нам, незалежным журналістам, паварочвацца ў бок прапаганды, аргументуючы гэта тым, што мы, маўляў, працуем на баку светлых сіл?

    Вядома, што ў журналіста ёсць свая грамадзянская пазіцыя, незалежны журналіст не прымае гэты рэжым хаця б таму, што рэжым душыць свабоду слова, выціскае нас з краіны, пазбаўляе магчымасці займацца прафесіяй.

    — Але адсутнасць сімпатыі да рэжыму не з’яўляцца падставай для парушэння канонаў прафесіі, – заўважае Надзея Белахвосцік. — Праект «Медыя IQ» займаецца маніторынгам стандартаў журналістыкі, як іх прытрымліваюцца медыі. На вялікі жаль, не ўсе незалежныя рэсурсы іх трымаюцца. Гэта не датычыцца збольшага буйных медыя, але іншыя СМІ гэтым грашаць.

    У мяне часам пытаюцца: ці не час ужо пачынаць контрпрапаганду? Але. на думку супрацоўнікаў нашага праекту, не існуе такога вызначэння. Ёсць толькі прапаганда. І гэта ўжо іншае пытанне — з якога яна боку.

    Што робіць прапаганда? Яна маніпулюе эмоцыямі аўдыторыі, хлусіць ёй.

    — Дзеля гэтага аўтару не трэба ні правяраць факты, ні пацвярджаць крыніцы, ні прыводзіць лагічныя доказы. У выпадку контрпрапаганды гэта азначала б тое ж самае. Але незалежныя журналісты не могуць выкарыстоўваць такія прыёмы ў сваёй працы. Тым не менш такое здараецца. І як супрацьстаяць апазіцыйнай прапагандзе — гэта цяпер сур’ёзны выклік, — разважае спадарыня Надзея.

    Фота: Miguel Á. Padriñán для pexels.com

    Прапаганда — гэта заўсёды дрэнна, пагаджаецца Вольга Лойка.

    — Калі гэта аўтарская калонка, дзе ты штосьці прапагандуеш, гэта ні добра, ні кепска, гэта жанр такі. Але ствараць антыазаронка — гэта ўжо штосьці іншае, не бачу ў гэтым ніякай неабходнасці. Калі мне і маім калегам пагражаюць у дзяржаўных медыя — гэта парушэнне закону. Такія дзеянні трэба спыняць. Але не лічу, што я павінна апускацца да таго, каб пагражаць ім у адказ, — разважае экспертка.

    — Вельмі важна паказваць у матэрыялах два бакі медаля. Часам цяжка даваць два меркаванні, бо адно з іх цябе раз’юшвае па змаўчанні. Але журналіст заўсёды мусіць заставацца журналістам і рабіць сваю працу якасна. Асабліва цяпер, калі многія медыйшчыкі пішуць ананімна, — дадае Вольга Лойка. — Калі немагчыма запытаць меркаванне якога-небудзь ЦВК Беларусі, то так і трэба пісаць, маўляў, я не магу.

    Парушэнне стандартаў прафесіі — гэта заўсёды дрэнна. Дрэнна і тое, што цяпер, на жаль, іх так ці інакш але даводзіцца парушаць.

    — Крыніцы недаступныя, карэспандэнцкай сеткі амаль няма, інтэрв’ю нам даваць забаронена, магчымасць дадатковага фактчэкінгу немажлівая, — пералічвае Вольга. — Але важна ў матэрыялах агаворваць усе гэтыя рэчы і ў любым выпадку імкнуцца захоўваць стандарты прафесіі. Інакш мы скоцімся ў актывізм, а гэта ўжо зусім іншы від дзейнасці.

    Надзея Белахвосцік прыгадвае досвед Украіны, якой зараз даводзіцца абараняць сваю зямлю ад расійскага нападу:

    — Побач з намі, ва Украіне, адбываецца сапраўдная вайна, і інфармацыйная вайна з’яўляецца яе неад’емнай часткай. Мы бачым, што Украіна вядзе інфармацыйную вайну свядома і на сур’ёзным узроўні. Нашыя ўкраінскія калегі не хаваюць, што «стандарты мы трохі адклалі ўбок». У нас жа трошкі іншая сітуацыя. Хоць на нашым баку і маральная перавага, але гэта не падстава займацца прапагандай у незалежных медыя, гэта непрымальна. Мне непрыемна чытаць, глядзець ці чуць прапагандысцкую рыторыку ў некаторых незалежных СМІ. Гэта ўжо не журналістыка, і так мы ні да чаго не прыйдзем.

    Фота: Ann H для pexels.com

    Як бачым, якасная палітычная журналістыка перажывае не самыя лепшыя часы, але гэта не нагода апускаць рукі альбо сыходзіць у прапаганду з адваротным знакам. Трэба працягваць упарта рабіць сваю справу, захоўваць прафесіяналізм і шукаць новыя формы падачы кантэнту.

    Вядома, ва ўмовах рэпрэсій, ва ўмовах запалохвання і страху ў грамадстве спадзявацца на рэкордныя прагляды не выпадае. Разам з тым якасны кантэнт і сёння знаходзіць свайго чытача, хай сабе і не масава. Але тут варта згадаць 2020 год, калі папулярнасць палітычных медыяў ў прамым сэнсе зашкальвала. Так што трэба трымаць у галаве, што калі ў Беларусі з’явіцца акно магчымасцяў, якасная палітычная журналістыка зноў будзе ў топе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    «Медиазона» часто пишет новости о том, как заключенных отправляют в ШИЗО, ПКТ или переводят на тюремный режим. В колониях политзаключенные не сидят в камерах, а живут в бараках, ходят на работу по улице. Но даже этих «удобств» можно лишить. По сути, осужденные отбывают двойное наказание — часто по надуманным поводам — мерзнут в одиночных камерах, дышат хлоркой и не получают письма. «Медиазона» рассказывает, как наказывают тех, кто уже наказан заключением в колониию и СИЗО.
    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці