• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праз два гады пасля забароны Eўраcаюзу расійскія сайты RT і Sputnik па-ранейшаму даступныя ў яго краінах

    Агульнаеўрапейскія санкцыі павінны былі заблакаваць лёгкі доступ да сайтаў двух ключавых крамлёўскіх СМІ, якія, на думку ЕС, распаўсюджваюць прапаганду і дэзынфармацыю.

    Але балканская служба Радыё Свабода выявіла, што гэтыя сайты ўсё яшчэ даступныя.

    Глыбока ў самым сэрцы Эўрапейскага Зьвязу, у будынках «Эўрапейскага кварталу» ў сталіцы Бэльгіі, ёсьць яскравыя доказы слабасьці гэтага блякаваньня.

    Карэспандэнт Балканскай службы Радыё Свабода змог атрымаць доступ да вэб-сайтаў і сэрвісаў стрымінгавай перадачы каналаў RT (раней вядомы як Rus­sia Today) і Sput­nik без выкарыстаньня VPN альбо іншых інструмэнтаў абыходу з будынкаў выканаўчага органа ЭЗ, Эўрапейскай Камісіі і Эўрапейскай Рады, якая вызначае агульны палітычны парадак дня і кірункі разьвіцьця ЭЗ, але не вядзе перамоваў і не прымае заканадаўства.

    Вэб-сайты былі даступныя на некалькіх мовах, нягледзячы на «тэрміновае прыпыненьне» іх Эўрапейскай радай у першыя тыдні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

    У Бруселі кантэнт RT і Sput­nik — відэа, тэксты і іншае — даступны на ангельскай, францускай, нямецкай, сэрбскай, гішпанскай і арабскай мовах.

    Каманда Балканскай службы Радыё Свабода таксама выкарыстоўвала віртуальныя прыватныя сеткі (VPN), каб выдаць сябе за карыстальнікаў з 19 іншых краін-сябраў Эўразьвязу, і ў кожным выпадку можна было без праблем дабрацца да вэб-сайтаў RT і Sput­nik.

    Лёгкасьць доступу — гэта відавочны ўдар па беспрэцэдэнтных намаганьнях Захаду пакараць Расею за ўварваньне і змагацца зь яе патокам дэзынфармацыі, якая мае на мэце апраўданьне або раскрутку канфлікту.

    «Санкцыі распаўсюджваюцца на ўсе спосабы перадачы і распаўсюджваньня, у тым ліку праз кабэль, спадарожнік, IPTV… вэб-сайты і дадаткі», — заявіў Радыё Свабода Ёганэс Барке, прэс-сакратар Эўрапейскай камісіі, адказны за лічбавую эканоміку, дасьледаваньні і інавацыі.

    «Усе адпаведныя ліцэнзіі, дазволы і дамоўленасьці аб распаўсюджваньні прыпыненыя», — заявіў ён.

    Барке і іншыя афіцыйныя асобы ЭЗ, а таксама зьнешнія экспэрты, кажуць, што выкананьне забароны самімі 27 краінамі-чальцамі ЭЗ і іх адпаведнымі органамі або агенцтвамі натыкаецца на перашкоды.

    Каб выканаць забарону, адзначаюць назіральнікі, улады кожнай дзяржавы павінны зьвярнуцца да мясцовых пастаўшчыкоў паслуг з просьбай закрыць доступ да вэб-сайтаў, якімі кіруе Расея. Яны кажуць, што самы бясьпечны мэтад — забараніць дамэны і пэўныя адрасы вэб-сайтаў на нацыянальным узроўні.

    «Нацыянальныя ўлады вызначаюць адпаведныя дзяржаўныя органы або агенцтвы, адказныя за выкананьне санкцый, у залежнасьці ад сэктару, на які распаўсюджваюцца канкрэтныя санкцыі», — заяўляе Тынатын Чэрвадзэ, экспэрт па эўрапейскіх санкцыях Інстытуту адкрытага грамадзтва, няўрадавай арганізацыі, створанай і фінансаванай мільярдэрам Джорджам Сорасам.

    У сфэры СМІ, мяркуе яна, рэалізацыю санкцый пакінулі на волю інтэрнэт-правайдэраў.

    Балканская служба Радыё Свабода зьвярнулася па тлумачэньні да канкрэтных пастаўшчыкоў паслуг у Бэльгіі, дзе знаходзяцца інстытуты Эўразьвязу, і да Міністэрства тэлекамунікацыяў Бэльгіі, але за два тыдні адказу не атрымала.

    Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заснаваў свой флягманскі праект EUvs­Dis­in­fo ў 2015 годзе. Ён кажа, што RT і Sput­nik — «не мэдыйныя арганізацыі, а зброя падману з боку Крамля».

    На вэб-сайце EUvs­Dis­in­fo гаворыцца, што галоўная мэта праекту — каб грамадзкасьць лепш усьведамляла і разумела расейскі ўплыў і апэрацыі па дэзынфармацыі, а таксама разьвіцьцё супраціву лічбавай інфармацыі і маніпуляцыям расейскіх СМІ.

    «Расея суправаджае сваю незаконную вайну супраць украінскага народу інфармацыйнай вайной і агрэсіўнай ваеннай прапагандай у глябальным маштабе», — заявіў 23 студзеня Пэтэр Стана, прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў (EEAS).

    Вяшчаньне RT на нацыянальных мовах было забароненае ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Літве да санкцый ЭЗ, якія былі ўведзеныя пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

    Экспэрты ад імя бэльгійскай юрыдычнай фірмы Sim­mons & Sim­mons адзначылі ў чэрвені мінулага году, што «ў сьвятле вайны ва Ўкраіне» і папраўкі да рэглямэнту ЭЗ № 833/2014 ліцэнзіі на вяшчаньне расейскіх вяшчальнікаў былі «ануляваныя», а «ліцэнзіі на вяшчаньне або дамоўленасьці аб дазволе, перадачы і распаўсюджваньні зь некаторымі СМІ, такімі як Rus­sia Today і Sput­nik, прыпыненыя з 1 сакавіка 2022 году».

    Яны дадалі: «Дзяржавы-чальцы ЭЗ ня маюць права прымяняць менш строгія правілы да вяшчальнікаў, але могуць уводзіць больш жорсткія правілы ў дачыненьні да пастаўшчыкоў аўдыёвізуальных мэдыяпаслуг, якія знаходзяцца пад іх юрысдыкцыяй, пры ўмове, што [гэтыя правілы] не парушаюць асноўных правоў».

    Чытайце яшчэ:

    Папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў: дадатак у Google Play «Радыё Свабода», старонкі «Еўрарадыё» ў сацсетках і іншыя рэсурсы

    Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў

    Саша Раманава: «Цяпер перыяд ахалоджвання да пратэснага парадку дня і пошуку новых аўдыторый і стратэгій»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці