• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Перадача «імя Лукашэнкі»: навошта дзяржтэлеканал узяўся разбіраць скаргі ў TikTok

    На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» выйшла першая перадача, у назве якой згадваецца імя Аляксандра Лукашэнкі. Працаўнікі імітуюць бурлівую дзейнасць, пераязджаюць з гораду ў горад. А ўсё для таго, каб разабрацца, ці мела рацыю жанчына з Магілёва, калі паскардзілася на звальненне ў першы дзень пасля выхаду з дэкрэту.

    «Белсат» разбіраецца, каму і для чаго спатрэбілася такая перадача.

    Тэлевізар. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pix­abay

    Ці чуюць людзей

    Перадача «У панядзелак дойдзе да Лукашэнкі» пачынаецца са слоганаў: «Інтэрнэт-рэвізія», «Фэйкі да адказу», «Людзей чуюць – і гэта галоўнае!»

    «Кароткае відэа ў сеціве. Што гэта? Крык пра дапамогу ці апошняя спроба звярнуць на сваю праблему ўвагу? А можа, гэта проста фэйк? Правядзём вялікую рэвізію інтэрнэт-прасторы і адфільтруем лішняе», – пачала перадачу вядоўца Анастасія Бенедзісюк.

    Яна абяцае, што «такога на беларускім тэлебачанні яшчэ не было». Сапраўды так, перад усім праз назву, у якой згадваецца Аляксандр Лукашэнка.

    У першай перадачы цыклу разбіраюць сітуацыю жанчыны, якая паскардзілася на тое, што яе звольнілі ў першы дзень пасля выхаду з дэкрэту. Відэа настолькі кароткае, што нічога акрамя сэлфі, надпісу пра сітуацыю і закадравага голасу Лукашэнкі, у ім няма.

    Працаўнікі дзяржаўнага тэлебачання з’ездзілі з Менску ў Магілёў і Гомель, паказалі відэа са старонкі жанчыны, запісалі ейную пазіцыю і пазіцыю кіраўніцтва фабрыкі «8 сакавіка». Апошняе называла запіс відэа «правакацыяй» і казала пра тое, што іх былую працаўніцу нехта «разгойдаў».

    Часткай сюжэту сталі каментары пад першапачатковым відэа і скрыншот з незалежнага медыя з клапатліва замазаным лагатыпам, а таксама зварот жанчыны ў дзяржструктуру, на якой цалкам бачныя ейныя імя, прозвішча і хатні адрас. Бенедзісюк падчас сюжэту дапускала ацэначныя заявы не на карысць гераіні: «Вакол шмат паваленых дрэваў. І адзін канкрэтны ахвочы ўзяць на кантроль тут усё і ўсіх – Юлія». Важнай задачай аказалася даказаць, што жанчына звольнілася сама, маўляў, яе не выгналі з працы. Гераіня падчас сюжэту распавяла, што ў яе ўсё цудоўна, прэтэнзіяў не мае, атрымлівае дапамогу ад дзяржавы.

    Перадача «У панядзелак дойдзе да Лукашэнкі»

    Скаргі гераіні перадачы «У панядзелак дойдзе да Лукашэнкі». Скрыншот з відэа: NEWS.BY: новости Беларуси и мира / Youtube

    Задача перадачы – «даць адлуп тым, хто не меў права пісаць свае скаргі»

    Старэйшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што перадача ў пэўным сэнсе стала рэакцыяй на тое, што ролікі ў Tik­Tok мелі рэзананс, і пачалося ўсё з таго, што ў лютым-сакавіку прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант сказала, што «Лукашэнка чытае Tik­Tok».

    «Мы тады яшчэ нават пасмяяліся, што ён чытае, а не глядзіць відэа ў Tik­Tok. Але, так ці інакш, была прапанова, каб людзі звярталіся, і «мы адсочым вашыя скаргі». У красавіку мы пабачылі пагрозы ў пэўным сэнсе: «Ай-ай, вы там фэйкі распаўсюджваеце ў Tik­Tok». Відавочна, што гэта была рэакцыя на тое, што пэўныя звароты ў Tik­Tok мелі рэзананс», – кажа эксперт.

    І ў выніку «з’явілася такое бюракратычнае і інфармацыйнае, прапагандысцкае развязанне гэтай сітуацыі: яны прапанавалі праграму, якая і імітуе зваротную сувязь з грамадствам, і адначасова змагаецца з тым, што яны называюць фэйкамі».

    «Свабодная інфапрастора з гледзішча Мінінфармацыі характарызуецца як хаос». Вадзім Мажэйка — пра стварэнне Беларускай асацыяцыі блогераў

    «У кінакласіцы было такое, што планаваліся арышты і святкаванні, вырашылі іх аб’яднаць. Вось тут атрымалася так, што арышты і святкаванні аб’ядналі ў адным флаконе. Заяўлена, што гэта будзе перадача, дзе «рэпарцёры БТ дапамагаюць развязаць рэальныя праблемы і выводзяць на чыстую ваду фэйкі». Але па-сапраўднаму гэта трошкі іншае. Гэта не журналістыка пра праблемы людзей, разборы скаргаў, праблемныя артыкулы», – мяркуе медыяэксперт.

    Паўлюк Быкоўскі перакананы, што сапраўдная задача перадачы – «даць адлуп тым, хто не меў права пісаць свае скаргі»:

    «Гэта, хутчэй, інструмент кіравання інфармацыйным полем: дзяржава выступае ў ролі брамніка, які адныя скаргі прапускае, а іншыя не. Вось гэтыя скаргі нам падабаюцца, яны правільныя, яны датычаць таго, дзе мы гатовыя штосьці рабіць насустрач. А вось гэта – няправільныя. І тут разбор ідзе або таму, што яны не мелі на гэта права, або таму, што не стаіць такая задача. Можна сказаць, што гэты чалавек не мае права скардзіцца, бо ён немаральны, неэтычны і гэтак далей. Як мы і пабачылі ў гэтай перадачы».

    Крок да «пакаянных» відэа на БТ

    Медыяэксперт нагадвае, што «пасля 2020 года даць вольніцу для нармальнай зваротнай сувязі» ўлады «не адважваюцца, але імітаваць яе робіцца ўсё больш складана».

    «І вось яны ўхапіліся за магчымасць рэагаваць і сартаваць скаргі ў Tik­Tok, каб выконваць гэтую функцыю. Людзі бачаць штось фармальна падобнае да таго, як мусіць быць: мы можам паскардзіцца – і на скаргу адрэагуюць. Але адначасова бачна, што прайшліся і па маральных якасцях заяўніцы, хаця гэта не датычыць самой сітуацыі», – патлумачыў медыяэксперт.

    Ён уважае перадачу пасткай для ўдзельнікаў і не выключае, што ў будучыні давядзецца яшчэ і перапрасіць за скаргі ў кароткіх відэа: «Мы памятаем сезон «пакаянных» відэа, калі людзей прымушалі ў ГУБАЗіКу выказвацца, што яны не мелі рацыі і цяпер раскайваюцца. Цяпер, хутчэй за ўсё, будуць раскайвацца за тое, што рабілі скаргі. Такія дробныя прыклады ўжо ёсць, але выхад на нацыянальны экран з такой перадачай падобны да таго, што гэта можа стаць сістэмнай з’явай».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.