• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пан Гі Мун: СМІ з’яўляюцца нашымі вачамі і вушамі

    Арганізацыя Аб'яднаных Нацый занепакоеная тым, што сродкі масавай інфармацыі ў многіх краінах сутыкаюцца з усё большымі перашкодамі ў ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці, гаворыцца ў заяве генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна да Сусветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца 3 мая.

    «Я вельмі занепакоены павелічэннем у многіх краінах перашкод, з якімі сутыкаюцца супрацоўнікі СМІ, — сказана ў заяве, тэкст якой апублікаваны на афіцыйным сайце ААН. — Абмежаванне свабоды слова — гэта кайданы для самога прагрэсу. У Сусветны дзень свабоды прэсы я заклікаю ўсе ўрады, палітыкаў, бізнесменаў і грамадзян спрыяць незалежнай і свабоднай прэсе і абараняць яе. Без гэтых фундаментальных правоў людзі будуць менш свабоднымі і слабымі. З імі ж мы можам працаваць разам на ўсеагульнае дабро».

    Пан Гі Мун адзначае, што «сёння журналісты занадта часта знаходзяцца пад пагрозай і пераследуюцца, ім чыняць перашкоды і нават забіваюць, калі тыя спрабуюць здабыць інфармацыю». «Многія з іх пакутуюць у зняволенні, утрымліваюцца ў жахлівых умовах за спробу праліць святло на памылкі ўрадаў, злачынствы карпарацый і сацыяльныя праблемы», — канстатуе ён.

    Кіраўнік ААН падкрэслівае, што выкананне правоў чалавека, развіццё дэмакратычных грамадстваў і ўстойлівае развіццё ў цэлым наўпрост залежаць ад свабоднага распаўсюду інфармацыі, а права на атрыманне інфармацыі залежыць ад свабоды прэсы. «Кожны год мы адзначаем гэты дзень, каб у чарговы раз звярнуць увагу на гэтыя асноватворныя прынцыпы, стаць на абарону незалежнасці прэсы і аддаць даніну павагі тым супрацоўнікам СМІ, якія рызыкавалі сваім жыццём і пазбавіліся яе, выконваючы свой абавязак», — гаворыцца ў заяве.

    Пан Гі Мун таксама нагадаў, што сёлета Сусветны дзень свабоды прэсы супаў з юбілеем трох важных падзей — 250-годдзем першага ў свеце закона аб інфармацыі, які дзейнічаў на тэрыторыі сённяшніх Швецыі і Фінляндыі, 25-годдзем прыняцця Віндхукскай дэкларацыі аб прынцыпах свабоды прэсы, а таксама першай гадавінай выканання мэт устойлівага развіцця.

    Свабодны распаўсюд інфармацыі і сама свабода прэсы неабходныя ў тым ліку для таго, каб людзі маглі патрабаваць ад лідараў адказнасці за выкананне абавязацельстваў, якія тыя на сябе ўзялі, адзначае Пан Гі Мун. «СМІ, уключаючы інтэрнэт-СМІ, якія ўсё больш набіраюць абароты, з’яўляюцца нашымі вачамі і вушамі. Усе мы выйграем ад інфармацыі, якую яны падаюць», — падкрэсліваецца ў заяве.

    Між тым Беларусь па-ранейшаму адносіцца да ліку краін з найгоршымі паказчыкамі ў сферы свабоды СМІ.

    Так, згодна з апошняй справаздачай, якую днямі апублікавала міжнародная праваабарончая арганізацыя Free­dom House, Беларусь атрымала статус «краіны з несвабоднай прэсай» і ўвайшла ў дзясятку краін з найгоршай сітуацыяй у сферы свабоды прэсы. Горш, чым у Беларусі, на думку Free­dom House, ідуць справы толькі ў Паўночнай Карэі, Туркменістане, Узбекістане, Крыме і Эрытрэі.

    У сваю чаргу міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» змясціла Беларусь на 157‑е месца са 180 у Індэксе свабоды прэсы за 2016 год.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці