«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: праекты і сацсеткі журналістаў Максіма Жбанкова і Аляксандра Чарнухі і іншыя рэсурсы
Міністэрства інфармацыі 22 студзеня ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Рашэннем суда Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ад 16 студзеня, «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаная старонка ў Instagram з назвай «Ситуация следующая» (ідэнтыфікатар instagram.com/smthnhappened). Стваральнікі прэзентавалі свой рэсурс як «СМІ. Навіны Беларусі». Старонка мае 134 падпісчыкі і апошні раз абнаўлялася амаль два гады таму.
17 студзеня суд Савецкага раёна Мінска пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй змест старонкі ў Instagram з назвай filin.by (ідэнтыфікатар instagram.com/filin.by). Гэта ўжо паўторнае «ўганараванне»: 8 студзеня падобнае рашэнне прыняў суд Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. «“Филин” у Інстаграме — гэта разумныя інтэрв’ю добрых людзей», — так характарызуюць рэсурс яго стваральнікі.
17 студзеня суд г. Жодзіна Мінскай вобласці вырашыў, што «экстрэмісцкім» з’яўляецца Telegram-канал «Беларусь комiкс» (ідэнтыфікатар t.me/belarus_comics). Канал мае 84 падпісчыкі, апошняя сатырычная карцінка была размешчаная там напрыканцы 2023 года.
Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 17 студзеня «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны змест Youtube-канала «Народны дэпутат» (ідэнтыфікатар youtube.сom/@vtb.NarDEP.onIine). Раней у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо былі ўключаны Telegram-канал «Народны дэпутат» і старонка vtb.nardep.online ў Instagram. Праект «Народны дэпутат» — гэта адкрытая анлайн-пляцоўка, на якой абмяркоўваюцца, сацыяльныя, эканамічныя, культурныя праблемы Віцебска і Віцебскай вобласці.
Паводле рашэння суда Партызанскага раёна Мінска ад 21 студзеня ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма былі ўключаныя адразу некалькі рэсурсаў. У тым ліку Youtube-канал з назвай «Мiнiстэрства сепультуры» (ідэнтыфікатар youtube.com/@minsepultury) — гэта медыяпраект журналіста Аляксандра Чарнухі пра беларускую музыку. А таксама суполка ў Telegram пад назвай «Беларусская музыка» (ідэнтыфікатар t.me/charnuxa) і старонка пад назвай «ministar_sepultury» ў Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/ministar_sepultury?igsh=dm15YWrZ3E4bjJz).
«Экстрэмісцкай инфармацыйнай прадукцыяй» былі прызнаныя і старонкі ў сацыяльных сетках культурніцкага крытыка і журналіста Максіма Жбанкова. Той жа суд Партызанскага раёна Мінска рашэннем ад 21 студзеня абвясціў небяспечнымі для чытачоў Instagram-акаўнт журналіста (ідэнтыфікатар instagram.com/zhbankou_?igsh=MWZtyYmVtcjVrNWdoaw==), старонку ў Facebook (ідэнтыфікатар facebook.com/zhbankou), суполку ў Telegram «Max Zhbankou» (ідэнтыфікатар t.me/zhbankou) і YouTube-канал пад назвай «ШокингКульт» (ідэнтыфікатар youtube.com/@Zhbankou).